Выбрать главу

— Сакрэт фірмы, Валянціна Іванаўна,— адказала яна, неяк узяўшы сябе ў рукі — а каго і чаго гэта я павінна баяцца! — Магу падарыць, вам будзе да твару.

— Ну, ну, падары! — Валянціна Іванаўна ўсё яшчэ ўсміхалася, але ў класе зрабілася ціха, як перад навальніцай у полі: усе разумелі, што зараз нешта адбудзецца, нейкі выбух.— Цікава-а!

Вераніка дастала з парты сваю сумку, пакорпалася ў ёй і выцягнула касметычку — невялікую пярэстую сумачку для розных касметычных прычындалаў. Разам з касметычкай выслізнуў і ўпаў на падлогу нейкі прадаўгаваты пачак. Валянціна Іванаўна імгненна нахілілася, падняла яго, і ў яе стала цёмна ў вачах: гэта былі супрацьцяжарныя пілюлі.

Вераніка заўважыла сваю прамашку, але ўжо было позна.

— Аддайце.— У Веранікі нават шыя пачырванела і зрабілася млосна, яна ледзьве ўтрымалася на нагах.— Вазьміце памаду, а гэта аддайце.

— Што? Што гэта? — праляцеў па класе недаўменны шэпт і сціх пад спакойным паглядам Валянціны Іванаўны.

— Нічога,— абыякава сказала яна, паклаўшы пачак у кішэню жакета.— Накладныя вейкі. А ў нашай Веранікі свае такія прыгожыя, што гэтыя ёй проста непатрэбны. Зойдзеш на перапынку да мяне ў кабінет, я табе іх аддам. А зараз схавай сваю касметычку і сядай. Не будзем траціць дарагі час. Вы ведаеце мае адносіны да касметыкі і сучаснай моды, яны не змяніліся, хоць вы ўжо выпускнікі і людзі амаль дарослыя. Але пакуль вы ў школе — вы школьнікі. Я згодна на сёе-тое заплюшчыць вочы, але ва ўсім патрэбна мера. Калі б я прыйшла на ўрокі ў доўгай вячэрняй сукенцы, вы першыя з мяне пасмяяліся б. Мера, густ, адпаведнасць — прашу вас памятаць пра гэта. А цяпер пяройдзем да ўрока.

Неўзабаве ў класе ўсталявалася спакойная рабочая атмасфера, якая заўсёды панавала на ўроках Валянціны Іванаўмы, і ўсе нават думаць забыліся пра нешта дробязнае, нязначнае, што адбылося паміж Веранікай і дырэктарам. Толькі Вераніка сядзела ні жывая ні мёртвая і пакутліва думала, што цяпер будзе. Вось ужо паматае душу! Скажу, што знайшла… гдупства… што адна сяброўка папрасіла перадаць другой… Вось гэта ўжо нешта: папрасіла перадаць, а што гэта такое — ліха яго ведае. Можа, ад галавы?..

Гэта быў самы доўгі ўрок у яе жыцці. Калі нарэшце празвінеў званок, Вераніка ўстала, узяла сваю сумку, быццам ведала, адчувала, што больш ніколі сюды не вернецца, і, незалежна ўскінуўшы галаву, выйшла з класа.

Яны моўчкі ішлі побач па шырокім калідоры, і школьнікі, што, як гарох, высыпалі са сваіх класаў, пачціва расступаліся перад імі. У канцылярыі, адкуль вялі дзверы ў яе кабінет, Валянціна Іванаўна коратка кінула Тэрэзе Восіпаўне: «Да мяне — нікога!» — прапусціла Вераніку і, відаць, на ўсялякі выпадак павярнула ключ.

— Сядай!

Вераніка панура села за доўгі стол. Ад яе фанабэрыстасці не засталося і следу: у кабінеце дырэктара сядзела разгубленае дзяўчо, якое з хваляваннем чакала, што з ёю зараз будзе. Але, ахопленая гневам і агідай, Валянціна Іванаўна не бачыла гэтага. Перад ёю былі сама разбэшчанасць, атрута, ракавая пухліна, што пагражала знішчыць усё тое, чаму яна аддала сваё жыццё, і адзінае, пра што яна думала: ці паспела гэта пухліна пусціць метастазы, ці закранулі яны душы іншых дзяўчынак з 10 «Б».

— Дастань ручку, паперу. Дастала? Пішы. Дырэктару школы Жураўскай В. I. Так. 3 другога радка. Вучаніцы дзесятага класа «Б» Акімавай В. М. Заява. У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам… Пішы, пішы! Напісала? …прашу памагчы мне ўладкавацца на работу і перайсці вучыцца ў вячэрнюю школу. Кропка. Подпіс.

— Я не буду гэтага пісаць,— ціха, амаль бязгучна, сказала Вераніка.— Я… Я хачу вучыцца тут. Вы не маеце права! Я — дарослы чалавек, у мяне ёсць пашпарт…

Валянціна Іванаўна ўздыхнула.

— Так, ты — дарослы чалавек. Зусім дарослы. А тут вучацца дзеці. Хоць у іх таксама ёсць пашпарты. Разумееш? I табе няма чаго сярод іх рабіць. Ім нельга дыхаць адным з табою паветрам, а не тое што разам вучыцца.

— Што ж я такога зрабіла? — Вераніка ўзняла вочы і сустрэлася позіркам з Валянцінай Іванаўнай. Дырэктар глядзела на яе з такой агідай, што яна ўзлавалася.— Што я такога зрабіла, што вы гоніце мяне са школы? Забіла, украла, абразіла? Чаму вы не пацікавіліся: можа, яны не мае, гэтыя пілюлі?

— Мяне гэта не цікавіць. Твае, не твае — якая ўрэшце розніца? Я не збіраюся з табою спрачацца — у мяне няма для гэтага ні жадання, ні часу. У цябе няма выйсця, ты напішаш гэту заяву, і ўсё, што адбылося, застанецца паміж намі, даю табе слова. Больш таго, я сёння ж дамоўлюся ў камісіі па справах непаўналетніх, каб цябе ўладкавалі на работу, і перадам у вячэрнюю школу твае дакументы. Калі ж ты адмовішся пакінуць нашу школу, так сказаць, добраахвотна, я вымушана буду паставіць пытанне пра цябе на педсавеце і цябе выключаць за амаральныя паводзіны. I тут ужо пазбегнуць розных непрыемных размоў не ўдасца. Вядома ж, яны дойдуць і да тваіх аднакласнікаў, і да твайго бацькі. Не думаю, што гэта якраз тое, чаго ты сама хочаш. Урэшце, мая прапанова прадыктавана клопатам пра тваю будучыню.