Выбрать главу

— Ах, якая вы клапатлівая! — з’едліва ўсміхнулася Вераніка: зразумеўшы, што ўсё скончана, што са школы так ці інакш яе выпруць, яна супакоілася.— Якая вы добрая і спагадлівая… Доўга я буду памятаць вашу дабрату. Між іншым, шчыра кажучы, мне даўно ўжо абрыдала ў вашым куратніку.— Яна падпісала заяву і ўстала з-за стала.— Але дарэмна вы лічаце наш дзесяты «Б» дзецьмі. Вы ведаеце пра нас толькі тое, што самі хочаце ведаць, а мы ўжо даўно выраслі з кароценькіх спаднічак і штонікаў. А цяпер — аддайце мае пілюлі. Ці, можа, яны вам самой патрэбны? Дык іх у нашай аптэцы навалам, рубель пачак.

Валянціна Іванаўна паклала заяву ў сейф, дастала з кішэні пачак і грэбліва кінула на стол.

— Заўтра ў тры гадзіны прыйдзеш на пасяджэнне камісіі ў райвыканком. Толькі знімі гэтыя транты, для «цяжкага матэрыяльнага становішча» яны занадта шыкоўныя і дарагія.— Яна адамкнула дзверы.— Ідзі дамоў, у класе табе больш няма чаго рабіць.

Праз тыдзень Вераніка ўжо працавала вучаніцай прадаўца ва універсаме і хадзіла ў вячэрнюю школу. У 10 «Б» так ніхто і не ведаў, што адбылося паміж ёю і Валянцінай Іванаўнай, чаму яна раптам кінула школу. А Вераніка, каб не гаварыць пра гэта, старанна пазбягала сваіх былых сяброў і сябровак.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

1

Валянціна Іванаўна вярнулася на Юбілейную плошчу, дачакалася свайго аўтобуса. Было шэсць гадзін, пікавы час, аўтобус прыйшоў перапоўнены, але натоўп падхапіў яе, занёс у адчыненыя дзверы, а ўжо там нейкі немалады мужчына далікатна саступіў ёй месца. «Добра ж, відаць, я выглядаю, калі мне даюць месца, як якой-небудзь бабульцы»,— падумала яна, але падзякавала і села. Заходзілі і выходзілі пасажыры, вадзіцель называў у мікрафон прыпынкі, над самай галавой суха шчоўкаў кампосцер, абсыпаючы яе дробным дожджыкам канфеці,— яна нічога не бачыла і нічога не чула. Чамусьці гагрынская набярэжная мроілася ёй, з натапыранымі мяцёлкамі пальмаў і вялізнымі белымі кветкамі магнолій, і яна з Арсенам ішла па гэтай набярэжнай і смяялася, смяялася… 3 каго або чаго?..

На сваім прыпынку яна ачомалася, сышла, і зноў аднекуль узяліся сілы: дамоў яна ішла лёгка і спорна, тут быў яе раён, яе ўладанні, тут ніхто — ні дзеці, ні іх бацькі — не павінен быў убачыць яе стомленай, знясіленай, ніхто не павінен быў здагадацца, што ёй дрэнна. Вышэй галаву, выпрамі спіну, крок упэўнены, цвёрды — раз-два, раз-два… Валянціна Іванаўна ніколі не блытала асабістае з грамадскім. Гэта быў адзін з яе галоўных прынцыпаў.

У пакоі Андрэя шалеў магнітафон, чулася нейкая валтузня. Валянціна Іванаўна пастукала, прачыніла дзверы. Андрэй і Ліда Нячай сядзелі на канапе чырвоныя, разгубленыя, Ліда нервова папраўляла на грудзях блузку. «Куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй»,— падумала яна, кіўком павіталася і зачыніла дзверы. Прайшла ў ванную, распранулася і стала пад душ.

Цёплая вада ліўнем абрынулася на яе, змываючы пыл, і пот, і стому сённяшняга дня, і Валянціна Іванаўна стаяла пад гэтым выратавальным ліўнем, звесіўшы рукі. Добра, ах як добра! А цяпер яшчэ трошкі халоднай. Яшчэ халоднай. Ну і хопіць, ужо ідзе толькі халодная, чаго добрага, захварэю. Закрыла краны, вылезла, да чырвані расцерлася каляным шурпатым ручніком, захуталася ў купальны халат, абкруціла галаву, каб высахлі валасы, і прайшла ў спальню. Разабрала ложак, нырнула пад коўдру і стаілася, як мышка ў норцы.

Праз няшчыльна прычыненыя дзверы яна чула, як Андрэй праводзіў Ліду. Патаптаўся нечага ў прыхожай, потым пастукаўся да яе.

— Заходзь,— дазволіла Валянціна Іванаўна.

Андрэй вучыўся ў другой школе. Валянціна Іванаўна не магла дазволіць, каб нехта гаварыў, што яе сыну ставяць добрыя адзнакі толькі таму, што яго маці — дырэктар. Не магла дазволіць, каб і ставілі — падхалімаў хапае. Таму ён з першага класа ездзіў за пяць прыпынкаў на аўтобусе ў спецыялізавацую англійскую школу і свае пяцёркі зарабляў сам, чым нямала ганарыўся і перад бацькамі, і перад сябрамі ў двары.

Практычна ні яна, ні Арсен сынам не займаліся, не хапала часу. Але ён рос надзіва самастойны і мэтанакіраваны. Сам рабіў урокі, разаграваў сабе абед, прыбіраў у сваім пакоі. Гадоў у пяць ён цяжка перахварэў адзёрам, парушыўся тлушчавы абмен, хлопчык пачаў таўсцець. Ужо ў восьмым класе бацькавы кашулі не сыходзіліся ў яго на жываце. У дзевятым Андрэй спахапіўся — ці то закахаўся, ці то мянушкі абрыдлі, але ён пачаў бегаць, плаваць, адмовіўся ад вячэры, ад булачак і цукерак і даволі хутка скінуў дзесяць кіло: воля і характар у яго былі матчыны, жалезныя. Цяпер перад Валянцінай стаяў прыгожы семнаццацігадовы хлапчына, не худы, але і не надта перакормлены, з шэрымі, як у яе, дапытлівымі вачыма і цяжкаватым бацькавым падбародкам, апрануты ў джынсы і венгерскую кашулю з металічнымі гузікамі, на каўнер якой спадалі доўгія, мяккія, як чэсаны лён, валасы. Кандыдат на залаты медаль, у ліку дзесяці лепшых мінскіх школьнікаў Андрэй шэсць месяцаў вучыўся ў Англіі, у Кембрыджы,— такім сынам можна было ганарыцца, і Валянціна Іванаўна ў душы ганарылася, хоць выгляду перад ім не паказвала.