Выбрать главу

Ён сеў на пуфік, закінуў нагу за нагу, сашчапіў на калене рукі. Збянтэжана ўсміхнуўся:

— Не падумай благога… мы займаліся і слухалі музыку.

— Разумею.— Валянціна Іванаўна прыўзнялася вышэй на падушцы.— Гэтыя заняткі… яны не скончацца тым, што Ліда прынясе ў прыполе? Сваёй маці ці нам?

— Што ты, мама,— засмяяўся Андрэй.— Цяпер толькі цёмныя дурніцы прыносяць у прыполе, а Ліда — чувіха разумная, ёй гэта не пагражае. Не бойся, у бліжэйшыя пяць-сем гадоў ніякіх глупстваў са мной не здарыцца.

— «Чувіха»… Ты кахаеш яе?

Андрэй таргануў плячом.

_ Мама, гэта дзевятнаццатае стагоддзе. А мы жывёі у дваццатым. Каханне — атавізм, перажытак мінулага. Мы — партнёры, нам разам добра, весела, цікава. Абрыдзее — я знайду другую і яна знойдзе другога, вось і ўся праблема.

Ёй аж холадна зрабілася ад гэтага адкрытага цынізму і яна вышэй нацягнула коўдру.

— Мы з бацькам разводзімся.

— Я чую пра гэта ўсё сваё жыццё,— абыякава адказаў ён.— То бацька разводзіцца з табой, то ты з ім. Разышліся б ужо нарэшце і скончылі мучыць адно аднаго.

— Для цябе гэта так проста?

— А што тут складанага? Даруй, але калі б у мяне была такая жонка, як ты, я кінуў бы яе праз месяц пасля вяселля. Такім, як ты, наогул нельга выходзіць замуж, раджаць дзяцей. Ты — фанатычка, ты служыш аднаму богу — сваёй школе. Некалі гэтым займаліся манахіні, і гэта правільна. Школа і сям’я, калі працаваць у школе, як ты, не спалучаюцца. Таму ўсё ваша жыццё нічога не вартае: ты цягнула ў свой бок, а бацька ў свой.

У яе зашчымела сэрца, востра-востра, аж халодны пот выступіў на лбе, але Андрэй не заўважыў гэтага. Пагойдваючы нагой і пазіраючы на насок свайго чаравіка, ён кідаў у яе словы-камяні, цяжкія і вострыя, і яна сцякала крывёй ад болю.

— Ты — няўдачніца, мілая мама. Ты магла стаць вядомай спявачкай — і не стала ёю. Магла выбіцца ў буйныя дзяржаўныя або грамадскія дзеячы — я ж памятаю вашы спрэчкі, калі табе прапанавалі стаць загадчыцай райана, потым — намеснікам старшыні райвыканкома… Тата ўгаворваў: ідзі, табе столькі дадзена, чаго ты трымаешся за сваю школу, як тапелец за саломіну… Ты адмовілася. А дырэктрыса семдзесят шостай пайшла — і цяпер яна першы намеснік міністра асветы, а ты ж не дурнейшая за яе. Ты нічога ў жыцці не хацела, акрамя сваёй работы, на іншае ў цябе проста не хапала фантазіі. Ты аднабаковая, як флюс,— вось твая бяда. А аднабаковасць, фанатызм робяць людзей абмежаванымі. I наш бацька няўдачнік. Ну, чаго ён дасягнуў у жыцці? Выдатны журналіст, а праседжвае штаны за сто пяцьдзесят рублёў у месяц. Цудоўны знаўца экалагічных катастроф — увесь кабінет завалены папкамі з матэрыяламі, а апрацоўвае чужыя кніжачкі, бо лянуецца ці не можа напісаць сваю. Каб яму тваю энергію, магчыма, ён нечага і дабіўся б, але энергіі ў яго і няма. Ты ж сама гаварыла: сузіральнік. А вінаватая ў гэтым ты. Ты падмяла яго пад сябе, прымусіла займацца тым, чым звычайна займаюцца жанчыны, вось ён і бунтуе. Але раней гэта быў бунт на каленях, можа, цяпер… не ведаю. Я ўжо дарослы, праз два месяцы я паеду ў Маскву, паступлю ў інстытут… Што мне ад вас трэба? Пяцьдзесят — сто рублёў? Дык вы мне іх і так прышляце, разведзяцеся вы ці будзеце жыць разам.

3 усяе яго прамовы яна пачула толькі адно слова: «Масква» — і схамянулася.

— Чаму ў Маскву? Чым табе дрэнны наш інстытут?

— Не той прэстыж, не тыя магчымасці.— Андрэй соладка пацягнуўся.— Масква — гэта Масква, што тут гаварыць. Мне, мілая мамачка, трэба пачынаць з нуля, вы мне не памочнікі. Гэта ў Ліды бацькі — дыпламаты, яны ёй дарожку ў інстытут міжнародных адносін дыванамі высцелюць, я ж павінен разлічваць толькі на свае сілы і на свае здольнасці. Але я прарвуся, не сумнявайся, зубамі прагрызу. Пасля першага курса пайду ў армію. Зямлю буду есці, а ў партыю ўступлю, у арміі гэта няцяжка. Няхай потым хто паспрабуе мяне ўтрымаць!