Выбрать главу

— А як жа я? — спытала яна.— Я ж разлічвала, што ты будзеш яшчэ пяць гадоў жыць са мной… Няўжо ты пакінеш мяне зусім адну?

— Чаму адну? Ах, я і забыўся, вы ж разводзіцеся. Вось што, мама, калі будзеце дзяліць маёмасць, машыну — мне. Я ж таксама маю права на нейкую частку нашай маёмасці. Прадам, грошы спатрэбяцца. Ну, добра, адпачывай, я пайду займацца.

Андрэй выйшаў, а яна ляжала ў ложку, як у труне, ужо памёршая, пахаваная ўжо, ужо засыпаная цяжкай гарой зямлі, і слёзы тачыліся з яе вачэй. Каго я нарадзіла, божа, бязгучна шаптала яна,— каго я карміла сваімі грудзямі, каго насіла на руках ночы навылёт, кім ганарылася перад людзьмі… Жорсткі эгаіст, бяздушны і цынічны, як яго бацька, толькі, у адрозненне ад бацькі, мэтанакіраваны і дзейсны. Так, ён прагрызе сабе дарогу зубамі і «партнёршу» знойдзе адпаведную, з вострымі зубкамі і вострымі локцямі, ён зойме сваё месца пад сонцам і нікому не дазволіць, каб на яго падаў цень, але ці будзе ён ад гэтага шчаслівы?

Божа, божа, жорсткі, няўмольны божа, ты забраў у мяне мужа, навошта ж ты забраў і сына, а ты ж забраў яго. Як я магла праглядзець яго, чаго варты ўвесь мой педагагічны вопыт, калі я не здолела заўважыць, убачыць, што мілы добры хлопчык паціху, неўпрыкметку ператвараецца ў халоднага нягодніка. «Я ж таксама маю права на нейкую частку нашай маёмасці…» Гэтак ён адказаў на маю мальбу не кідаць мяне ў самы горкі час майго жыцця: што яму я, што Арсен, што нашы лёсы… Мы ж для яго толькі няўдачнікі, не маці і бацька, а няўдачнікі, якія не назапасілі для яго ні грошай, ні патрэбных сувязей.

Вось яна — расплата за маё сумленнае жыццё, за мой, як яны абодва гавораць, «фанатызм». Што ж ён даў тысячам дзяцей, якіх я вучыла? Я ж вучыла іх дабру і сумленнасці і вывучыла — колькі цудоўных людзей вырасла з тае малечы, якой я адцавала ўсё сваё жыццё, два дзесяткі гадоў! Шавец ходзіць без ботаў, катэгарычны імператыў, вечны, як сама зямля. Я зрабіла людзьмі тысячы дзяцей, а свой сын вырас вылюдкам. Дык навошта яно, усё маё жыццё?..

2

Алачка ехала ў аэрапорт. Новы аэрадромны комплекс каля Смалявіч яшчэ толькі будаваўся, і Мінск быў, бадай, адзіным горадам у краіне, дзе сучасныя рэактыўныя і турбавінтавыя самалёты ўзляталі і садзіліся ледзь не ў цэнтры — да плошчы Леніна дзесяць мінут на тралейбусе. Жылыя кварталы ўжо даўно абступілі аэрапорт з усіх бакоў і пакрочылі далей, да кальцавой дарогі. Жыць у гэтым раёне было цяжка, ад рову магутных рухавікоў, што не сціхаў ні днём ні ўначы, у навакольных дамах звінелі шыбы, жыхары пакутавалі, клялі авіяцыю, цывілізацыю і гарвыканком і цярпліва чакалі густых асенніх і вясенніх туманоў, адзінага часу, калі аэрапорт аціхаў. Затое тым, хто прылятаў і адлятаў з Мінска, было зручна: каб даехаць дадому, патрабавалася куды меней часу, чым на тое, каб дачакацца з самалёта сваіх рэчаў.

Таму Алачка не спяшалася. Выехала, каб быць у аэрапорце, як і патрабавалася, за гадзіну да адлёту.

Яна ехала ў тралейбусе, паклаўшы невялікі чамаданчык на калені, і паглядала ў акно. Шалёная злосць, крыўда, ад якой муціўся розум, даўно прайшла, скруцілася клубочкам на донцы душы, як сыты сабака. Ёй ужо шкада было і Ірыну, і Чумакова, і Жураўскага, і яго жонку — усіх, чыё жыццё, чые лёсы яна сёння так бязлітасна паламала. Яна ведала нястрыманы характар Валянціны Іванаўны, Арсен у свой час багата расказаў Алачцы пра яе, і нібы бачыла, як тая бяжыць на пачатку сёмай на вуліцу Дзімітрава, у яе кватэру, каб застукаць іх. Чумакоў не пабяжыць, усё-такі мужчына, ён так сябе не зняважыць, а вось жанчына, звар’яцелая ад рэўнасці, прыбяжыць,— і што там будзе, божа літасцівы, што там будзе!..

Бедная Ірына, з халоднай яснасцю падумала Алачка,— я сама справакавала яе і сама прадала, а чым жа яна вінаватая, што пакахала гэтага нягодніка? Яна была мне добрай сяброўкай, шчырай, спагадлівай, сапраўды ж, калі я захварэла, яна з месяц не адыходзіла ад мяне, як маці, а ў яе ж не менш клопату, чым у маіх дзяўчат. I хоць для кожнай з іх я зрабіла куды болей, чым для Ірыны, ніхто не няньчыўся са мною, як яна. Я прадала яе, хоць бы я не званіла Чумакову, дрэнь гэтакая, навошта я яму пазваніла, я ж хацела насаліць толькі Жураўскаму, а для гэтага дастаткова было пазваніць яго жонцы. Дык жа не, мне хацелася выпэцкаць у гразі іх абаіх, яе шчасце стала мне ўпоперак горла, і я не змагла з ім змірыцца. Чаму яна, а не я, чым яна ўжо гэтак лепшая за мяне? Ну, ростам вышэйшая, але ж каханне на метры не мераюць, ну, можа, трошкі прыгажэйшая з твару, дык жа і з твару, гавораць, не ваду піць. Яна ж таўсцейшая за мяне, раскармілася за апошнія гады, і вочы касаватыя, і ногі як бутэлькі. Можа, больш начытаная, больш інтэлігентная? Не ведаю, не ведаю, я ніколі не адчувала сябе побач з ёю дурніцай, пра што ні ўзнікала б гаворка: пра новыя работы Глазунова і Савіцкага, Плісецкай і Абразцовай, Свірыдава і Рыхтэра, Айтматава, Быкава, Вазнясенскага…