Выбрать главу

За што наогул мужчына кахае жанчыну? За нейкія пэўныя якасці? Глупства, за якасці жэняцца — гаспадарлівая, працавітая, ласкавая… Вядома, калі жэняцца без кахання, калі іх, гэтыя якасці, ацэньваюць, як халадзільнік у магазіне. Лепш набыць ЗІЛ, чым «Юрызань», ён надзейны ў рабоце, вялікі, ціха працуе… А вось за што кахаюць? Няўжо каханне — вечны самападман, чароўная казачка, прыдуманая пісьменнікамі і паэтамі? Не, я сама кахаю, я ведаю, што гэта не выдумка, што гэта дзівоснае пачуццё, калі хочацца смяяцца і плакаць адначасова. За што людзі любяць кветкі, сонца, лес, зоркі ў небе… За тое, што яны ёсць, за тое, што яны ўпрыгожваюць наша жыццё, надаюць яму нейкі сэнс, якога мы і самі часам не можам зразумець. Відаць, тое ж і з каханнем. Кахаюць не за што, не за нешта, каханне — гэта стан душы, а не стан разважлівага розуму, гэта душа, якой раптам адчыняецца ўсё хараство, уся прыгажосць сусвету.

Вось такой стала мая душа, калі я адчула, што кахаю Ареена.

Гэты таўстун Лаўрыновіч… Гэта ж яму я ўрэшце павінна дзякаваць за тое, што хоць нядоўга, але адчувала сябе шчаслівай,— а колькі на свеце жанчын, што і жыццё пражывуць, а так і не зведаюць, з чым яго, тое шчасце, ядуць... І я ж пашкадавала яму сёння раніцай дзесятку! Божа, божа, якая нізасць, якое свінства, я ж ніколі не была сквапнай, няўжо мала таго мярзотнага, агіднага, што жыве ўва мне? Не, пэўна, не, мяне ўжо трэсла ліхаманка, як яна трасе, відаць, кожнага, хто рыхтуецца да забойства, я ўжо адчувала сябе забойцам, ужо пераступіла ў душы цераз нейкую рысу, пасля якой чалавек перастае быць чалавекам,— вось чаму я не дала яму грошай…

За акном тралейбуса мільгалі старыя дамы МаскоўскаЙ вуліцы, брудныя, абшарпаныя. Вось тут, на рагу, кадя гастранома, яна сустрэла Лаўрыновіча, потнага, заклалочанага, з пластыкавай сумкай у руках і нязменнай цыгаркай у роце.

— Дрэнь справы, старая,— сказаў ён, пыхкаючы дымам і выціраючы лоб бруднай пакамечанай насоўкай: Лаўрыновіч усіх называў «старымі», нават сваіх дзяцей.— Жураўскі з жонкай распляваўся, а сам захварэў, ляжыць у бальніцы адзін, як сабака, а мяне, як на тое, у камандзіроўку выперлі, праз гадзіну трэба ў Брэст ехаць на тыдзень. Схадзіла б хоць ты да яго, га, старая?.. Ты ж яго ведаеш, цудоўны чалавек, а жыццё нейкае нягеглае, ліха яго матары.

Яшчэ нічога не вырашыўшы, яна спытала, у якой бальніцы, у якой палаце ляжыць Жураўскі, і нават забылася на тую размову, а ранічкай яе нібыта чорт падхапіў з пасцелі. і яна кінулася на кухню варыць булён: якраз учора купіла свежую курыцу.

…Алачка ведала, адчувала, што Жураўскі абыякавы да яе,— жыве з ёю, бо яму гэта зручна, бо няма куды падзецца: нават самыя гарачыя абдымкі не ашукаюць жанчыну, якая кахае. Але ёй дастаткова было і таго, што кахала яна. Недзе тлела ў душы кволая надзея, што яе каханне абудзіць яго, сэрца ж не камень… Нездарма ж гавораць, што кожны сам каваль свайго шчасця. Але Алачка, відаць, была кепскім кавалём, ёй так і не ўдалося распаліць яго сэрца ў горне сваіх пачуццяў, каб яно стала мяккім і падатлівым, яе молат біў не па жалезе, а па накавальні. I калі яна зразумела гэта, яна сама спакавала яго чамадан: едзь і будзь шчаслівы.

Яна не раўнавала яго да жонкі, ён належаў ёй не толькі па праву, азначанаму штампам у пашпарце, але і па праву кахання, дык чаго ж тут было раўнаваць; калі паквапіўся на чужое, дык трэба заўсёды быць гатовым да таго, што яго аднойчы забяруць. Але дараваць яму Ірыны яна не магла. Асабліва калі зразумела, што гэта — не распуста, а, відаць, сапраўды каханне. Амаль год яна збірала ў душы здосць і боль, каб сёння выліць, выплюхнуць усё і ачысціцца, але ачышчэнне не прыйшло. Наадварот, стала яшчэ горш.

Калі Алачка нарэшце прыехала, рэгістрацыя пасажыраў толькі-толькі пачалася. Часу яшчэ было шмат, яна стала ў доўгую чаргу і паволі пасунулася да білетнай стойкі. Перад ёю стаяў каржакаваты, гадоў трыццаці пяці-сарака мужчына ў светла-шэрым, у чырвоную іскарку касцюме, з вялікай спартыўнай сумкай на плячы. Мужчына азірнуўся і прыязна ўсміхнуўся Алачцы, як добрай старой знаёмай, і яна не стрымалася, усміхнулася яму ў адказ. У яго быў чыста паголены грубаваты твар — цвёрдыя абветраныя скулы, квадратны, раздвоены глыбокай ямкай падбародак, прамы, з добрую храпку нос, тоўстыя губы. Густыя каштанавыя валасы, ледзь кранутыя сівізной, закрывалі лоб, грывай звісалі над халоднымі вачыма. А ўсмешка нечакана шырокая, па-дзіцячы непасрэдная і шчырая. Асветлены гэтай усмешкай, жорсткі твар яго падаўся Алачцы добрым і нават прыгожым, не прытарна-саладжавай, а строгай мужчынскай прыгажосцю, і шчымліва знаёмым. Яна, безумоўна, недзе бачыла гэтага чалавека, але не магла прыгадаць, дзе і калі, і гэта яшчэ больш распальвала яе цікаўнасць.