Выбрать главу

Між тым яны наблізіліся да стойкі, і мужчына адступіў, прапускаючы яе наперад, і — «Дазвольце?» — паставіў яе чамаданчык на вагі. Алачка кіўком падзякавала яму, зарэгістравала білет і адышла. Праз якую хвіліну мужчына падышоў да яе.

— Не палічыце за нахабства, але да пасадкі яшчэ дваццаць мінут. Ці не выпіць нам па кубачку кавы?

«Ну і зух! — падумала Алачка.— А ён часу не марнуе!» — і нечакана для сябе згадзілася.

— Тады давайце, можа, пазнаёмімся? Мяне завуць іван Уладзіміравіч. Можна проста іван.

— Можна,— згадзілася Алачка.— А прозвішча ваша Раманоўскі, так? — Вось чаму ёй падалося, што яна недзе бачыла ўжо гэтага чалавека, ён жа выліты Раманоўскі, начальнік аддзела кадраў выдавецтва, Уладзімір Аляксандравіч, усе кропелькі пабраў. Толькі той стрыжэццц коратка, пад «вожыка», а гэты грыву на вочы напусціў, вось і ўся розніца.

Іван Уладзіміравіч разгубіўся.

— Вы часам не тэлепат?

— Не. Я добра ведаю вашага бацьку, а вы — бацькаў сын. Мы з Уладзімірам Аляксандравічам разам працуем. Ён у вас цудоўны стары, яго ўсе вельмі любяць. Дарэчы, мяне завуць Ала Барысаўна Чмялёва, можна проста Ала.

Вузенькая далонька Алачкі з доўгімі тонкімі пальцамі схавалася ў яго шырокай, як рыдлёўка, руцэ, Іван Уладзіміравіч асцярожна паціснуў яе, і яна міжвольна адзначыла, што далонь у яго сухая, халодная.

— Так, дзед у нас цудоўны.— Раманоўскі крануў яе за локаць і павёў да стойкі кавярні.— Старая гвардыя, тры вайны прайшоў, лічы, усё жыццё ў страі. I кім, калі не сакрэт, вы там, у сваім выдавецтве, працуеце?

— Галоўным рэдактарам,— адказала яна, убачыла, што вочы ў яго зрабіліся сумныя, быццам на іх цень упаў і засмяялася.— Жартую, жартую, я машыністка.

Раманоўскі шумна выдыхнуў паветра з грудзей.

— Гэта лягчэй. А то вы мяне ледзь не да смерці напалохалі. Страшэнна баюся рэдактараў, асабліва галоўных. Бацька расказваў, што яны ўсе такія разумныя, такія вучоныя, што побач з імі звычайны чалавек адчувае сябе дурнем і нікчэмнасцю.

— Ён перабольшвае, ваш бацька.— Алачка разлічылася за каву, Іван Уладзіміравіч палез быў у кішэню, але яна так паглядзела на яго, што ён паспешліва выхапіў руку.— Людзі як людзі. Ёсць разумныя, адукаваныя, начытаныя, а ёсць і не вельмі… Ну, а вы хто, што так баіцеся адчуць сябе нікчэмнасцю?

— Я? — Раманоўскі памяшаў лыжачкай у кубку.— Ведаеце такую казачку: было ў бацькі тры сыны — два разумныя, а трэці… Дык я якраз трэці, самы малодшы. У нас Сцяпан — генерал, ракетчык, дзве акадэміі скончыў, разумнік, якіх мала. Міхась — доктар біялагічных навук, вучоны, кніжак напісаў навуковых цэлую паліцу. А я — шафёр, як часам гавораць — шафяруга.— Ён паціснуў плячыма, быццам сам дзівіўся, што гэтак непадобны на сваіх выдатных братоў.— Ліха яго ведае чаму, але за парту мяне і калом было не загнаць. Браты грыэлі навуку, як арэхі, іхнімі граматамі і дыпломамі можна кватэру паклеіць замест шпалераў, а мяне ледзь выпхнулі з восьмага класа. Скажу вам па шчырасці, што я і восьмы не агораў бы, каб настаўнікам не абрыдла са мной важдацца. Колькі я з іх крыві папіў, успомніць страшна.— Ён выцер папяровай сурвэткай губы, таргануў за вузел гальштука.— Ну, не ведаю… Я ж ужо ладны кавалак жыцця пражыў, і не дэбіл які і не дурань, не горшы за іншых людзей, але што ж ты са мной зробіш, калі не лезе навука ў маю галаву, хоць ты яе гвалтам пхай. 3 маленства больш цягнула нешта рукамі зрабіць, вечна ў гаражы ды ў школьнай майстэрні ашываўся. Я самы складаны рухавік з заплюшчанымі вачыма разбяру і збяру, я на слых чую, што з ім робіцца, дзе яму што баліць, да мяне нашы інжынеры кансультавацца ходзяць, не саромеюцца, а тэарэма Піфагора яшчэ і сёння — вышыня недасягальная. А шафёр я добры, вы не думайце, машына ў мяне заўсёды як лялечка, і фотакартка на Дошцы гонару вісіць, аж выгарала. Дальнабойшчык, так нас называюць. У мяне чэшская «Алка» — вялізная такая фура, вось я і катаюся на ёй па ўсёй краіне.

— А цяпер у адпачынак?

— Ага,— кіўнуў ён.— Ведаеце, якое дзіва: дзе мяне толькі чэрці не насілі! I ў Арктыцы быў, і ў Сібіры, і на Далёкім Усходзе, і на Мангышлаку, куды ваду на верталётах прывозяць, а на Чорным моры — ніколі ў жыцці. Вось першы раз выправадзілі. Наш Міхась, ну, каторы біёлаг, жыве ў Гурзуфе, а працуе ў Нікіцкім батанічным садзе. Прыехаў з сям’ёй да бацькоў на месяц, а мне ключы ад сваёй кватэры аддаў: едзь, браце, хоць пабачыш, якая прыгажосць ёсць на свеце. Адным словам, як абселі мяне — угаварылі, хоць я і ўпіраўся, як бык. Што мне там рабіць, на тым моры, калі я плаваю, як калун? Ды і сумна аднаму…