Выбрать главу

— Чаго ж вы ляціце без жонкі, без дзяцей? Такія ўмовы — асобная кватэра ў Гурзуфе, а вы… Толькі не кажыце, што вы халасцяк, я проста перастану вас паважаць.

Раманоўскі паставіў свой кубак на сподачак і правёў рукой па твары, быццам сціраючы з яго ўсмешку, і Алачка ўбачыла, як ён зноў акамянеў, стаў жорсткі і суровы.

— Мая жонка памерла тры гады назад.— Іван Уладзіміравіч паляпаў сябе па кішэнях, дастаў цыгарэты, закурыў, прагна глынуў дыму. I раз, і другі…— Я вельмі кахаў яе, ажаніўся васемнаццацігадовым, перад арміяй, а ёй яшчэ і семнаццаці не было, нас ледзьве распісалі. Толькі таму, што яна ўжо чакала дзіця. А дзіця памерла на чацвёртым месяцы, я ўжо служыў, дзяўчынка, Галінкай назвалі, Галачкай. Крупознае запаленне лёгкіх… У такога немаўляці крупознае запаленне…— Ён адвярнуўся, пэўна, каб Алачка не бачыла яго твару,— Мяне адпусцілі на дзесяць дзён, а што тыя дзесяць дзён… Тамара пластом ляжала, як яна сама выжыла, як я тую армію даслужыў… Не ведаю. Відаць, маладосць… толькі маладосць… Цяпер дык я сам звар’яцеў бы ад гора.— Раманоўскі дасмактаў сваю цыгарку і прыкурыў ад яе новую.— Не ведаю, чаму я вамі усё гэта расказваю, я нікому пра гэта не расказваў, відаць, чалавеку трэба некалі паспавядацца, аблегчыць душу. Папы і ксяндзы разумелі людзей куды больш за нашых гарлапанаў-агітатараў. Яны адно ведаюць: давай, шуруй-укалвай! А што ў цябе на душы, каму якая справа, абы паказчыкі высокія: тона-кіламетры, эканомія гаручага, мотарасурсу…

Ён прынёс свежай кавы, паставіў кубкі на столік.

— Потым у нас доўга не было дзяцей. Тамара цяжка захварэла. Панкрэатыт… паскудная штука. Лекі, дыета, дыета, лекі… Гадоў дзесяць я кожнае лета вазіў яе ў Жалезнаводск, баяўся адну адпускаць, вельмі яна была слабенькая, кволая. Там ёй рабілася трохі лепш, вада памагала, ванны, гразі, але… Урачы забаранілі ёй радзіць, баяліся, што не вытрывае. А яна нарадзіла мне сына, Валодзю,— мы ўсіх сваіх першынцаў назвалі Валодзямі, у гонар бацькі,— і Сцяпан, і Міхась, і я. Усё гаварыла: не стане мяне, дзіця застанецца, усё табе не так горка будзе. Ну, вось і ўсё. Валодзьку ўжо сёмы год, сёлета пойдзе ў першы клас. Мужык… Я вельмі хацеў узяць яго з сабой на мора, маці не дала. Яна мне яго наогул не давярае, баіцца, што сапсую хлопца, распешчу; вельмі я яго люблю. Кажа: пройдзе час, ажэнішся, пабачу, што добрую жанчыну ўзяў, здолее яму матку замяніць,— аддам, а не — сама буду глядзець, пакуль жывая.— Іван Уладзіміравіч зноў усміхнуўся.— Яна ў нас — камандзірша, з ёю не паспрачаешся.

— Даруйце,— сказала Алачка.— Даруйце, што растрывожыла вас.

— Ды што там…— Іван Уладзіміравіч адкінуў з вачэй сваю грыву.— А вы куды ляціце, прабачце за нясціпласць? Таксама ў адпачынак?

— Ага. У Ялту.

— Па пуцёўцы?

Алачка засмяялася.

— Ці багата вы бачылі машыністак, якія адпачываюць па пуцёўках? Дзікуном, вядома. Нічога, неяк уладкуюся.

— Тады…— Ён сумеўся.— Тады чаму ж вы адна?

— I мне мама дачку не аддала, лічыць, што ў вёсцы ёй будзе лепей. А муж… А муж заняты: сабакам сена косіць. Хадземце, Іван Уладзіміравіч, на наш рэйс ужо абвясцілі пасадку.

Яны прайшлі на кантроль, мінулі жалезныя варотцы, на якіх запальваліся і гаслі рознакаляровыя лямпачкі,— Раманоўскаму давялося прайсці праз іх двойчы, бо, калі ён ступіў першы раз, пранізліва зазвінеў званок, і маладзенькі міліцыянер прапанаваў яму дастаць з кішэняў металічныя прадметы. Іван Уладзіміравіч засмяяўся і выягнуў цэлую вязку ключоў — гэта яны нарабілі такога перапалоху. Потым маладая жанчына ў форменным сінім касцюме з залатымі крылцамі на рукавах праводзіла іх у вялікі аўтобус, і ўжо аўтобус падвёз да самалёта.

На трапе, на вышыні двухпавярховага дома, стаяла сцюардэса, прыгожая, як усе сцюардэсы грамадзянскай авіяцыі — непрыгожых туды, напэўна, проста не бяруць. Яна ветліва сказала:

— Не спяшайцеся, таварышы, нікога ў Мінску не пакінем. Першымі праходзяць жанчыны з дзецьмі, інваліды, людзі старэйшага ўзросту. Усе займаюць месца строга ў адпаведнасці з білетамі.

У Алачкі было другое месца «А». Іван Уладзіміравіч цераз плячо зазірнуў у яе білет, потым у свой і прыкра зморшчыўся. Алачка з прыемнасцю заўважыла гэта.

«Ту-134» стаяў на бетоннай паласе. Параўноўваць са срабрыстай птушкай гэтую вялізную шматтонную махіну з шырока распасцёртымі над зямлёй крыламі не хацелася — якая ж гэта птушка?! Птушка — гэта нешта хоць і прыгожае, але слабенькае, кволае, бездапаможнае, а тут… Лайнер — слова не зусім зразумелае, больш марское, чым нябеснае, але ўзнёслае, высокае пасавала яму куды болей: і мора, і неба — стыхія, і лайнер быў родным сынам гэтай стыхіі. І хоць птушкі таксама былі ёй родныя дзеці, нават самыя вялікія і дужыя з іх даводзіліся яму толькі сёмай вадой на кісялі.