Самалёт быў прыгожы, як прыгожа ўсё, што стварае чалавечы геній на сваім пакутлівым шляху да вышыняў цывілізацыі.
Побач з Алачкай на крэсла «два «Б» плюхнуўся нейкі джынсавы хлопец з гітарай, і тут жа над ім гарой нахіліўся Іван Уладзіміравіч і сказаў:
— Хлопча, будзь чалавекам, давай памяняемся месцамі. Маё шостае «Д», каля ілюмінатара, паглядзі, якая маладзенькая ды прыгожанькая ў цябе будзе суседка, дай нам з Алай Барысаўнай пагаманіць, мы з ёю сто гадоў не бачыліся. Прашу цябе…
Хлопец азірнуўся на шосты рад, будучая суседка, відаць, спадабалася яму, яны памяняліся месцамі, і Івані Уладзіміравіч, шчасліва ўсміхаючыся, запхнуў сваю сумку пад крэсла. Сеў, апусціў гальштук, расшпіліў верхні гузік на кашулі, па-змоўніцку падміргнуў Алачцы:
— Вельмі баяўся, што побач з вамі сядзе якая-небудзь грымза, паспрабуй яе ўгаварыць…
Яна не адказала. Было і смешна і ніякавата, нешта соладка млела ўсярэдзіне, як бывае заўсёды, калі мужчына твайго веку, сур’ёзны, самастойны, звяртае на цябе ўвагу, калі адчуваеш, што падабаешся яму, зацікавіла яго і яму хочацца быць каля цябе. Вечны і непазбыўны голас крыві, тое, што самой прыродай закладзена ў храмасомы і гены, ва ўсю тваю існасць і сутнасць, што робіць цябе жанчынай. Праз тоўстае шкло ілюмінатара ёй было відаць, як грузавая машына пацягнула самалёт на прычэпе да ўзлётнайі паласы — слон і Моська. У дынаміку перад ёю нешта шчоўкнула, і мяккі жаночы голас сказаў:
— Грамадзяне пасажыры! Наш самалёт ляціць па маршруце Мінск — Сімферопаль. Рэйс выконвае экіпаж Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі. Камандзір карабля пілот першага класа Міхаіл Дзям’янавіч Каламійцаў і экіпаж вітаюць вас. Наш палёт будзе праходзіць на вышыні дзесяць тысяч дзвесце метраў. Хуткасць — дзевяцьсот кіламетраў у гадзіну, разліковы час палёту — дзве гадзіны пятнаццаць мінут. Жадаем вам прыемнага падарожжа. А цяпер просім усіх зашпіліць прывязныя рамяні і на ўвесь час палёту ўстрымацца ад курэння.
Загулі рухавікі. Спачатку ціха, потым усё мацней і мацней. Самалёт павольна пакаціўся па ўзлётнай паласе, у самым канцы яе развярнуўся і на нейкае імгненне спыніўся. Мацней загулі рухавікі, усё вышэй і вышэй, пераходзячы ў пранізлівы свіст, узлятаў іх роў, самалёт задрыжаў, быццам збіраў у кулак усе свае сілы, і пабег, набіраючы хуткасць,— замільгацелі, зліваючыся, аэрадромныя пабудовы, зялёныя дрэвы ў далёкім скверы,— а затым неяк лёгка, быццам і не важыў сотні тон, быццам і не нёс у сваім металічным чэраве больш за восемдзесят чалавек і іхні багаж, узняў нос, нібы прынюхваючыся да неба, і ўзляцеў, адарваўся ад зямлі.
Ён ішоў, ішоў угору, крута набіраючы вышыню,— у сіняе неба, у белыя аблокі, і сонца ліўнем лінула ў ілюмінатары, такое нясцерпна яркае і блізкае, што Алачка аж зажмурылася.
Раманоўскі вывалак з-пад крэсла і расшпіліў сваю сумку, дастаў адтуль ладны пакунак з харчамі.
— Можа, перакусім? Смешна, але я вельмі многа ем, асабліва калі хвалююся.— Падаў ёй бутэрброд з кілбасой.— А сёння наогул так спяшаўся, што не паспеў паабедаць.
— Дзякуй, я паспела,— адмовілася Алачка; яна сапраўды не хацела ёсці.
— Тады вазьміце хоць яблык.— Іван Уладзіміравіч дастаў прыгожы — і як толькі захаваўся да гэтага часу, аж да канца мая! — цёмна-чырвоны яблык.— Называецца «цыган», з бацькавай яблыні. Дзіва, а не яблыкі, да новых ляжаць, а выгляд і смак — быццам толькі што з дрэва. Бярыце, бярыце, ён чысты, мама памыла.
Алачка ўзяла яблык, надкусіла. Хрумсткі, салодкі, сакавіты: сапраўды быццам толькі з дрэва. Ну і «цыган», яна пра такія і не чула.
Яна грызла яблык і глядзела ў ілюмінатар. Самалёт адвярнуўся ад сонца, неба было празрыстае і яснае, бачнасць — мільён на мільён кіламетраў, як у такіх выпадках гавораць лётчыкі, і Алачка бачыла, як далёка ўнізе марудна праплываюць роўныя квадраты палёў, вузенькія стужкі дарог, як пятляюць рэкі ў зялёных зарасніках і сінеюць у смузе лясы. Нават не верылася, што самалёт ляціць з такой вялізнай хуткасцю, здагадацца пра гэта можна было толькі па ценю яго, што накрываў то лес, то поле, то россып белых домікаў якой вёскі ці гарадка.
Час ад часу яна кідала позірк на суседа, які распраўляўся са смажанай курыцай. Ёй падабалася, як Іван Уладзіміравіч еў — нетаропка, не прагна, акуратна; ёй усё ў ім падабалася, і яна з цікавасцю чакала, пакуль ён перакусіць і зноў загаворыць, бо ўжо ведала, наперад ведала ўсё, што ён ёй скажа. Напружаная работа думкі жыла ў яго засяроджаных вачах, у глыбокай маршчынцы над носам, у задуменнай усмешцы, што асвятляла яго твар. Алачка не толькі ведала, што ён скажа, але і ведала, што адкажа на яго словы, і ад гэтага ведання ёй рабілася горача і млосна, бо не таннай прыгодай, не курортным раманчыкам усё гэта магло павярнуцца, а жыццём, нечаканым і шчодрым падарункам лёсу, які ты, можа, і заслужыла, выгаравала, а можа, ён проста так, за нішто, ідзе табе Ў рукі.