Між тым Іван Уладзіміравіч засунуў свой пакунак з рэшткамі ежы ў сумку і асцярожна крануў яе за локаць.
— Ала Барысаўна, паслухайце, што я вам скажу. Я — нармальны чалавек, не хам, не нахабнік і не сексуальны маньяк. Я амаль не ведаю вас, але стаўлюся да вас з глыбокай павагай. На якое ліха вам тая Ялта, там жа цяпер такі гармідар, такая таўкатня, што за людзьмі і мора не відаць. У Міхася вялізная кватэра — чатыры асобныя пакоі, за дзесяць крокаў ад пляжа, у парку. Паехалі са мною, га? У вас будзе асобны пакой і ўсё, што трэба для жыцця і для адпачынку, і нават кампанія ў маёй асобе, калі вы ёю не пагрэбуеце. Я ніколі не пастаўлю вас у няёмкае становішча, а ўрэшце вы ж у любы момант зможаце ўзяць свой чамаданчык і паехаць у Ялту — хто вас там чакае… Не спяшайцеся сказаць мне «не», я не веру ў каханне з першага погляду, хто яго ведае, можа, яно ёсць, а можа, яго і няма, але я веру, што кожнаму чалавеку лёс дае свой шанц, адзін-адзіны. Мы знаёмыя нейкія дзве гадзіны, але я адчуваю, што вы — мой шанц, і мне было б вельмі прыкра вось так упусціць яго. Я не дужа высокай думкі пра сябе, але, магчыма, і я ваш шанц, не адштурхоўвайце мяне, прашу вас.
Ён пачырванеў, як хлапчук, як Кузьменка, калі той раніцай аддаваў ёй грошы за работу, Алачцы аж няёмка зрабілася. Яна паклала сваю руку на ягоную і ціха адказала:
— Іван Уладзіміравіч, навошта столькі слоў? Дзякуй вам за прапанову, гэта ж цудоўна — мець асобны пакой на беразе мора, я нават марыць пра гэта не магла. Я разумею, што грошай з мяне вы не возьмеце,— ён спалохана пахітаў галавой,— ну што ж, я буду вас карміць, калі вы не супроць, шчыра кажучы, ваш апетыт мяне не палохае, і мыць вашы кашулі, каб вы заўсёды былі гэткі ж чысценькі і адпрасаваны, як сёння. Ну, а што тычыцца нашых шанцаў… Пажывём — пабачым. У нас жа яшчэ доўгае жыццё наперадзе, праўда? Калі крышачку пакрывіць душой, дык мы ж яшчэ зусім маладыя.
— Ну вядома! — усклікнуў Раманоўскі, паднёс яе руку да губ і пяшчотна пацалаваў.
I хто, акрамя бога, якога няма, як сцвярджаюць атэісты, і ў якога, нягледзячы ні на што, вераць мільёны людзей ва ўсім свеце, мог ведаць, што жыць ёй засталося роўна сорак дзве мінуты…
3
Вестка, што ў яго ёсць дачка, і ўжо даволі вялікая, прагучала для Жураўскага быццам гром з яснага неба.
У глыбокім роздуме ён падняўся да Юбілейнай плошчы, стаў пераходзіць вуліцу. 3 задумлівасці яго вывела пранізлівае віскатанне тармазоў. У нейкае апошняе імгненне Жураўскі інстынктыўна адскочыў ад вялізнага ЗІЛа, які няўмольна насоўваўся на яго, але машына ўсё-такі зачапіла Арсена бамперам, і ён упаў, адкаціўся да тратуара і пры гэтым моцна выцяў нагу.
3 кабіны выскачыў збялелы шафёр, і Жураўскі пачуў яго шалёны крык:
— Куды ты прэшся на чырвоны, маць тваю ператак! Ці ты сляпы, сволач, я ж з-за цябе ледзь у турму не загрымеў, а ў мяне двое дзяцей дома. Ты іх будзеш карміць, казёл бязрогі? Хоць бы галаву павярнуў, падла! Гэта ж дзякаваць богу, што ў мяне тармазы добрыя, размазаў бы я цябе па асфальце…
Ён крычаў і цягнуў, падымаў Жураўскага на ногі і абмацваў яго, быццам усё яшчэ не верыў, што той жывы-здаровы, і абтрасаў з яго пыл, а сам аж калаціўся ад перажытага.
— Уставай, браток, уставай, родны, нічога ж не здарылася, ну, трошкі штурхнула, ты ж сам вінаваты…
Вакол іх гусцеў натоўп. Жураўскі падняў свой «дыпламат», буркнуў шафёру: «Даруй, брат»,— і ледзь не подбегам пайшоў да аўтобуснага прыпынку. Левую нагу пякло як агнём, аднекуль знутры зялёнай каламутай падымаўся страх. Люты страх перад тым, што магло адбыцца, каб у шафера аказаліся няспраўныя тармазы. «Размазаў бы я цябе па асфальце…» Яму аж моташна зрабілася.
Людзей на прыпынку было густа, яны штурмавалі аўтобусы і тралейбусы; лезці ў таўкатню з пабітай нагой Жураўскі не адважыўся. Сеў на лавачку перачакаць.
Ён сядэеў, гладзіў нагу і, каб не думаць пра тое жахлівае, што з ім ледзь не здарылася, назіраў за мітуснёй на прыпынку: «Жыццё — тэатр, а людзі — акторы ў ім». Вось нейкая тоўстая кабеціна з тортам палезла на пярэднюю пляцоўку аўтобуса; дзверы ляснулі, і бела-ружовае месіва папаўзло па іх знадворку і пэўна ж унутры. Бедная жанчына загаласіла, пляцоўка ўзарвалася лаянкаЙ, дзверы зноў адчыніліся, і нейкі раз’юшаны мужчына ў модным сінім пінжаку, шчодра запэцканым крэмам, пад рогвт пасажыраў выштурхнуў таўстуху на тратуар. А вунь малады хлопец убіўся ў тралейбус, а спартыўная сумка засталася за дзвярыма на раменьчыку, так і паехалі. А во яшчэ — пэўна, муж і жонка. Мужчына неяк залез у аўтобус, а перад носам у жанчыны дзверы зачыніліся, і яна засталася з вялізным пакункам і доўга лаялася і махала ўслед аўтобусу кулаком.