Выбрать главу

Жураўскаму цікава і смешна было назіраць усё гэта. Толькі што ён ледзь не загінуў над коламі грузавіка; толькі што яго выгнала Ірына — яшчэ раніцай ён палічыў бы гэта за катастрофу; у кішэні пінжака ляжала фатаграфія дачкі, пра само існаванне якой ён да сённяшняга дня нічога не ведаў, нават не здагадваўся, але Жураўскі не думаў пра гэта. Ён успрымаў навакольны свет праз прызму затуманенай свядомасці: відаць, мозг сам уключыў абмрончы механізм, каб даць яму магчымасць ачомацца.

Патрэбен быў нейкі знешні штуршок, каб выбіць яго з гэтага стану. I такім штуршком стала дзяўчынка гадоў пяці, у белай сукеначцы і белых сандаліках, з палымянымі чырвонымі бантамі ў бялявых косках. Трымаючы маці за руку, яна скакала на адной ножцы і звонка смяялася, і Арсена апаліў гэты шчаслівы смех. Якраз такая мая дачка, падумаў ён, устаў і паплёўся па сонечнай вуліцы, пакульгваючы на левую, пабітую нагу. Ну і гісторыя!.. Аказваецца, у мяне ёсць дачка, яе завуць Наташа. Бялявае дзяўчо з чырвонымі бантамі ў косках, яна вырасла без мяне, ужо вырасла… Я ніколі не гушкаў яе на руках, як Андрэя, ніколі не купляў ёй цацак і не расказваў казак, не сядзеў над ёю начамі, калі ў яе рэзаліся зубкі або калі яна прастуджвалася, не карміў з лыжачкі… Сарока, варона, кашку варыла, Наташку карміла… Нічога не сказаць… Ні слова, ні паўслова… Які характар! Гавораць: слабы пол. Слабы… У мяне хрыбет зламаўся б, каб я шэсць гадоў хаваў у душы такое. Цікава, што яна сказала Наташцы? Дзіця ж ужо вялікае, яно павінна было пытацца пра бацьку, абавязкова павінна… Сказала, што ён быў лётчыкам і загінуў пры выпрабаванні новага самалёта? Жанчыны ў такіх выпадках любяць выдумляць шчымлівыя гісторыі. А што рабіць? Сказаць, што твой бацька — падонак і кінуў цябе? 3 першых крокаў разбурыць душу, забіць веру ў людзей, пафарбаваць увесь свет у чорны колер? Рамантычныя высакародныя гісторыі ўздымаюць дзіця, памагаюць яму жыць, жорсткая праўда калечыць яго. «Ложь во спасение…» — ці не гэта меў на ўвазе вялікі мысліцель не такога і далёкага мінулага? Відаць, для дачкі я даўно загінуў смерцю героя, і няма ніякай патрэбы ажыўляць нябожчыка. Няхай спачывае вечным сном, і пухам яму зямля. Але Алачка, Алачка… Няўжо яна сапраўды кахае мяне? Чым яшчэ растлумачыць, што яна маўчала? Каб не кахала, пра гэта ведаў бы ўвесь горад, з якой нагоды яна стала б трымаць усё ў тайне? У газеце ніхто не ведаў, што яна чакае дзіця, інакш пра гэта ведаў бы і я — на што іншае, а на плёткі мае калегі здатныя. Яна звольнілася і паехала да маці ў вёску, гэта мне зразумела. I вярнулася, калі Наташцы быў ужо годзік, а можа, і трохі болей. Але навошта яна пайшла да нас? Карэктарам або машыністкай яна магла ўладкавацца і ў іншым месцы, спецыяльнасці патрэбныя, дэфіцытныя. Але яна пайшла да нас. Можа, яна спадзявалася, што я ўсё-такі развядуся з Валянцінай, і чакала свайго часу? Глупства. Яна не зрабіла ніводнага кроку, каб зноў неяк зблізіцца са мной, нават позіркам не нагадала пра мінулае. Мы былі чужэйшыя за чужых, звычайныя супрацоўнікі, члены аднаго прафсаюза — не болей. «Добры дзень!» — «Добры дзень!» «Як жыццё?» — «Дзякуй богу»,— вось і ўсё, што мы гаварылі адно аднаму за чатыры гады сумеснай працы, дакладней, працы ў адной установе. Тады чаму ж, чаму ж… Калі не каханне, то нянавісць, сярэдзіны тут няма, не можа быць. Што за радасць — амаль кожны дзень сутыкацца ў калідоры з чалавекам, які некалі быў блізкі табе, а потым подла здрадзіў, пакінуў цяжарнай. Што гэта? Вытанчаная форма мазахізму, патрэба адчуваць няспынны душэўны боль, каб жыць? Звар’яцець можна. I наогул усё не так. Я вельмі лёгка раскідаюся словамі «здрада», «подласць». Не, я не апраўдваю сябе, але мая віна, відаць, глыбейшая, чым гэта здаецца на першы погляд, да яе яшчэ трэба дакапацца. Яна свядома пайшла на гэта. Свядома… Я нічога не абяцаў ёй. Праўда, я гаварыў, што не магу жыць з Валянцінай, што развядуся і паспрабую неяк уладкаваць сваё жыццё,— што было, тое было. Але ёй я нічога не абяцаў. Я не гаварыў ёй пра каханне, нават калі дарыў кветкі, бо скурай адчуваў, што гэта не каханне, а толькі часовы прытулак, толькі спроба ўцячы з таго іпадрома, дзе я адчуваў сябе сабакам, які гоніцца за механічным зайцам. Ёй самой патрэбна было гэта дзіця, для сябе, а зусім не для таго, каб прывязаць, утрымаць мяне; яна магла тысячу разоў пазбавіцца ад яго, калі б яно было ёй непатрэбна, магла тысячу разоў схапіць мяне за горла — і нікуды б я не падзеўся: развёўся б і ажаніўся як міленькі, ад страху перад скандалам — я ж толькі сам сабе здаюся смелым, у душы я баязлівец. Гэта ж баязлівасць, страх перад непазбежнымі складанасцямі жыцця, а не толькі сляпое каханне трымалі мяне больш за дваццаць гадоў каля Валянціны; мяне трэба браць за горла, толькі тады я здольны на нейкі ўчынак. Але Алачка не зрабіла гэтага. Чаму? Яна ж кахала мяне, я гэта ведаю, яна жыла гэтым каханнем. А менавіта таму і не ўзяла. Бо не хацела ні шкадавання майго, ні нянавісці — а ўсё ж гэта было б, каб мы засталіся разам, усё, апрача кахання, было б, вось чаму яна адпусціла мяне, вось чаму ні слова не сказала пра дачку: хацела або ўсё, або нічога. Які цэласны характар, якая высакародная душа… I нічога гэтага я не бачыў за той час, што жыў з ёю, нічога не зразумеў, таму што кожная клетачка ва мне была запоўненая болем па Валянціне…