Сонца напякло яму патыліцу, трашчала, расколвалася, хоць абруч набівай, галава, балела пабітая нага. Кожны крок як электрычным разрадам працінаў цела, аддаваўся ў скронях. Трошкі збоку ад тратуара стаяла калонка, Арсен падкульгаў, націснуў на рычаг, падставіў галаву пад пругкі струмень. Вада сцякала яму на твар, лілася за каўнер, за пазуху, выратавальна свежая, халодная, ён хапаў яе засмяглымі губамі і не мог напіцца.
Прайшла нейкая цётка, паглядзела на яго, жаласціва паківала галавой: «Божа, божа, што гэта чортава гарэлка з людзьмі робіць…» Сяк-так выцерся хустачкай, выкінуў яе, мокрую і брудную, і азірнуўся, каб зразумець, дзе знаходзіцца, куды яго занеслі ногі. Убачыў драўляныя домікі, трамвайную лінію між імі і шматпавярховыя будыніны на другім баку вуліцы,— якраз з-за павароту са скрыгатам вывернуўся чырвоны трамвай,— круты схіл і густыя зялёныя купы дрэў; зразумеў, што забрыў на Даўгінаўскі тракт, у раён Камсамольскага возера,— вунь яно, віднеецца праз дрэвы; і вечарэе ўжо, а людзей, людзей на пляжы… Другі тыдзень стаіць спёка, вада, відаць, прагрэлася; эх, добра б цяпер даць нырца і паплысці сажонкамі туды, дзе няма ні гора, ні тугі, дзе ўсе роўныя і ніхто-ніхто не пакутуе ад згрызот сумлення. Бо за якія словы ні хавайся, як ні выкручвайся, а ўжо нішто на свеце не ўратуе цябе ад пякучых думак пра зло, што ты так шчодра сеяў навокал.
Вось і надышоў час збіраць ураджай у засекі тваёй душы, і фотакартка кволенькай дзяўчынкі з пышнымі капронавымі бантамі і мілым рабаціннем на кірпатым носіку — плоць ад плоці тваёй, крывінка твая — гэта толькі зажынкі. Уся работа яшчэ наперадзе, і ніхто за цябе яе не зробіць
Ой, я маладзенька дый жыта жала,
Ой, маладзенька дый жыта жала,
Ой, жыта жала дый шчыравала,
Ой, вочкі потам дый залівала…
Найлепш было б паехаць на дачу, пасядзець на ганку ў вечаровай цішы, падумаць пра сваё жыццё-быццё, але ён даў сабе слова, што болей ніколі не сядзе за руль машыны, а ісці на самазвалы ўжо было позна. У канцы вуліцы паказалася таксі з зялёным агеньчыкам, Жураўскі спыніў яго і паехаў дахаты.
Валянціна ўжо была дома, яна спала, абкруціўшы галаву махровым ручніком,— пэўна, прымала душ, і ён ціхенька зачыніў дзверы ў спальню і пайшоў у свой кабінет. Распрануўся — адзенне было сырое, вільготнае, намокла каля калонкі,— улез у мяккі халат, падышоў да стала. На стале бялеў ліст паперы, спісаны буйным жончыным почыркам. Жураўскі закурыў, сеў у крэсла, пасунуў паперу бліжэй, начапіў акуляры.
«Арсен,— пісала Валянціна,— я ўсё ведаю пра твае адносіны з Чумаковай. Нават ведаю, дзе вы сустракаецеся: Дзімітрава, 11, кватэра 3. 3 мяне дастаткова, Арсен, я сытая па горла. Больш так нельга. Заўтра ж я падам на развод. У мяне знаёмы суддзя, я яму ўжо званіла, ён сказаў, што пры агульнай згодзе ўсё гэта можна правярнуць за два-тры дні. Мы не жылі як людзі, цяпер няма ніякага сэнсу дакапвацца, чыя ў гэтым віна, давай хоць як людзі разыдземся. Можаш пакінуць сабе дачу, кнігі — усё што хочаш, акрамя кватэры і машыны; кватэра патрэбна мне, на машыну заявіў свае правы Андрэй. Яму трэба вучыцца, няхай прадасць, на пяць год па сто рублёў у месяц да стыпендыі хопіць. У нас доўг Карповічам, яшчэ дзве тысячы, выплацім напалам. Вось і ўсё. Дарэчы, табе нават не трэба прыходзіць у суд. Пакінь на стале заяву, што ты згодны на развод, бо пакахаў другую жанчыну і хочаш жыць з ёю, і што ніякіх маёмасных спрэчак між намі няма. Гэтага дастаткова.