Выбрать главу

Прашу цябе, хоць з заўтрашняга дня збавіць мяне ад неабходнасці цябе бачыць».

Арсен дакурыў цыгарэту, патушыў яе, дастаў паперу, ручку. Напісаў усё, што ад яго патрабавалася, у суд. Затым напісаў заяву на імя сакратара партарганізацыі яе школы, Ён ведаў, што райком абавязкова разглядае кожную справу аб скасаванні шлюбу, калі гэта датычыцца члена партыі, і не хацеў, каб у Валянціны былі непрыемнасці па партыйнай лініі. Таму напісаў, што ў распадзе сям'і вінаваты толькі ён адзін, што ён вымушаны дамагацца скасавання шлюбу з Валянцінай Іванаўнай Жураўскай, бо жанчына, якую ён пакахаў, чакае ад яго дзіця; што ніякіх прэтэнзій, ні маральных, ні матэрыяльных, да сваёй былой жонкі не мае. Спаліў яе запіску ў попельніцы, паклаў абедзве паперчыны на стол і лег на канапу.

Прыйшоў Андрэй, патаптаўся на кухні, відаць, перахапіў што-кольвечы, зазірнуў да яго.

— Соннае царства… Што гэта з вамі сёння? Футбольны агляд глядзець будзеш?

— Не хочацца.— адказаў Арсен.— Глядзі сам. Толькі не ўключай моцна, не разбудзі маму, хай паспіць.

Андрэй пайшоў. Неўзабаве за сцяной глуха забубнеў тэлевізар.

Паеду ў веску,— думаў Арсен.— У Дудары, да цётак Мальвіны і Рахілі, да таго маладога сімпатычнага старшыні, што б’ецца там як рыба аб лёд. У меня яшчэ з арміі шафёрскія правы, машыну я ведаю, сяду на грузавік, буду працаваць. Або замяню таго п’янчужку-брыгадзіра, зраблю гаспадарчую кар’еру. Не, Дудары адпадаюць, падшэфны калгас выдавецтва, будуць ездзіць, ездзіць, і аднойчы прышлюць Ірыну. А я больш нікога не хачу бачыць, асабліва яе. Ды і наогул… Хто гэта сказаў: ніколі не вяртайцеся ў тыя мясціны, дзе вы некалі былі шчаслівыя… У Дударах я быў шчаслівы, прынамсі, адчуваў сябе шчаслівым, туды я не вярнуся. Чаму гэта ўсё так груба абарвалася? 3-за Алачкі? Няпраўда. Ірына добра ведала, што я не бязгрзшны хлапчук, ды і яна — не дзяўчынка. Паміж намі ўвесь час стаяў Чумакоў. Каб я не пазнаёміўся з ім на тым першамайскім вечары, відаць, усё было б інакш. Проста і натуральна. Аляксей Пятровіч Чумакоў… Я так і не здолеў пераступіць цераз яго, і яна не здолела, хоць я-то ведаю, што між імі каханне і не начавала. А між намі? Яно ж сляпое і безразважлівае, а тут былі і зрок, і развага, няхай сабе падсвядома, але былі. Агонь патух, не паспеўшы як след разгарэцца: не хапіла паліва. Ну, а каб хапіла? Сёння табе было б яшчэ горш. Зразумела адно: у выдавецтве я больш не застануся і дня; дзве жанчыны, з якімі мяне так ці інакш там звёў і развёў лёс,— гэта замнога нават для мяне. Ёсць выдатная сінекура: уладкавацца вартаўніком на дачі. Сто дваццаць у месяц, адчыніў вароты раніцай, замкнуў увечары — і паплёўвай сабе ў столь. Колькі мне трэба? Трыццатку пашлю Андрэю, трыццатку Наташцы, а на астатнія пражыву, як кароль. Для вартаўніка пабудавалі цёплую рубленую хатку, і печка там ёсць, і дровы завозяць, і святло электрычнае, і калонка, каб зімой ваду браць. Ад вясны да позняй восені наогул няма чаго рабіць і вартаваць няма чаго, народу на сотках аж кішыць, ды і ўзімку… Наша дзялянка ад электрычкі далекавата, лыжнікі не дабіраюцца, ломяць і крадуць у Зялёным, у Крыжоўцы, вось там вартаўніку праўда нельга спаць у шапку. А ў нас… Сабаку завяду, аўчарку або баксёра, змалку марыў мець сабаку і ўвесь час шкадаваў: як яму, беднаму, жыць у цесным калідорчыку і пакутліва чакаць гаспадара, каб гадзінку пагуляць, пабегаць, хоць у намордніку… Не хапала сумлення пасадзіць на ланцуг чужое, хай сабе і сабачае, жыццё. А на дачы яму будзе добра, вольна, ды і мне весялей. Божа мой, колькі кніжак можна перачытаць доўгімі зімовымі вечарамі! А ў грубцы дровы патрэскваюць, на пліце чайнік булькае, цёпла, утульна, сабака на дзяружцы скруціўся ў клубочак, час ад часу пазірае на цябе круглым жоўтым вокам, а за акном шалее мяцеліца, перамятае шляхі-дарогі… Прачнешся ранічкай, раскідаеш снег, станеш на лыжы, свіснеш сабаку — і пайшоў вакол агароджы аглядаць свае ўладанні, сінічак ды вераб’ёў карміць, гаіць душу цішынёй і чысцінёй. Кавалак хлеба, скрылёк сала, пачак макаронаў, вядро бульбы, блок цыгарэт — і нічога мне больш не трэба. Заўтра ж падам заяву на звальненне, кнігу Кузьменкі-Лаўрыновіча забяру, дараблю на дачы, ніхто, апроч мяне, яе не зробіць, а Васіля шкада: урэшце, гэта апошняе, што я змагу для яго зрабіць… Пагавару са старшынёй праўлення, папрашу пакінуць за мной месца, пакуль яго не заняў які пенсіянер. Старшыня ў нас разумны, здзівіцца ён, вядома, страшэнна: журналіст, рэдактар — і ў вартаўнікі, але можна спаслацца, што здаюць нервы, сёе-тое расказаць. Калі ён паверыць, што я там буду жыць і зімой, таму што больш жыць мне няма дзе, усё ўпарадкуецца. Нашы вартаўнікі, колькі іх ні было, ніколі не жылі на дачы зімой, прыязджалі на суботу — нядзелю, калі заносаў не было, каб паказацца дачнікам на вочы, і адседжваліся дома, толькі грошы атрымлівалі. А я… Ну, падскочу калі ў горад, у магазін, і ўсё. Што тая журналістыка, што тая рэдактура, смешная пыха, прэстыж — чаго яны варты? Яны не зрабілі мяне шчаслівым, выматалі душу, ператварылі ў прыстасаванца і слімака…