Жураўскі прыгадаў сваё юнацтва, яшчэ не факультэт — аддзяленне журналістыкі філфака універсітэта, сваіх выкладчыкаў: прафесара Буйніцкага, маленькага, лысенькага, вёрткага, шапялявага, і дацэнта кафедры журналістыкі Гарлацкага (студэнты называлі яго Гарлахвацкім). Той быў высокі, плячысты, з бычыным каркам і пустымі вырачанымі вачыма, заўсёды вадзіў свайго шэфа пад ручку і нешта нашэптваў яму на вуха, аж пераломваўся над ім.
3 якога нафталіну, з якога музея мадам Цюсо вылезлі гэтыя васковыя ёлупні, хто і чаму даверыў ім навучаць моладзь адной з самых грамадскіх прафесій? За ўсё сваё жыццё яны не напісалі ніводнага цікавага радка: ні нарыса, ні жывога рэпартажа, ні нават змястоўнай інфармацыі, нічога, акрамя тоўстых дысертацый, цікавых хіба што для бібліятэчных мышэй, ды нудных, нашпігаваных цытатамі артыкулаў перад святамі ў студэнцкую шматтыражку. Што яны даследавалі ў сваіх дысертацыях? Уплыў месяца на рост тэлеграфных слупоў, як жартавалі студэнты? Спосабы механізаванай паліроўкі сонца? Ролю друкарскага станка ва ўзмацненні зямнога прыцягнення? Гэтага ніхто не ведаў. Але, аднойчы неяк абараніўшыся, яны разам з дыпломамі аб прысваенні званняў доктара ці кандыдата нейкіх там навук атрымалі і пажыццёвую рэнту. Больш ім не трэба было кожны дзень даводзіць працай, талентам, навуковымі адкрыццямі сваё права на высокую зарплату, на павагу грамадства. Яны стрыглі купоны і душылі студэнтаў сумнымі і шэрымі, як асенні дождж, лекцыямі, на якіх дзяўчаты ўпотай вязалі, а хлопцы, каб не заснуць ад нуды, гулялі ў «балду» і «марскі бой», і зуброжкай: «Які часопіс рэдагаваў Шаумян?» А ліха яго ведае, марксісцкі, вядома, але выйшаў толькі адзін нумар, другі канфіскавала паліцыя ці нават першы, і на гэтым часопіс спыніў сваё існаванне, дзе ж ты запомніш яго назву? Іх жа дзесяткі былі, няўжо назва часопіса, які выходзіў на пачатку стагоддзя,— самае важнае, што павінен ведаць будучы журналіст? Так, самае важнае. «Ідзі, два!» Калі б не бібліятэкі, не кнігі, не рэдакцыі, дзе будучыя журналісты прападалі кожную вольную хвіліну, з радасцю робячы ўсё, што ім даручалі,— правілі пісьмы чытачоў і адказвалі на іх, збіралі па горадзе інфармацыю, пісалі справаздачы з розных сходаў, рэпартажы, замалёўкі, не грэбавалі ніякай работай, каб толькі нечаму навучыцца ў старэйшых, вопытных калег, а там — каму якія здольнасці бог даў,— пяць гадоў на аддзяленні журналістыкі можна было б лічыць выкрасленымі з жыцця, выкінутымі на сметнік; нічога, апрача «корачак», яны не далі.
Жураўскі пісаў лёгка і бойка. Як добра было напачатку, пакуль не надта задумваўся над тым, пра што пішаш! Ды і калі было задумвацца, газета выходзіла кожны дзень, і так прыемна бачыць у ёй сваё прозвішча, надрукаванае тлустым чорным шрыфтам. Чаго жадаеце? Ён быў майстар на ўсе рукі! Закляйміць жрацоў буржуазнай ілжэнавукі кібернетыкі, што акапаліся на фізмаце універсітэта? Зроблена! Распяць на крыжы друкаванага слова травапольшчыкаў, якія выступаюць эа канюшыну, супроць «каралевы палёў»? Калі ласка! Уславіць меліяратараў, што ператвараюць палескія балоты ў квітнеючыя палі? Услаўляць ён любіў. Самае лёгкае, прыемнае і бяспечнае. Выдумляй пра чалавека што хочаш — толькі хвалі, і ніхто не прышле ў рэдакцыю скаргі, што ты нешта наблытаў або проста наманіў: добрае слова і кошцы прыемнае. Пісаў апантана, у рэдакцыі, дома, у гасцініцы, у цягніку. Потым налаўчыўся, пачаў дыктаваць рэдакцыйнай стэнаграфістцы. А што тут складанага? Дзесяць прозвішчаў у блакноце, набор блокаў у галаве — дыктуй. Надрукавалі, адзначылі на лятучцы, выпісалі павышаны ганарар… А што «каралеву» задушылі пустазелле і халады і калгасныя каровы засталіся на зіму без корму, дык каго гэта цікавіла?
Ах, як лёгка, як весела было жыць і ні пра што не думаць! Што ў калгасе-мільянеры старшыня пабудаваў сваёй дачцэ сапраўдны палац, а партызанскія ўдовы жывуць у хатках-развалюхах. Што меліяратары ператвараюць багну не ў квітнеючыя палі, а ў пустыню, дзе шалеюць пылавыя буры. Што «караблі палёў», пра якія ты напісаў з такім паэтычным уздымам, губляюць на полі да шасці-васьмі цэнтнераў збожжа… Што некаторыя калгасы ператвармлі дзяржаву ў дойную карову…