«Чаго жадаеце?!»
А ён ведаў, чаго ад яго жадалі і чакалі…
Які цяжкі грэх за ўсё наша бяэладдзе, безгаспадарлівасць, за сацыяльны і эканамічны эастой сямідзесятых гадоў ляжыць на душах жураўскіх і тых, хто камандаваў імі, хто ператварыў многіх здольных журналістаў у танных прастытутак, што служылі не партыі і народу, а карыту, з якога іх, дарэчы, не так ужо і багата, разнастайна кармілі. Зразумеўшы раз і назаўсёды, што пісаць праўду, змагацца за праўда куды цяжэй, куды больш небяспечна, чым ілгаць, яны пакорліва прынялі «правілы гульні», не імі прыдуманай, і ператварыліся ў паслухмяных чыноўнікаў па «дэпартаменце» друку, і жылі сабе ціхенька да самай пенсіі, уносячы свой важкі ўклад у разбурэнне чалавечых душ, чалавечага сумлення, а ўрэшце, і сваёй краіны, якую яны так зацята «ўслаўлялі»…
Ужо гады праз тры-чатыры Жураўскаму сталі даручаць самыя важныя і адказныя заданні. Яго творчая актыўнасць заахвочвалася камандзіроўкамі ў цікавыя і экзатычныя мясціны: на Поўнач, у Сібір, на Далёкі Усход. Пасля серыі нарысаў пра новабудоўлі камунізму яго прызнзчылі загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела, увялі ў рэдкалегію. Гэта ўжо была вышыня, з якой можна смела стартаваць у будучыню.
Але тут ён і зламаў сабе шыю.
Жураўскі не любіў сядзець у рэдакцыі: нават стаўшы загадчыкам аддзела, шмат ездзіў і пісаў. У дарогу яго гнала не толькі і не столькі творчае натхненне, колькі бясконцыя нудныя сваркі з Валянцінай і вечная няхватка грошай: колькі ні зарабляй, усё мала. Ён сам напрасіўся напісаць у святочны, майскі нумар нарыс пра старшыню калгаса Героя Сацыялістычнай Працы дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі і на пачатку красавіка паехаў у вёску.
Па зводках Арсен ведаў, што калгас сярэдні, вось толькі па малаку ён у апошнія гады вырваўся наперад. За «вялікае малако» і атрымалі свае высокія ўзнагароды старшыня, заатэхнікі, даяркі. Пра гэта ён і вырашыў напісаць, нават ужо і назву прыдумаў: «Дзе нараджаюцца малочныя рэкі».
Арсена напаткала няўдача: старшыня ляжаў у Мінску, у бальніцы, з сэрцам. Намеснік, яшчэ малады дзябёлы мужчына ў скураной куртцы, сустрэў яго ветліва, прыязна, запрасіў жыць да сябе: вялікі асобны пакой, ды і з харчаваннем праблем не будзе, усё-такі вёска — не горад, рэстаранаў пакуль што няма. Жураўскі ўжо гатовы быў згадзіцца, але ў праўленне зайшоў яго былы аднакашнік па філфаку, цяпер дырэктар мясцовай школы Цімох Цярэшка. Абняліся, расцалаваліся, і Цімох пацягнуў яго да сябе. За добрай чаркай і скваркай прагаварылі да трэціх пеўняў. Цімох хваліў старшыню: сіла! Такую хату даў, школу памог адрамантаваць, а бачыў, як мы будуемся?! Сёлета вуліцу асфальтам зальюць, паліклініку пачнуць будаваць, плавальны басейн. Жураўскі слухаў і радаваўся — гатовыя дэталі самі прасіліся ў святочны нарыс.
Раніцай намеснік павёз яго на ферму. Ферма была новая, цёплая, з механізаванай уборкай гною і механізаванай раздачай кармоў, з утульным пакоем адпачынку. Жураўскі пагаварыў з даяркамі, з загадчыцай, спісаў увесь блакнот лічбамі і падумаў, што заўтра можна спакойна вяртацца дадому. Але чорт яго пацягнуў за язык: тут толькі дзвесце кароў, а ў вас жа іх восемсот, давайце праскочым на іншыя фермы. Намеснік зніякавеў, выйшаў, вярнуўся — сапсавалася машына. Жураўскі быў верабей стрэляны, здагадаўся, што гэта такое. Ну і пайсці б у вёску, пагаманіць у бухгалтэрыі з дзяўчатамі, пераначаваць у Цімоха, дык жа не — хачу паглядзець… А чаго ён там не бачыў? Старых, счачнелых сцен, падпёртых бярвеннямі, каб не абваліліся? Худых кароў, што тапіліся ў гнаі? Мёрзлага гнілога сіласу ў кармушках? Цяжкай ручной працы ад світання да ночы? Усё гэта ён бачыў сотні разоў, ён ужо здагадаўся, што ферма, на якую яго прывёз намеснік, «гасцявая», «узорна-паказальная», інакш не паламалася б так нечакана машына, ды і ці мала ў калгасе іншых машын… Пацёгся пешшу, праявіў прынцыповасць: глядзець дык глядзець.
Каб ведаў, дзе ўпадзеш, саломкі падаслаў бы…
Нешта тут было нячыста. «Вялікае малако» давалі лішнія, нідзе не ўлічаныя «хвасты». Ну і што? Ты будзеш пра гэта пісаць у святочным нарысе? А яшчэ ж даказаць трэба. Пахадзі, пералічы… А новыя чэшскія туфлі можна выкідаць, вунь як вывадзгаў у гразь ды гной…
Каля вёскі яму стрэлася нейкая жанчына. Хутаючыся ў хустку, так, што Жураўскі нават не разгледзеў яе твару, сунула яму ў рукі вучнёўскі сшытак і пайшла, пайшла сваёй дарогай, толькі гумовыя боцікі замільгалі. «Вясковы дэтэктыў»,— брыдучы па лужынах і пасмейваючыся, думаў ён. Разгарнуў сшытак, учытаўся ў першыя радкі — і смяяцца расхацелася. «Вялікае малако» стваралася не толькі за кошт лішніх «хвастоў», якіх было больш за сотню, а зусім інакш. Галоўным спецыялістам, некаторым даяркам і іншым «давераным асобам» старшыні выплачваліся ліпавыя прэміі, закрываліся ліпавыя нарады. На гэтыя грошы ў Мінску, Віцебску, Вільнюсе куплялася масла і здавалася на малаказавод. Узамен атрымлівалі даведкі нібыта за здадзенае дзяржаве малако.