Выбрать главу

— Вон з майго раёна,— прасіпеў ён, захліпаючыся ад шаленай злосці.— Каб тут і не смярдзела табою! Во-он! — грукнуў кулаком па стале.

У кабінет зазірнула напалоханая сакратарка. Жураўскі ўвачавідкі ўбачыў, як рэдактарскае крэсла сплывае ад яго ў завоблачныя вышыні.

Што было рабіць? Сілком забраць у сакратара ключы, адкрыць сейф, узяць свой сшытак? Гэта было б горш за самазабойства: журналіст распачаў бойку з сакратаром райкома. Ды і той быў не ўломак, звяжыся з такім мядзведзем… Кулакі, што качаны капусты, дасць раз — і дух з цябе вон.

Ён вярнуўся ў калгас, усю дарогу яго калаціла, душыла нянавісць. Адна шайка-лейка, кругавая парука — вось што гэта такое; вядома ж, усё тут робіцца з яго ведама і блаславемня! Нічога, мы яшчэ паваюем! Я яшчэ знайду тую жанчыну, не так і цяжка яе знайсці, вёска — не мільённы горад, і пагавару з людзьмі, і аднаўлю ўсе факты, і раскапаю сведкаў… Ты яшчэ ў мяне пакруцішся, як карась на патэльні, ты яшчэ аддасі гэты сшытак, на цырлах прынясеш, калі за цябе возьмуцца хлопцы з «Правды»!

Дома яго сустрэў збянтэжаны, разгублены Цярэшка.

— Арсен, едзь адсюль! Зараз жа едзь, праз гадзіну твой аўтобус. Ах, дурань, дурань, што ты нарабіў…

Жураўскі з пагардай паглядзеў на свайго былога аднакашніка: ужо дзейнічаў тэлефонны тэрор, ужо ламаў людзям душы.

— Я застаюся. Мне яшчэ трэба добра пакапацца ў гэтым балоце.

Цярэшка ўздыхнуў:

— Тады даруй, браце, але ідзі ад нас. Сёння з Мінска прыязджае дачка, ёй патрэбен пакой.

Цімох пачырванеў і адвярнуўся, і Жураўскаму стала шкада яго. Узяў свой партфель і пайшоў. Абышоў з дзесятак хат — людзі глядзелі на яго, як на вар’ята, і катэгарычна адмаўляліся здаць на тыдзень пакой нават за дваццатку. Прабадзяўшыся да вечара, ён зразумеў, што нічога тут не даб’ецца, нават калі знойдзе тую жанчыну: пасля ўсяго, што стала вядома, яна пабаіцца з ім гаварыць. Плюнуў і паехаў дадому. Пачынаць трэба было адтуль, з Мінска.

Ад перажытага ён прыхварнуў, тры дні праляжаў дома, у пасцелі, з бюлетэнем, а калі прыйшоў у рэдакцыю, яго ўжо чакаў галоўны рэдактар.

— Да мяне — нікога,— кінуў ён сакратарцы, і ў Жураўскага ад прадчування бяды сціснулася сэрца. Адчуў, што размова будзе сур’ёзная і непрыемная.

Рэдактар дастаў з шуфляды стала некалькі старонак машынапісу, падколатых да канверта, і начапіў акуляры.

— Глядзі сюды: гэта заява. Вось подпісы: намеснік старшыні калгаса, сакратар партарганізацыі, старшыня прафкома, два галоўных спецыялісты, дырэктар школы, трактарыст, шафёр, тры даяркі і ўчастковы ўпаўнаважаны лейтэнант міліцыі Крупадзёраў. Усяго дванаццаць чалавек. Яны пішуць, што ты тры дні беспрабудна піў, чапляўся да жанчын з бруднымі намерамі, наладзіў бойку, так што давялося выклікаць міліцыянера, каб неяк утаймаваць цябе, у нецвярозым выглядзе дапускаў рэзкія выказванні пра палітыку партыі ў галіне сельскай гаспадаркі і наогул паводзіў сябе ганебна, амаральна і скампраметаваў тым самым высокае званне савецкага журналіста.— Рэдактар зняў акуляры і кінуў лісткі ў адчыненую шуфляду.— Дарэчы, яны, усе дванаццаць, гатовы прыехаць да нас на партыйны сход і выказаць табе ўсё гэта ў вочы. Што там здарылася на самай справе?

Жураўскі расказаў. Рэдактар стаяў каля акна, спіной да яго.

— Навошта ты палез у гэтае балота? Гэтым павінны займацца следчыя, пракуратура, а не журналісты. Не чакаў я ад цябе такой легкадумнасці, і, шчыра кажучы, мне цябе не шкада: дурні нікому не патрэбны. Ты прапаў, Арсен. Яны прыедуць і ўсё пацвердзяць, і ні я, ніхто на свеце не здолее цябе абараніць. Ёсць толькі адно выйсце: вось табе ручка, папера, напішы заяву па ўласным жаданні… Яны не зацікаўлены ў скандале, гэта супакоіць іх, і я неяк спушчу ўсю справу на тармазах.

— Я напішу ў «Правду»,— сказаў Арсен.— Гэта — злачынства, і я так проста не здамся.

— Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.— Рэдактар пачаў злавацца.— Ужо сёння я буду вымушаны даць гэтай паперы ход, з такімі рэчамі не жартуюць. Цябе выключаць з партыі, выкінуць з рэдакцыі… Баюся, што нават падмятаць вуліцы ты доўга не зможаш уладкавацца. Ты ўвесь заляпаны граззю, ніхто не будзе займацца справай, усе будуць займацца толькі табой. Ты вырас у мяне на вачах, інакш я і размаўляць бы з табою не стаў. Слухай: учора вечарам я сустрэў дырэктара выдавецтва, мы з ім даўнія сябры… У іх у рэдакцыі мемуарнай літаратуры ёсць месца рэдактара. Вядома, гэта не галоўны аддзел у газеце, але… Але табе больш нічога не свеціць, скажы дзякуй і за гэта. Пішы заяву, Арсен, і не гавары мне высокіх слоў; ты яшчэ поўзаў пад сталом і выціраў кулаком соплі, калі я іх ведаў.