Жураўскі пасунуў да сябе паперу. Што ж, гульня прайграна, ён добра разумеў гэта. Вядома, можна запатрабаваць, каб склалі камісію, праверылі гэты дзікі нагавор. Няхай паедуць у вёску, ёсць жа там сумленныя людзі, не ўсе ж такія, як яго аднакашнік Цярэшка і лейтэнант міліцыі Крупадзёраў, яны пацвердзяць, што ён і не піў, і не лез да жанчын, і не біўся, і не гаварыў дурнога… А раптам не пацвердзяць, а паслухмяна ўсё паўтораць — там жа, пэўна, вядзецца адпаведная работа, дужа вялікая стаўка ў гэтай брыдкай гульні: чалавечыя лёсы! Пацвердзяць, а сумленныя проста прамаўчаць, пакажуць дулю ў кішэні: хто ты такі, чужы, прыезджы, а нам тут жыць і працаваць, на якое ж ліха браць цябе пад абарону, сабе даражэй. I яго стопчуць і выкінуць на сметнік. Таму што перад ім — мафія, арганізаваная сіла, гатовая на ўсё. Яна абараняе сваё права і надалей падманваць і рабаваць дзяржаву, атрымліваць узнагароды і грэбці грошы, яна абараняе права на само сваё існаванне і перагрызе горла кожнаму, хто на яе замахнецца. Зламаць яе, парваць ланцуг кругавой парукі зможа толькі большая сіла, але ты з-за ўласнага глупства трапіў у такую сітуацыю, што і гэта большая сіла не паверыць табе, не возьмецца бараніць і шукаць праўды. А калі ты нават адважышся палезці ў бойку, заплюшчыўшы вочы і забыўшыся на тое, што адзін у полі не воін, і калі ты нават даможашся ў гэтай бойцы перамогі — няпраўда, нехта знойдзецца, абавязкова знойдзецца тут ці ў Маскве, хто паверыць табе і праверыць, а іхняе махлярства — яно ж ляжыць на самай паверхні, толькі капні — і высуне вушы,— калі нават такія людзі знойдуцца і стануць на твой бок, пройдзе столькі часу, што сапраўды, як гаворыць рэдактар, раса вочы выесць. Каб гуляць у такія гульні, трэба мець характар змагара, а ты дужа доўга, практычна ўсё жыццё ішоў на кампраміс з уласным сумленнем, усё жыццё шукаў не праўды, а выгады, папулярнасці; ты і ў гэту пастку трапіў, бо не праўду бараніў, а вунь на тое крэсла цэліўся, глыбокае, утульнае, і на гэты прасторны, з прыгожай мэбляй кабінет, і дзякуй богу, што галоўнаму рэдактару не дадзена чытаць твае думкі. «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць»,— ты адступіў ад гэтага святога прынцыпу прыстасаванцаў, якому так доўга служыў, вось і атрымлівай…
Жураўскі напісаў заяву.
— Прыйдзе час,— глуха сказаў ён, падсунуўшы цераз стол паперу рэдактару,— і вы яшчэ пашкадуеце пра гэта. I я пашкадую. Бо гэта — здрада. Здрада партыі, дзяржаве, народу, якому мы служым. Мы з вамі — здраднікі. У вайну мы пайшлі б не ў партызаны, а ў паліцаі або выпускалі б фашысцкую газетку.
Рэдактар, які вярнуўся з вайны на пратэзе, схапіўся рукой за сэрца. Твар у яго стаў шэры, як палас, што засцілаў падлогу кабінета.
— А ты — сволач,— сказаў ён.— Я і не здагадваўся нават, якая ты сволач. Шкада…
Жураўскі даволі хутка прыжыўся ў рэдакцыі мемуарнай літаратуры.
У адрозненне ад газеты там падмалёўвалі ружовымі фарбамі не жыццё, а гісторыю. 3 навукі, намаганнямі аўтараў і рэдактараў, яна ператваралася ў паслухмяную служанку людской пыхі і самалюбства.
I ўсё-такі ў рэдакцыі мемуарнай літаратуры працаваць было спакайней, чым у газеце. Прыдумкі, што не пацвярджаліся дакументамі, бясспрэчнымі сведчаннямі тае пары, адмяталіся ў рэцэнзіях Інстытута гісторыі партыі, Інстытута гісторыі Акадэміі навук. Гэта дапамагала рэдактарам неяк ачышчаць кнігі ветэранаў вайны ад нясціпласці, ад перабольшвання ўласнай ролі ў гісторыі — асаблівасць чыста чалавечая, што ж ты з ёю зробіш! — выбіраць са смецця слоў чыстыя зярняткі праўды, каб захаваць яе ў друкаваным слове для нашчадкаў. Колькі цікавых людзей — ад салдата да маршала, ад радавога партызана да кіраўніка буйнога злучэння — сустрэў Жураўскі ў рэдакцыі, як неверагодна цікава было слухаць іх успаміны пра бессмяротны подзвіг народа, дапамагаць ім ствараць дакументальны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. I няхай у гэтых кнігах часам сарамліва замоўчваліся нашы паражэнні, няўдачы, бязладдзе (быццам паражэнні сорак першага не рыхтавалі перамогу ў сорак пятым, быццам яны маглі неяк прынізіць яе!), Жураўскі адчуваў, што робіць ён справу добрую і патрэбную. I яшчэ яго грэла, што ўспаміны непасрэдных удзельнікаў гістарычных падзей, няхай сабе сям-там і паабскубаныя, падмаляваныя, некалі трапяць у рукі не толькі гісторыку, а і таленаватаму мастаку і хоць у нечым дапамогуць яму стварыць вялікую кнігу пра вайну і мір, нешта накшталт бессмяротнага рамана Талстога.
…У прыхожай зазвінеў тэлефон. Уставашь не хацелася; відаць, звоняць Андрэю, рашыў Жураўскі, хто мне можа ў такі час пазваніць? Андрэй і падышоў: Арсен пачуў яго голас. Затым ён адчыніў дзверы.