Выбрать главу

— Што здарылася? — спытаў Чумакоў, ні да кога асабіста не звяртаючыся.

Шахматыстка завязала галаву пярэстай хусцінкай.

— Ёй ноччу кепска было. Тузала, ну і… іншае. Трэба пасцель памяняць.

— 3-за гэтага плакаць? — Чумакоў нахіліўся над Вандай Казіміраўнай, адхінуў ражок коўдры.— Сказалі б санітарцы, каб памяняла, тае і бяды.

— Вы што, Аляксей Пятровіч, з месяца зваліліся? — Шахматыстка з бразгатам ссунула з дошкі на падаконнік фігуры.— Каб наша Гэлька без часу памяняла бялізну, ёй трэба рубель даць, а яшчэ лепш — два. А Ванда Казіміраўна — чалавек прынцыповы, адукаваны. Пачала даводзіць, што ў нас медыцынскае абслугоўванне бясплатнае. Вось Гэлька яе і паслала, куды людзі пешшу не ходзяць. Таксама прынцыпова. А Ванда Казіміраўна пакрыўдзілася. Яе, бачыце, яшчэ ніколі не пасылалі…

— Так…— Чумакоў пацёр скроні: нечага забалела галава, ад цяжкога паветра, ці што? — Супакойцеся, Ванда Казіміраўна, я зараз распараджуся. Больш такога не будзе.

Паборы ў клініцы не былі для Чумакова нейкім адкрыццём. Ён ведаў: гардэробшчыцы бралі за халаты, дзяўчаты на прахадной — за тое, што прапускалі ў дні, калі наведванне хворых не дазвалялася, сёстры — каб занесці перадачу не пасля пяці гадзін, а раней. Санітаркі бралі за чысты ручнік, за свежую бялізну, за пададзенае судна і грэлку, за слоік цёплай вады, каб памыцца… Рубель, шакаладка, жменя цукерак… Атрута пабораў захапіла і ўрачоў. Там узровень іншы — дваццацьпятка ў канверце, французскія духі, крыштальная ваза, дарагія каньякі… Чумакоў успомніў нядаўні дзень нараджэння Карпенкі. Прафесар запрасіў дадому ўвесь аддзел. Стол аж угінаўся ад пітва. Чаго там толькі не было! «Напалеон» і «Матра», марачныя армянскія, грузінскія, малдаўскія каньякі, прыгожыя бутэлькі з англійскім і шатландскім віскі, з японскім сакэ… Не было, колькі Чумакоў ні ўглядаўся, толькі дзвюх аднолькавых бутэлек, хіба акрамя «Напалеона». Набор гэты красамоўна сведчыў сам за сябе…

Ну, добра, санітаркі атрымліваюць шэсцьдзесят пяць рублёў у месяц, сёстры — восемдзесят. Усім вядома: на такую зарплату не пражывеш. Таму ні санітарак, ні сясцёр не хапае, асабліва санітарак: перабіраючы паперкі ў любой канторы, можна атрымаць куды больш. А работа цяжкая, брудная, што гаварыць… Памыць з хлоркай забруджаны туалет — ніякіх грошай не захочаш. Выходзіць, што хворыя і іхнія родзічы даплачваюць са сваёй кішэні сёстрам і санітаркам тое, што недадае дзяржава. Але, скажам, той жа Карпенка атрымлівае амаль у дзесяць разоў больш за санітарку, мог бы, здаецца, і пагрэбаваць пляшкай каньяку, купіць за свае. Дык жа не, бярэ. Значыць, справа тут не зарплаце, у нечым іншым. Вунь прыязджаў аспірант з Тбілісі, смяяўся: «Усе вы тут жабракі. Вось у нас — парадак. На ўсё — цвёрдая такса. Апендыцыт — паўсотні, страўнік — сто пяцьдзесят, аперацыя на лёгкіх — пяцьсот. Усе ўсё ведаюць, ніякіх канфліктаў і непаразуменняў. Як на дзікім Захадзе: ёсць грошы — лячыся, плаці, няма — памірай!» Наш шэф побач з тымі хапугамі дзіцятка нявіннае. Вось вам і бясплатная медыцына, наш гонар, наша буйнейшая сацыяльная заваёва! А паборы, хабарніцтва — грымасы бясплатнасці. Гэтак жа, як раскладушкі ў калідорах, перапоўненыя палаты, сатлелая, ірваная бялізна, адсутнасць або недахоп самых неабходных лекаў… Бясплатная медыцына зрабілася пасынкам, утрыманцам грамадства — і жорстка помсціць за гэта. У першую чаргу тым, у каго няма лішняга рубля, каб купіць сабе «бясплатныя», неабходныя даброты. Ды яшчэ ідэалістам накшталт Ванды Казіміраўны, якая верыць кожнаму слову, надрукаванаму ў газетах, і не можа змірыцца з тым, што ад гэтых слоў да рэальнага жыцця — як ад зямлі да неба.

Так што абурыла Чумакова не тое, што санітарка Галя брала з хворых сваю даніну — ён ужо даўно стаміўся абурацца гэтым, а тое, што вымагала. Раней было так: даюць — бяры ціхенька, і ліха з табою; бессаромна, на вачах усёй палаты патрабаваць, браць за горла — гэта было нешта новенькае. Гэтаму «новенькаму» трэба было даць адпор, пакуль яно не паспела стаць практыкай, нормай, каб захаваць хоць нейкую бачнасць прыстойнасці.

Разгневаны, Чумакоў выйшаў з палаты.

На другім канцы калідора Галя Сідорчык мыла падлогу. Мілая дзяўчынка, гадоў васемнаццаці, з вясёлым рабаціннем на круглым прывабным твары. Не сквапная ведзьма, не крывасмок — дзяўчо. Бруднаваты халат, белая хусцінка, з-пад якой выбіваюцца пацямнелыя ад поту валасы, гумавыя боцікі. Накруціла на швабру вялізную мокрую анучу і шоргае ёю па ліноліуме падлогі…

Калі Чумакоў падышоў, Галя выкручвала сваю анучу над вядром з бруднай вадой. Маленькія чырвоныя рукі, тупаваты позірк смяротна стомленага чалавека. Аляксею Пятровічу расхацелася крычаць, тупаць нагамі. Увесь запал прайшоў, пуста зрабілася на душы.