2
Пасля клінічнай канферэнцыі хірургі сабраліся ў ардынатарскай: пятніца — аперацыйны дзень. Агульнай увагай завалодала Каламійцава. Яна ўзбуджана расказвала пра званок мужа. Пры пасадцы ў Сімферопалі яго самалёт ледзь не пацярпеў аварыю, дзякуй богу, усё абышлося, але адна пасажырка ўсё ж загінула: не зашпіліла прывязны рэмень, пры штуршку яе выкінула з крэсла і — галавой у стойку. Уяўляеце? На вачах у свайго мужа… Ён, бедны, ледзь не звар’яцеў ад гора: Міхась гаварыў, што ніколі ў жыцці не бачыў, каб мужчына так плакаў і рваў на сабе валасы ад гора. Вядома, шкада жанчыну, зусім яшчэ маладая, але ж трэба выконваць правілы, патрабаванні; рамяні для таго і прыдуманы, каб прадухіліць бяду ў аварыйных сітуацыях… Вечная наша абыякавасць, а ў Міхася цяпер будуць непрыемнасці, ды яшчэ якія…
— Дарэчы, Аляксей Пятровіч, гэта жанчына працавала Ў тым жа выдавецтве, што і ваша Ірына Мікалаеўна. Я ёй раніцай пазваніла. Аказваецца, яны былі сяброўкі. Бедная Ірына Мікалаеўна так расхвалявалася, што мне не ўдалося яе супакоіць. Пазваніце вы, а? Вось гора…
Чумакоў не адказаў. Ранішняя сутычка з санітаркай, пякучы роздум пра становішча ў клініцы, якой ён аддаў лепшыя гады жыцця, адчуванне ўласнай бездапаможнасці, няздольнасці нешта перамяніць выбілі яго з раўнавагі. Наперадзе была складаная аперацыя, і ён яшчэ раз праглядаў аналізы, каб неяк сабрацца, засяродзіцца. Вядома, шкада Ірыніну сяброўку і яе няшчаснага мужа, але ім ужо не паможаш, трэба ратаваць тых, каго яшчэ можна ўратаваць. Усё-такі ён пазваніў дадому, а калі тэлефон не адказаў, у выдавецтва. Сказалі, што Ірына Мікалаеўна тэрмінова выехала пад Ракаў, каб неяк падрыхтаваць маці нябожчыцы. Ён паклаў трубку і пайшоў мыцца.
3 аперацыйнай Аляксей Пятровіч выйшаў праз чатыры з паловай гадзіны, мокры ад поту і стомлены — аперацыя аказалася нават цяжэйшая, чым ён чакаў. Але прайшла яна ўдала, маладая жанчына, маці траіх дзяцей, будзе жыць доўга, спакойна і шчасліва. Ён так і сказаў яе мужу, які, паныла апусціўшы плечы, чакаў яго прысуду ў прыёмным пакоі, і той, ажыўшы, з нечаканай сілай абхапіў Аляксея Пятровіча і расцалаваў у абедзве шчакі, а потым зноў сеў і заплакаў, не саромеючыся сваіх слёз.
— Ну, ну,— прабурчаў Чумакоў і адправіўся ў канцылярыю выпісваць камандзіроўку ў Маскву, а потым — у бухгалтэрыю, у касу… Калі ён перадаў сваіх хворых Безбародзьку, падрабязна пералічыўшы ўсё, што трэба рабіць, пакуль яго не будзе, рабочы дзень ужо даўно скончыўся. Настрой у Безбародзькі быў добры, цешча паэычыла яму грошай на кааператыў, жонка пазваніла, што яны ўжо і перавялі іх куды трэба, таму будучыя перагрузкі не засмуцілі Ілью Мацвеевіча — цяпер, калі вырашылася праблема з кватэрай, ён быў гатовы працаваць за ўвесь аддзел, а не толькі за Чумакова, тым больш што шчыра радаваўся за яго.
— Як гэта наш бурбон узяўся за розум? — шырока ўсміхаўся ён.— Відаць, у лесе мядзведзь здох. Дарэчы, уяўляеце: учора ён быў на юбілеі маёй цешчы і нават ласкава пагаварыў са мною.