Выбрать главу

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — Ірына ўскінула галаву і размазала сурвэткай па твары злыя слёзы.

— Нічога, акрамя таго, што сказаў.

У Чумакова перасохла ў роце. Ведае! Няўжо гэта так далёка зайшло, што ведае нават Сярожка? Няўжо яна прыводзіла Жураўскага дадому і ён убачыў гэта? Якая брыдота, якая невыносная брыдота…

Трэба было нешта рабіць. Чумакоў яшчэ сам не ведаў — што, але і маўчаць далей было немагчыма: ён адчуваў — праз хвіліну-другую сын і маці нагавораць адно аднаму такога, што атруціць ім усё жыццё і нічога ўжо нельга будзе паправіць.

— Пачакай,— сказаў ён.— Пачакайце. Сядзь. I ты, Ірына. Ну, Аленка, супакойся. Я таксама маю права на слова, здаецца, я і табе, і маці не чужы. Сядзь, Сяргей, я хачу сёе-тое абмеркаваць з табой. Як мужчына з мужчынам.

Сярожка недаверліва паглядзеў на яго з-пад густых веек, але сеў і набычыўся, гатовы да адпору.

— Ты хочаш жаніцца…— Чумакоў дастаў цыгарэту.— Давайце пакуль што не будзем абмяркоўваць, на кім, паспеем, калі вы трошкі супакоіцеся, тут праблем хапае. Не буду табе гаварыць, якая гэта адказнасць, ты не дурны і сам, відаць, ужо нямала над гэтым думаў. Але ў мяне ўзнікае некалькі практычных пытанняў, на якія я хацеў бы пачуць адказ. Першае: дзе вы збіраецеся жыць? Ты ж разумееш, калі маці так неўзлюбіла тваю будучую жонку, жыць у нас вы не зможаце. Ды я і наогул супроць, каб маладыя жылі з бацькамі. Самастойнае жыццё трэба і пачынаць самастойна, гэта аксіёма. Можа, вас згодзіцца ўзяць бацька Веранікі? Але я б табе не раіў да іх ісці. Знаеш, як кажуць у народзе: прымачы хлеб сабачы. Тым больш што Акімаў сапраўды алкаголік, і ты гэта ведаеш. Дык вось: дзе?

— Ноймем прыватны пакой,— адказаў Сярожка.— Многія так пачынаюць, не мы адны.

— Зразумела.— Чумакоў нарэшце пракурыў цыгарэту і прагна, аж закашляўся, зацягнуўся дымам.— Але, па-першае, цяпер знайсці ў Мінску прыватны пакой нялёгка, а па-другое, ён страшэнна дарагі. Наш аспірант Жэня Тарасаў за пакойчык у восем квадратных метраў плаціць шэсцьдзесят рублёў у месяц. Дык у яго жонка-настаўніца, зарабляе амаль паўтары сотні, і сам ён — сто рублёў, і яшчэ начныя дзяжурствы, і падмена… Хлопец бярэцца за любую работу, каб зарабіць капейку на гэту праклятую кватэру. Ну, а з чаго будзеце плаціць вы?

— Знойдзем,— спакойна адказаў Сяргей.— Ніка зарабляе сто дваццаць, мне на ВАЗе абяцаюць не менш ста пяцідзесяці. Акрамя гэтага…

— На якім яшчэ ВАЗе? — перапыніла яго Ірына.— Ты зусім звар’яцеў, мой сын. Ты ж збіраўся пасля школы паступаць у медінстытут, на педыятрычны факультэт!

— Гэта было так даўно, што я нават забыўся. Паглядзі на мае рукі. Я ўжо вунь колькі працую ў гаражы ў Мікалая Сцяпанавіча. Ён зрабіў з мяне майстра, гэты, як вы гаворыце, алкаголік. Акімаў лепшы аўтамеханік і бляхар у горадзе, няўжо вы ніколі не бачылі ўшчэнт пабітых машын каля яго гаража? Дык вось, мы з ім рамантуем іх…

— Халтурыце? — здзівіўся Чумакоў.— Вось гэта і для мяне навіна.

— Я ж вам гаварыў, што вы нічога пра мяне не ведаеце. Вы жывяце сваёй работай, сваімі клопатамі. А да астатняга… Сыты, апрануты, вучыцца больш-менш прыстойна, што яшчэ… Так, мы халтурым. Не ў сэнсе якасці, якасць у нас — будзь здароў, фірма! — у іншым сэнсе. I людзі нам удзячны. Таму што на ВАЗе, каб выраўняць пабітае крыло ці пакамечаны дах, трэба чакаць чаргі аж два гады. А чалавеку, які мае машыну, не хочацца чакаць, яму ездзіць хочацца. І ён шукае нас, таму што мы можам гэта ўсё зрабіць за тыдзень. Нічога не ўкрадзём, не заменім новы акумулятар на стары, цэлую крыжавіну на зношаную… Бо ў нас — фірма, нам рэпутацыя даражэй за дробнае жульніцтва.

— Праўда, і дзераце вы…

— Дзяром, праўда. Але ж якасць і хуткасць заўсёды каштуюць дорага. Наша люстра каштавала пяцьсот рублёў, чамусьці вы ўсё ж купілі яе, а не пластмасавую няўклюдзіну за дзесятку. А той, хто купіў машыну, часцей за ўсё мае грошы, каб плаціць за рамонт.

— Ну а калі не мае? Ёсць жа і такія, што не маюць! Можа, скажаш, няма? Наш лабарант Міхейчык збіраў на машыну дзесяць гадоў. Гэта было сапраўды нейкае дзікунства. Ён шкадаваў сабе кавалка хлеба, хадзіў у такім касцюме, што брыдка глядзець. Яго сям’я, яго дзеці пакутавалі з-за гэтага кавалка жалеза, яно выцягнула з іх усе сокі. Як жа такім?

— Такім цяжка.— Сярожка раптам усміхнуўся вымучанай усмешкай, яго высокі чысты лоб перакрэсліла вострая зморшчынка. — Але Мікалай Сцяпанавіч адрамантаваў машыну аднаму чалавеку, які ўрэзаўся ў дрэва, каб не забіць дтяўчынку, і не ўзяў за гэта ні капейкі. Дзяўчынка расла без бацькі, дзед яе інвалід вайны, ён прыйшоў да нас у гараж на мыліцы і прынёс грошы, якія напазычаў у суседзяў… Мікалай Сцяпанавіч запхнуў іх яму ў кішэню і паслаў мяне па бутэльку. Яны пілі і ўспаміналі, каго дзе параніла, і… эх, пра што гаварыць!