— Якая чуллівая гісторыя…— Ірына падабрала чарапкі пабітага кубка, вочы ў яе ўжо былі сухія, але яна пазбягала глядзець і на сына, і на мужа.— Але ты забыўся пра адно: вы займаецеся недазволенай дзейнасцю. Яму, інваліду вайны, за гэта, магчыма, нічога не будзе, ведаеш жа, як да іх цяпер ставяцца, а цябе пасадзяць у турму, і на тым усё скончыцца. Толькі знай: перадачы табе я насіць не буду.
— Я сам ведаю, што дзейнасць гэта, як ты кажаш, недазволеная. Таму я і пайду працаваць на Спецаўтацэнтр ВАЗа, на дзяржаўнае прадпрыемства. А калі ў вольны час хто-небудзь пакліча мяне ў свой гараж адрэгуляваць рухавік або клапаны, параўняць, зашпакляваць і падфарбаваць пабітае крыло або дзверцы і заплаціць за маю работу, дык я не бачу ў гэтым нічога страшнага. Сорамна красці, зарабляць не сорамна.
— Ніколі не думаў, што ты такі прагматык,— задуменна сказаў Чумакоў.— Аказваецца, усё ў цябе прадумана, усё падлічана… Дык што, ты нават не будзеш спрабаваць паступіць у інстытут, атрымаць адукацыю?
— У наш час ідэалізм — залішняя раскоша.— Сяргей пацёр скроні, нібы ў яго забалела галава.— Не, я не збіраюся паступаць у інстытут. Я не магу траціць час на дзіцячыя забаўкі. Вучыцца пяць гадоў, а потым усё жыццё праціраць штаны за сто дваццаць рублёў — ды я аўтаслесарам за раблю ў два-тры разы больш. Маіх ведаў для маёй работы хапае. Акрамя таго, ёсць кнігі, кіно, тэатр, целік…
— Чаму ж за сто дваццаць? — запярэчыў Чумакоў.— У адукаванага чалавека заўсёды ёсць перспектыва. Ты мог бы стаць тым жа аўтаінжынерам, галоўным інжынерам, канструктарам… я ўжо не ведаю — кім…
— Праз дваццаць год? Калі ў мяне вылезуць валасы і выпадуць зубы?! Я хачу жыць сёння, сёння, а не праз дваццаць год. Сёння зарабляць, сёння купляць сабе тое, што хочацца, сёння…
— А армія?
Сярожа нахмурыўся.
— Ну што ж, адслужу. Два гады пачакае. Мы пра гэта ўжо гаварылі.
— Так…— паднялася Ірына.— Бачу, вы пра ўсё ўжо гаварылі. Толькі з гэтага нічога не выйдзе. Ты не ажэнішся з ёю, хіба што цераз мой труп. Ведай гэта.
Яна выйшла з пакоя. Зачапілася за ножку крэсла. Чумакову нават здалося, што яна падае. Ён падхапіўся, хаця не паспеў бы яе падтрымаць, але Ірына ўжо выйшла. Сяргей праводзіў яе вачыма і таксама пайшоў: моцна, на ўвесь пад’езд, ляпнулі дзверы.
Чумакоў паклаў галаву на абрус, халаднаваты і слізкі ад крухмалу, і цяжка задумаўся. Падышла Аленка, прытулілася да яго, абняла за шыю. Ён асцярожна пагладзіў дачку па галаве.
— Ідзі да мамы, супакой яе, ёй гэта больш патрэбна.
3
… Гэта было тое, што баксёры называюць накдаўнам: страшны ўдар, ад якога на нейкі час правальваешся ў чорную бездань. Такое ў Сяргея ўжо было ў спаборніцтвах на першынство раёна. Сябар і аднакласнік Генка Мароз быў слабейшы за Сяргея і ніжэйшы ростам, з караткаватымі, хоць і дужымі, рукамі, і Сяргей біўся з ім, не дужа клапоцячыся пра абарону, проста трымаў на адлегласці, а сам нястомна рухаўся па рынгу,— хацеў спачатку выматаць Генку, а ўжо потым, у трэцім раундзе закончыць бой прыгожым прамым у галаву і крукам у сківіцу. Усё ішло так, як ён задумаў, цэлыя два раунды, а затым, калі ўжо трэба было заканчваць, краем вока ён заўважыў, што ў спартыўную залу ўвайшла Ніка, і раскрыўся, як апошні дурань, і Генка падлавіў яго на хук злева, дадаўшы правым у падбародак. Нечаканы і рэзкі ўдар быццам адарваў Сяргея ад рынга і шпурнуў вобзем. Суддзя, увесь у белым, схіліўся над ім і пачаў лічыць, Сяргей хапаў гарачае паветра губамі і не мог праштурхнуць яго ў лёгкія. А лямпы над рынгам круціліся, круціліся… На ліку «сем» ён прымусіў сябе падняцца, а ногі дрыжалі, і зусім не было чым дыхаць, быццам з вялікай залы выпампавалі ўсё паветра. Так, ён падняўся, ён яшчэ махаў рукамі, неяк абараняючыся ад Генчыных наскокаў, але ўсе разумелі, што гэта толькі бачнасць бою, што ад накдаўна Сяргею ўжо не ачухацца: яшчэ адзін, нават не вельмі моцны ўдар, і сустрэча закончыцца накаўтам. Зразумеў гэта і трэнер Сяргея і выкінуў на рынг ручнік, даючы знаць, што яго выхаванец прайграў.
Крыўднае і нечаканае паражэнне надоўга запомнілася яму, ён нават хацеў кінуць бокс, але трэнер угаварыў не рабіць гэтага: без паражэнняў няма перамог.
Маці ўдарыла яго куды страшней, чым некалі Генка Мароз. Вераніка ніколі не гаварыла яму, за што яе выгналі са школы, ён мог толькі здагадвацца пра гэта, але гнаў ад сябе свае здагадкі, бо кахаў і верыў.