Выбрать главу

«Што змянілася пасля гэтага званка? — з адчаем думала яна.— Што цяпер я ведаю прозвішча яго каханкі і месца, дзе яны сустракаюцца? А хіба гэта так важна? Так, важна.

Менавіта гэта і важна. Я ж маню, сама сабе маню, калі гавару, што ён усё жыццё здраджваў мне. Адзін выпадак, калі ён з’ехаў з дому… Усё астатняе — толькі падазрэнні, калі быць шчырай, дык я больш нічога толкам не ведаю. Нават што ён цалаваўся з Кацькай Моўчан, — а можа, мне тады падалося? Ён гаварыў, што ўсе гэтыя жанчыны — яго сябры, проста сябры, а я ўсіх іх лічыла яго палюбоўніцамі, я ніколі не верыла ў сяброўства паміж мужчынамі і жанчынамі, няўжо я памыляюся? Каб сапраўды ён пакахаў тую машыністку ці карэктарку… ну, што яму перашкаджала разысціся са мной? Нешта ж перашкодзіла… Не, кахаў ён толькі мяне, адну мяне, і цяпер ён кахае мяне, хоць і спіць з гэтай распусніцай на вуліцы Дзімітрава, у доме адзінаццаць, кватэра тры. Што гэта за кватэра? Пэўна ж, нейкі прытон, дзе збіраюцца тыя, каму яшчэ не абрыдла гуляць у багему: свечкі, музыка, сухое віно, інтэлектуальная балбатня…

Раней, да гэтага званка, я толькі думала, здагадвалася, што ён не супакоіўся, не спыніўся, што ён увесь час мяне падманвае. Цяпер я гэта ведаю пэўна. Вось у чым розніца паміж «цяпер» і «раней». Ведаю пэўна, а гэта значыць, што больш нам разам не жыць. Вось чаму ў мяне так разбалелася галава: прыйшоў час рашэнняў. Цікава, чаму я адраэу ёй паверыла, гэтай паскудзе? Таму што чакала гэтага? Адчувала? Учарашняя гісторыя са спідометрам? Я ж бачыла, што ён кожны дзень некага возіць за горад, кожны дзень на спідометры лішнія пяцьдзесят-шэсцьдзесят кіламетраў. Варта мне было гэта заўважыць, і я адразу ж здагадалася, што возіць ён жанчыну, інакш сам расказаў бы. А ўчора… Ён папаўся, як хлапчук. Гэта быў удар пад дых, так, здаецца, гавораць у такіх выпадках, у мяне было такое адчуванне, што ён вось-вось шпурне машыну пад сустрэчны самазвал або ўсадзіць яе ў бетонны слуп. Чаму ён не зрабіў гэтага? Не было б ні званка, ні дзікага болю, ні тугі, ад якой аж заходзіцца сэрца… нічога ўжо не было б. Але ён і на гэта не здольны. Таму што ён баязлівец. Ён — паталагічны баязлівец, мой дарагі муж, яго ніколі не хапала на ўчынак — толькі на дробязі. Каханне… Ён проста не адважваўся мяне кінуць, баяўся нешта мяняць, неяк перабудоўваць жыццё. Паспрабаваў, нешта не атрымалася — і назад. Баязлівец ва ўсім: у жыцці, каханні, рабоце. Хоць бы сабе тая гісторыя… Калі ён яшчэ працаваў у газеце і раскапаў сапраўднае злачынства, аферу, у якой былі замешаны дзесяткі людзей. Ды якіх людзей! Старшыні калгасаў, адзін нават Герой Сацыялістычнай Працы, дырэктар малаказавода, старшыня райвыканкома, сакратар райкома… Яны арганізавалі пісьмо, быццам ён у вёсцы піў, чапляўся да жанчын, біўся, крытыкаваў нашы парадкі… Яны ачарнілі і збэсцілі яго, і галоўны рэдактар, каб не падымаць скандалу, прапанаваў яму звольніцца па ўласным жаданні. Я маліла яго: змагайся! Ну, выключаць цябе з партыі, прагоняць з работы, нічога, пражывём на маю зарплату. Сёння ты прайграеш, але заўтра пераможаш. Абавязкова пераможаш, нават калі гэта заўтра прыйдзе праз паўгода, праз год. Ёсць на свеце праўда, ёсць сумленныя людзі, яны падтрымаюць цябе, і ты абавязкова пераможаш. Што ён мне адказаў? «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць»,— вось што. I падаў заяву, і па-халуйску пакорліва пайшоў рэдактарам у выдавецтва, а ён жа бліскучы журналіст, я гэта ведаю. Заечая душа, ён зламаўся, як сцізорык, ледзь толькі на яго націснулі, і ўвесь бляск з яго асыпаўся, як танная пазалота.

Баязлівец… Усе баязліўцы па самой натуры, па глыбіннай сутнасці сваёй здраднікі.

А я была яму верная, як сабака, хоць і мне сустракаліся людзі, якія кахалі мяне і якіх я магла б пакахаць. Цікавыя прыгожыя людзі, Арсен іх падноска не варты. Але я была яму верная, таму што словы для мяне не страцілі свой сэнс: каханне — гэта каханне, а здрада — гэта здрада, самае агіднае, на што здатны чалавек. Ну, што ж, цяпер буду дзейнічаць я. Мы разыдземся, размяняем кватэру. Не я першая, не я апошняя. Андрэй ужо вялікі… якое шчасце, што ў нас толькі адзін сын! Ён хацеў дзяцей, а я пасля Андрэя больш ніколі нікога не хацела. Не таму што дзеці, як ён гаварыў, не далі б мне дні навылёт сядзець у школе, а таму, што я ў душы, падсвядома, відаць, ніколі не спадзявалася на яго. Я ўвесь час ведала, адчувала, што аднойчы настане дзень, калі я больш не змагу з ім жыць. Смешна сказаць, але я чакала гэтага званка ўсе апошнія гады — і дачакалася.