Але дарэмна яны спадзяюцца, што я дазволю ім мілавацца. Не, няхай і яны паспытаюць майго болю. Я раскажу пра ўсё… Чумакову, вось каму я раскажу».
Валянціна Іванаўна прыгадала, як пяшчотна, закахана пазіраў на жонку Аляксей Пятровіч там, на выдавецкім вечары, дзе яны больш-менш блізка пазнаёміліся, і ў душы яе варухнулася спагада да гэтага чалавека, падманутага, ашуканага, як і яна сама. Ёй нават расхацелася яму званіць, гаварыць, але жаданне адпомсціць гэтай верціхвостцы, што разбурыла яе жыццё, было мацнейшае. Не, з Чумаковай яна гаварыць не будзе, да такога яна не прынізіцца. А вось пагаварыць з яе мужам, атруціць ёй жыццё, разбурыць яе сям’ю, як яна разбурыла… Не, гэта яна не даруе!
Валянціна Іванаўна ўстала, пераадзелася — у шафе ў кабінеце заўсёды вісела на плечыках некалькі сукенак, стаяў запасны абутак,— паправіла прычоску. Адчыніла дзверы. Тэрэза Восіпаўна ўжо вярнулася і перадрукоўвала на машынцы нейкія паперы. Валянціна Іванаўна ўзяла з шафы асабовую справу Сяргея Чумакова, знайшла там службовы тэлефон Чумакова, вярнулася ў свой кабінет і набрала нумар. Пачакала хвілінку, пакуль яго паклікалі, назвала сябе.
— Добры дзень. Што-небудзь з Сярожкам? — устрывожыўся ён.
— Не, з Сярожам усё ў парадку. Мне трэба тэрмінова сустрэцца з вамі па асабістай справе.
— Бачыце,— сумеўся Чумакоў,— я сёння дзяжуру і павінен увесь час быць у клініцы. Можа, заўтра? Гадзін у пяць я мог бы заехаць да вас у школу.
— Я сама да вас прыеду. Праз гадзіну. Мы зможам пагаварыць?
— Калі не здарыцца нічога непрадбачанага. Вы ж разумееце — бальніца, хворыя людзі, а я — хірург.
— Будзем спадзявацца, што нічога не здарыцца,— сказала Жураўская і паклала трубку.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
1
Чумакоў ужо ведаў усё, што яму мелася сказаць Валянціна Іванаўна Жураўская, Алачка Чмялёва апярэдзіла яе.
Як і Жураўская, не розумам — сэрцам Аляксей Пятровіч адразу ж, без ваганняў, паверыў кожнаму слову, якія даляталі з тэлефоннай трубкі. Ён ужо даўно адчуваў, што з Ірынай нешта адбываецца, але не мог разабрашіа ў сваіх адчуваннях. Справа была не ў тым, што пасля паездкі на бульбу яна стала больш раздражнёнай, часцей чым звычайна пачала затрымлівацца на рабоце, беспрычынна плакала або смяялася, залішне мітусілася ці паглыблялася ў сябе, не заўважаючы нічога і нікога навокал. Усё гэта можна было вытлумачыць неўрозам, перагрузкай, урэшце, узростам: гады ідуць, усё цяжэй даюцца служба, дом, чэргі ў магазінах, двое дзяцей… Тлумачэнне было зручнае, і Чумакоў ухапіўся за яго, але бачыў, што яно неяк апраўдвае толькі чыста знешнія перамены, што ўсё куды больш глыбока і значна. Парвалася пупавіна, якая амаль семнаццаць гадоў звязвала два іхнія жыцці, ператвараючы іх у адно жыццё, з агульнымі клопатамі і радасцямі, трывогамі і надзеямі. Цяпер яны жылі побач, толькі побач, але не разам. Галоўнае, вядома, было ў гэтым, але ён чамусьці не думаў, не хацеў думаць, што нехта трэці можа ўмяшацца ў іх лёс. Здраджвалі, здаралася, чужыя жонкі, ад сваёй ён гэтага не чакаў. Ірына ніколі не давала падстаў для рэўнасці; жанчына яна была халодная, хутчэй фрыгідная, чым тэмпераментная; як урач ён добра разбіраўся ў такіх рэчах. Роўная і прыветлівая з усімі, на сямейных вечарынках і святочных вечарах яна не фліртавала з мужчынамі, аддаючы перавагу жаночым кампаніям, нікім асабліва не цікавілася і нікога не вылучала, хоць сярод тых, з кім яны час ад часу сустракаліся, былі па-сапраўднаму прыгожыя і цікавыя людзі.
Калі пасля размовы з Алачкай Чмялёвай Чумакоў паклаў трубку, выраз твару ў яго быў такі няшчасны і разгублены, што Жэня Тарасаў, які перабіраў у шафе нейкія паперы, спагадліва спытаў:
— Што здарылася, Аляксей Пятровіч? Можа, вам патрэбна якая дапамога?
Ён не пачуў пытання, зняў з галавы шапачку, скамячыў яе, засунуў у кішэню халата, моўчкі, унурыўшыся, прайшоў у куток, дзе была ракавіна з кранам, і пачаў мыць рукі. Намыльваў і цёр адна аб адну пад тугім струменем гарачай вады і зноў намыльваў, быццам хацеў адмыць увесь бруд, што выліўся на яго з тэлефоннай трубкі,— толькі перад аперацыяй ён гэтак доўга і старанна мыў рукі, і Жэня аж перапалохаўся за свайго шэфа: што там яму нагаварылі, што ён быццам ачмурэў?.. А Чумакоў раптам закруціў кран, выцер рукі ручніком і, цвёрда ступаючы, як ступаюць п’яныя, калі хочуць, каб ніхто не здагадаўся, што яны ледзь трымаюцца на нагах, пайшоў глядзець сваіх і Надзіных хворых.