Выбрать главу

Яму стала моташна ад гэтых думак, і ён сеў за свой стол і падсунуў да сябе некалькі гісторый хваробы, каб хоць выгляд зрабіць, што нечым заняты, і ўтаропіўся ў спісаную старонку, нічога не бачачы. А вушы яго чуйна лавілі цішыню, і калі ў гэтай цішыні дробна зацокалі абцасікі Жураўскай, Аляксей Пятровіч міжволі абцягнуў на сабе халат, прыкрыў лысіну накрухмаленай шапачкай і ўвесь напружыўся.

Яна пастукалася.

— Заходзьце,— сказаў Чумакоў і ўстаў ёй насустрач. На нейкае імгненне ў яго мільганула шалёная думка, што Жураўская нічога не ведае, што яна дамагалася сустрэчы з ім, каб параіцца аб сваім здароўі ці папрасіць за некага з блізкіх — усё ж такі знаёмыя! Ці мала прыходзіць сюды людзей, з якімі я знаёмы нават меней, чым з ёю, каб папрасіць за каго-небудзь,— гэта ж анкалогія, не жартачкі! За гарачае голай рукой схопішся… Можа, і яе прывяла сюды бяда або страх перад бядой? Але ўжо праз хвіліну, падсоўваючы Валянціне Іванаўне крэсла, ён зразумеў, што гэта не так. Не, ён беспамылкова адчуў, што прымусіла яе кінуць усе справы і на злом галавы фураваць на таксі ў Сасноўку. Каб гэта было звязана з хваробай, яна дамовілася б з ім па тэлефоне. Яны ж не проста знаёмыя. У яе школе вучацца Аленка і Сярожа, яна ведае, што ён ніколі не адмовіў бы ёй у дапамозе. Ды і твар яе не быў тварам чалавека, які прыйшоў да ўрача, каб папрасіць нават не за сябе, а за некага іншага: не страх, не разгубленасць, не спадзяванне, а халодная непрымірымая жорсткасць і варожасць былі ў паглядзе цёмна-шэрых, амаль чорных вачэй, у шчыльна падціснутых вуснах, у тым, як холадна яна кіўнула ў адказ на яго «добры дзень», нават не падаўшы рукі. Так прасіць не ходзяць, так ходзяць патрабаваць. Але што, божа мой, што яна можа ў мяне патрабаваць?

— Слухаю вас,— сказаў Чумакоў, калі Валянціна Іванаўна села і паклала на калені сумачку. «Хоць бы мяне выклікалі да каго з хворых,— падумаў ён,— божа мілы, злітуйся, зрабі, каб мяне тэрмінова выклікалі, я так не хачу гэтай гаворкі! За што ты караеш мяне, хіба мала таго, што я ўжо ведаю… ведаю, навошта мне яшчэ раз лезці ў гэты бруд!»

У яго яшчэ была кволая надзея, што яна не выпаліць усё адразу, пачне пятляць, шукаць падыходы да такой далікатнай тэмы і тады, можа, выратавальна зазвоніць тэлефон. Але яна не збіралася траціць часу ці мо проста не прывыкла.

— Аляксей Пятровіч,— Жураўская падняла галаву, паглядзела яму ў вочы, і ён аж скаланууся ад яе позірку. Адчуў, як пакутуе яна, як ёй балюча, брыдка, сорамна, і пашкадаваў яе, і сябе пашкадаваў: ах, як усё прыкра, як недарэчна…— Аляксей Пятровіч,— паўтарыла яна, як за саломінку хапаючыся за яго імя, і аблізнула засмяглыя вусны,— вы, напаўна, ведаеце, што ваша жонка і мой муж…

Валянціна Іванаўна пакруціла галавой, каўтнула, быццам ёй не хапала паветра, і змоўкла.

Чумакоў разумеў, што ёй цяжка, неймаверна цяжка выгаварыць слова «палюбоўнікі» ці нейкае іншае, якое азначала б тое, што адбылося паміж яе мужам і яго жонкай, але не спяшауся памагчы ёй, бо і сам не мог бы вымавіць гзтае слова. Ён проста адвёў вочы ад яе поўных пранізлівага болю вачэй: не, даражэнькая, выкручвайся сама, як ведаеш. Я не зваў цябе, не пачынаў гэтай гаворкі, тут я табе не памочнік. Але ж і абыякава глядзець на яе пакуты было нясцерпна, і ён не вытрымаў.

— I дзеля таго, каб мне гэта сказаць, вы прыехалі з горада сюды? — спытаў Чумакоў і не пазнаў свайго голасу: голас быў глухі. асіплы — чужы.

— Я вас не разумею.— Яна разгублена прыкусіла ніжнюю губу, зубы ў яе былі дробныя і вострыя, яны тах і ўпіліся ў скуру.

— А што тут разумець,— уздыхнуў ён і перагарнуў некалькі старонак гісторыі хваробы, што ляжала перад ім на стале, каб нечым заняць рукі.— Хто вам пра гэта сказаў? Ваш муж? Мая жонка, прынамсі, мне нічога не гаварыла.

Пакута і боль у яе вачах патухлі, быццам агеньчык, задзьмуты ветрам, і яны зрабіліся пустыя, як поле на перадзімку. Пагардлівая ўсмешка скрывіла сухі хударлявы твар. Чумакоў аж здзівіўся, з якой неймавернай хуткасцю гаротніца ператварылася ў раз’юшаную ведзьму.

— Вы сапраўды дурань ці толькі прыкідваецеся? Чакайце, можа, дачакаецеся, што яна вам скажа. Мне сказалі іншыя, дзіўна, што яны абмінулі вас. Вам нічога не гаворыць гэты адрас: Дзімітрава, адзінаццаць. кватэра тры? Можаце схадзіць пасля шасці палюбавацца, магчыма, вам гата будзе прыемна. Гэта пачалося яшчэ ў верасні мінулага года, калі яны разам паехалі на бульбу. Там яны і знюхаліся.— Чумакоў хацеў запратэставаць, але Валяншна Іванаўна не звярнула на гэта ніякай увагі.— I я прыехала да вас зусім не для таго, каб пра гэта сказаць. Упэўнена, што вы і самі даўно пра ўсё здагадаліся, а каб разам вырашыць, што з імі рабіць.