Выбрать главу

— Можа, атруцім? — нягледзячы на горыч, размова пачала забаўляць Аляксея Пятровіча: галоўнае было сказана, пачута, і неба не ўпала на зямлю, і зямля не сарвалася са сваёй арбіты, і бэз за акном цвіце, быццам нічога не здарылася, не адбылося: трагедыя ўвачавідкі ператварылася ў пошлы, агідны фарс.— Або зарэжам? А-а, здагадаўся: зальём ім вочы салянай кіслатой…

— I вы яшчэ жартуеце? — Жураўская збялела: чаго іншага, а жартаў яна не чакала.— Няўжо вы самі такі распуснік, што здрада жонкі выклікае ў вас толькі паблажлівую ўсмешку? Няўжо ў вас няма элементарнага пачуцця чалавечай годнасці?

— Відаць, няма.— Чумакоў устаў і паглядзеў на гадзіннік, даючы ёй зразўмець, што не мае часу на пустыя размовы.— Даруйце, але ў сітуацыях, падобных на нашу, кожны прымае рашэнне самастойна, калектыўныя дзеянні тут нічога не дадуць. Магчыма, яны кахаюць адно аднаго, а? Не знюхаліся, як вы сказалі, а пакахалі… Вам такі варыянт не прыходзіў у галаву? Ва ўсякім разе, я пакуль што абсалютна не ведаю, што з гэтым рабіць, хаця, на вялікі жаль, нешта рабіць, відаць, трэба…

— Затое я ведаю! — Валянціна Іванаўна стукнула кулаком па сухім калене, туга абцягнутым спадніцай.— Я зняслаўлю іх на ўвесь горад, я…

— I што,— рашуча перапыніў яе Чумакоў,— гэта верне вам мужа? Верне шчасце, якое вы страцілі? А ці было яно ў вас, шчасце?

Жураўская раптам усхліпнула і закрыла твар далонямі. Рукі ў яе былі шырокія і вялікія, маршчыністыя — старыя рукі, якія многа рознай работы перарабілі на сваім вяку, і Чумакову зноў стала да болю шкада яе і шкада сябе: за што караеш, божа?

— Я ніколі не была з ім шчаслівая,— прашаптала яна.— Мы пражылі разам больш за дваццаць год, а я так і не адчула, што гэта такое — быць шчаслівай.

— Чаму ж вы не развяліся з ім? Даўно, як толькі зразумелі, што ён не прынёс вам шчасця? Нашто гэта трэба было — пакутаваць больш за дваццаць год?

— Таму што я люблю яго.— Жураўская выцерла далонню твар.— Я спрабавала, але… Я не магу без яго жыць. Ён нягоднік і… але я не магу без яго жыць. Алякеей Пятровіч, зрабіце нешта, каб пакласці гэтаму канец. Я не перажыву гэтага. Вы — мужчына, вам прасцей, а я гэтага не перажыву…

«А я — перажыву? — спытаў ён у сябе.— Напэўна, перажыву. Бо я вінаваты ў тым, што ўсё гэта здарылася. Я адзін. Вось толькі Сярожку і Аленку шкада — які след усё гэта пакіне ў іх душах?! Але нічога, Сярожка ўжо амаль дарослы, хутка васемнаццаць, ён з гэтым справіцца. I Аленка неяк справіцца, што ж ты зробіш…»

Валянціна Іванаўна выцерла насоўкай твар. Вочы ў яе пачырванелі, але глядзелі цвёрда і рашуча.

— Я спадзявалася знайсці ў вашай асобе саюзніка,— сказала яна.— На вялікі жаль, відаць, я памылілася. Каб вы былі сапраўдны мужчына, вы хутка прызвалі б сваю распусніцу да парадку. Але вы не мужчына. Вы — ануча, мазгляк, слінявы інтэлігент. Набіце ёй морду, калі вы не можаце яе выкінуць, як блудлівую кошку. Набіце ёй морду, каб яна паўгода не магла паказацца на людзях, і яна пакіне майго мужа ў спакоі, інакш гэтым прыйдзецца заняцца мне, хоць я ўсяго толькі жанчына…

— Што ж,— сказаў Чумакоў,— баюся, вы маеце рацыю. Я, відаць, сапраўды ануча, мазгляк і нават гэты… слінявы інтэлігент. Я не буду біць ёй морду, гэта факт.— Чумакоў пакутліва ўсміхнуўся.— Я і вас не змагу ўдарыць, хоць, бачыць бог, вы гэтага заслужылі. Не змагу, і ўсё тут. Ніколі не біў людзей па твары. Давайце паспрабуем вырашыць нашы праблемы, як кажуць, мірным шляхам.

Яна ўжо зноў была спакойная і самаўпэўненая.

— Вельмі шкада. А я думала, што мы будзем дзейнічаць разам.

— О не! — спалохаўся ён.— Для гэтага я не такі злапамятны. Толькі не разам! Ідзіце, калі ласка, адсюль, а то спозніцеся на аўтобус.

3

Пакуль Валянціна Іванаўна дайшла ад хірургічнага корпуса, дзе сустрэлася з Чумаковым, да аўтобуснага прыпынку, яна двойчы спынялася, каб адпачыць. На шчасце, на прыпынку нікога не было, і аўтобус стаяў з гасцінна расчыненымі дзвярыма, зусім пусты — тут быў яго канцавы прыпынак. Яна села ў куток, на апошняе сядзенне, і выратавальнае забыццё падхапіла яе на свае крылы і панесла далёка-далёка, дзе і гора было не гора, і смутак не смутак. Валянціна Іванаўна ўбачыла вузкую доўгую актавую залу педвучылішча, ярка асветленую сцэну і сябе на гэтай сцэне ў доўгай чорнай сукенцы і бліскаўкамі — ах, як зайздросцілі дзяўчаты ў інтэрнаце гэтай яе сукенцы, ні ў кога не было такой шыкоўнай тэатральнай сукенкі, яна чарадзейна ператварала хударлявую вуглаватую дзяўчынку ў прыгажуню-актрысу, у жанчыну з нейкага іншага свету, дзе няма ні зуброжкі, ні экзаменаў, ні сіроцкіх галаднаватых абедаў у сталоўцы інструментальнага завода, дзе ўладараць каханне, пяшчота і прыгажосць, Выкладчыца спеваў Марыя Якаўлеўна з усмешкай кіўнула ёй з-за піяніна галавою, падбадзёрыла, кранула клавішы, і яна эаспявала «Салаўя» Аляб’ева, свой любімы раманс. Голас у яе быў моцны, прыгожы — каларатурнае сапрана, чыстае срэбра гукаў лілося вольна і шырока, ім было цесна ў гэтай вузкай зале, яны біліся ў вокны, як той самы салавей-салоўка, і сотні людзей, здавалася, дыхаць перасталі, каб ён мог закончыць свой чароўны палёт. I недзе там, у глыбіні залы — са сцэны не ўбачыць, сядзеў Арсен Жураўскі са сваім сябрам Васілём Лаўрыновічам; Васілёва дзяўчына, Тамара, вучылася ў іх групе, гэта Васіль прывёў Жураўскага на святочны вечар у педвучылішча і пазнаёміў іх, і Валянціна неяк адразу адчула, што вось гэта і ёсць яе лёс, што яна неўзабаве выйдзе замуж за гэтага даўгалыгага хлопца з насмешлівымі вачыма і вузкім тварам і будзе доўга пакутаваць з ім. Так, так, ужо тады, пры знаёмстве, пры першай сустрэчы, Валянціна ведала, адчувала кожнай клетачкай свайго цела, што асуджана на пакуты, але не адвярнулася ад яго, як ад іншых хлопцаў, з якімі яе знаёмілі, не ўцякла — куды ад уласнага лёсу ўцячэш, дзе схааваешся?..