Выбрать главу

Спяваць і дыхаць — яна не ведала паміж гэтым розніцы. Проста, натуральна, без аніякага напружання яна брала самыя верхнія ноты, касмічныя вышыні, дзе ўжо, здавалася, і паветра не было. Неяк на трэцім курсе Марыя Якаўлеўна адвяла яе ў кансерваторыю, там Валянціну слухаў добры тузін прафесараў і выкладчыкаў, яны былі ў захапленні ад яе голасу, пастаўленага самой прыродай, і абсалютнага музычнага слыху; ёй прапанавалі кінуць сваё няшчаснае педвучылішча і пайсці вучыцца ў кансерваторыю, хоць у яе і не было сярэдняй адукацыі, у педвучылішча паступіла пасля сямі класаў, але яна ўперлася на сваім — хачу быць настаўніцай, толькі настаўніцай і больш нікім, і яны з жалем адпусцілі яе. Эх, дурыла, дурыла, стала б даўно спявачкай, можа, нават вядомай, спявала б галоўныя партыі ў самых знакамітых операх, і ўсё было 6 у тваім жыцці, усё, пра што ты марыла,— кветкі, апладысменты, усеагульнае захапленне, і, магчыма, не давялося 6 табе спазнаць, што адчувае чалавек, якога пераехала паравьм катком.

Яна праспявала тады «Салаўя» і «Урачыстую песню» Дунаеўскага — дзве свае самыя любімыя рэчы: у педвучылішчы было багата спявачак, але ніхто не адважваўся спаборнічаць з Валянцінай, ніхто і не падступаўся да каларатуры Аляб’ева і Дунаеўскага,— і сышла са сцэны пад выбух воплескаў. Асабліва стараліся Арсен і Лаўрыновіч, у Арсена нават далоні апухлі, так ён пляскаў. А потым былі танцы, хлопцы адцягнулі да сцен крэслы; і яны танцавалі, танцавалі, аж пакуль дзяжурныя выкладчыкі не пачалі гасіць святло, і Арсен асцярожна падтрымліваў яе і дыхаў у вуха. Узбуджаны, зачараваны, ён нагадваў вераб’я ў веснавой лужыне, і Валянціне было смешна ад гэтага яго падабенства, але адначасова сэрца яе поўнілася пяшчотай і салодкім болем. А потым яны выйшлі ў дворык, густа абсаджаны дрэвамі; голыя дрэвы мерзлі пад халодным ветрам; дворык быў завалены пульхным бялюткім — ніводнага следу навокал — снегам: на дварэ мяло. Арсен крыху патаптаўся каля яе, пасля раптам прыгнуўся і пачаў выкалупліваць снег з чаравіка: падлога ў зале была няроўная, сукаватая, а ён, бедны, так стараўся, з такім імпэтам танцаваў, што пракруціў у падэшвах дзіркі, і заўважыў гэта толькі тады, калі на дварэ стала холадна ў ногі. Ах, як яна тады рагатала з яго, хоць Марыя Якаўлеўна катэгарычна забараняла ёй не тое што рагатаць, нават размаўляць на холадзе, ды што ёй у тую хвіліну была Марыя Якаўлеўна з яе забаронамі! — як яна рагатала, аж у сумёт павалілася ад смеху. Што ж ты будзеш рабіць, бедненькі, як ты даклыпаеш дадому, яшчэ схопіш праз мяне запаленне лёгкіх, пачакай, я папрашу ў нашых хлопцаў, можа, хто мае запасныя чаравікі, які ў цябе памер, відаць, сорак апошні, га? I ён паваліўся ў снег, і моцна абхапіў яе, і прыціснуўся гарачымі вуснамі да яе вуснаў, а яна падхапілася, адштурхнула яго і пабегла ў інтэрнат — у самім будынку педвучылішча пад інтэрнат адвялі чацвёрты паверх, вялізныя класныя пакоі, дзе стаяла па два дзесяткі ложкаў, як у казарме,— а снег кружыў, кружыў над зямлёй, белы і чысты, як мара. Навагодняя ноч… Лепш бы я нагу сабе зламала і праляжала гэту ноч адна ў пустым, як стадола, пакоі; гэта ж з яе, з тае ночы, пачаўся мой шлях на Галгофу. Больш за дваццаць гадоў я брыла па ім, адчуваючы на сваіх плячах, на сэрцы сваім смяротны цяжар крыжа, аж пакуль мяне сёння не распялі на ім.

Месяцаў пяць яны пражылі як у ліхаманцы. Кожны вечар спатканні, кіно, тэатры, бясконцыя, ледзь не да раніцы, размовы. Валянціна яшчэ больш схуднела, часам яна і спала на ўрокак з адкрытымі вачыма; Арсену таксама было нялёгка, ён вучыўся ва універсітэце, на журфаку, на трэцім курсе, не паспяваў рыхтавацца да семінараў, не здаў у тэрмін курсавую — абое ледзь не завалілі летнюю сесію.