Арсен ведаў, што Валіны бацькі загінулі ў Мінску ў вайну, што яна вырасла ў дзіцячым доме, некалькі разоў ён хадзіў з ёю ў той дом — шэрую панылую будыніну ў Сляпянцы; Валянціна вяла там харавы гурток, нешта памагала выхавацелькам. Яна і яго прымусіла расказаць дзецям, як робіцца газета, а потым Арсен нават нарыс у «Чырвоную змену» напісаў пра гэты знешне змрочны, але цёплы і ўтульны дом, дзе добрыя людзі, не шкадуючы сябе, стараліся вярнуць дзяцінства абяздоленым жахлівай вайной дзецям, неяк адагрэць іх зарана агрубелыя сэрцы,— і гэты нарыс яму залічылі за курсавую работу, якую ён так і не зрабіў.
Стыпендыя ў педвучылішчы была маленькая — сто восемдзесят рублёў, хапала іх хіба што на батоны з малаком ды на танныя абеды ў сталоўцы інструментальнага завода, але Арсен хутка заўважыў, што Валянціна даволі добра і апранаецца, хоць дзіцячы дом ужо нічым памагчы ёй не мог. Акрамя той шыкоўнай чорнай сукенкі з бліскаўкамі, у якой ён яе ўпершыню ўбачыў, былі ў яе яшчэ некалькі просценькіх, будзённых, і паліто зялёнае, зусім новае, праўда, «сямісезоннае», як яна сама жартавала, і нават лакіраваныя туфелькі — запаветная дзявочая мара пачатку пяцідзесятых гадоў.
— Як гэта табе ўдаецца жыць на такія капейкі? — неяк не ўтрымаўся, спытаў ён, хоць і разумеў, што пытанне гэта не дужа тактоўнае і можа пакрыўдзіць Валянціну.— У мяне стыпендыя — чатырыста, і ў газетах патроху халтуру, і на радыё, і маці сотню-дзве прысылае кожны месяц, а я ўсё роўна ў хлопцаў на абед страляю. А ты…
— Чаму ж на капейкі? — па ўсмешцы Арсен убачыў, што Валянціна не пакрыўдзілася, і з палёгкай уздыхнуў.— Я ўсе тры гады, як сем класаў скончыла, у рэстаране «Беларусь» вечарамі пасудамыйкай была. Аж пакуль з табою не скруцілася, вольных вечароў не стала. Там жонка матчынага стрыечнага брата галоўным адміністратарам працуе, Левус Аксана Фёдараўна. Вельмі яна мяне шкадуе. Аформіць мяне на работу афіцыйна яна не магла, гады не дазвалялі, ды і наогул — студэнтка, няможна. Пухнуць ад голаду можна, а працаваць няможна… Ну, я так, неафіцыйна… Прыходзіла ў сем гадзін — і да адзінаццаці. А запісвалі на цётку Марылю, кладаўшчыцу. Быццам гэта яна па сумяшчальніцтву. Яна атрымае ў канторы грошы, нясе, смяецца…
— I багата ты так… намывала?..
— А якраз як твая стыпендыя, чатыры сотні. Я і харчавалася там, і з сабою ў педвучылішча прыносіла, дзяўчат падкармлівала. Ты нават не ўяўляеш, колькі рознага дабра застаецца на талерках. Не моршчыся, я аб’едкаў не падбірала, можа, толькі першыя дні… Вельмі ж у дзіцячым доме згаладалася. А потым… Кліенты як панапіваюцца, ім нічога ў горла не лезе. А афіцыянткі мяне шкадавалі, ведама ж — сіротка, ды і Аксана Фёдараўна… Прынясуць некранутае: «Паеш, Валечка, можа, вывучышся, чалавекам станеш, не век жа табе тут, у брудных ночвах, плёхацца. Некалі і нас добрым словам успомніш».— Валянціна ўздыхнула.— Пяску на вочы насыплюць, можа, тады я іх забуду. I Аксану Фёдараўну, і цётку Марылю, і Танечку… Не змагла б я без іх вучыцца, кінула б даўно, на якую фабрыку ўладкавалася б… А мне ж так хочацца стаць настаўніцай… Мае бацькі былі настаўнікамі, тата гісторыю выкладаў, а мама — у пачатковых класах… Вось так, Арсен, з гэтага я і жыла. А калі табе сорамна са мной, што я посуд мыю ды з чужых талерак ем, дык будзь здароў, пашукай другую. Можа, дачка якога міністра трапіцца ці акадэміка — ім хлеб зарабляць не трэба. А не захочаш шукаць, усё роўна заўтра не прыходзь ды і пасля таксама, хіба што днём на хвілінку. Я зноў у рэстаран пайду, вельмі хочацца да выпускнога вечара новую сукенку пашыць, не надзяваць жа чорную…
У шэрых вачах яе стаялі слёзы, і ён цалаваў гэтыя вочы, задыхаючыся ад пяшчоты, ад спагады і жалю, ад таго, што не можа купіць ёй новую сукенку да выпускнога вечара і пачаставаць у тым самым рэстаране, не ў закутку пры кухні, не з чужых талерак, няхай сабе нават і некранутых, а ў прыгожай зале, пад крыштальнымі люстрамі, дзе сам ён, дарэчы, яшчэ ні разу не быў.
— Вось чаму ў цябе такія рукі,— глуха сказаў ён.— А я ўсё думаў, усё не мог зразумець, чаму ў цябе такія маршчыністыя рукі, як быццам чужыя, як рукі маёй мамы…
— Таму, вядома,— Валянціна асцярожна пацерла рукі, вялікія, амаль мужчынскія, з доўгімі дужымі пальцамі.— Патрымай іх тры гады ў гарачай тлустай вадзе, у содзе, і ў цябе такія будуць. Але нічога, я сваіх рук не саромлюся. Затое не крала імі, кавалка хлеба ў людзей не прасіла. Працавала.