Выбрать главу

Цяпер можна было плакаць — усё роўна твар мокры, хто здагадаецца, слёзы гэта ці проста вада…

Арсен забраў у яе вядро, пачапіў на цвік.

— Хопіць. Прастудзішся.

Выцер сваёй хустачкай ёй твар, сукенку, зашпіліў паліто. I яны пайшлі на станцыю.

На вакзале было пуста, толькі каля закрытай касы некалькі чалавек з клумкамі чакалі позняга цягніка на Жлобін. На Арсена і Валянціну ніхто не звяртаў увагі. Яны прайшлі ў залу чакання, селі ў кутку на лаўку з высокай нязручнай спінкай, і Валянціна як бы ў нейкую бездань правалілася. I нічога ў той бездані не было — ні Арсена, які пяшчотна сціскаў яе рукі, ні яго раз’юшанай маці, ні чужога незнаёмага горада — яна так і не паспела яго ўбачыць, пахадзіць па яго вуліцах,— нічога, акрамя невыноснай гарачыні. Валянціне здавалася, што яе звязалі і кінулі ў вогнішча, у зыркае полымя, і яна не магла паварушыць ні рукой, ні нагой, каб хоць адсунуцца, адпаўзці ўбок. Вось ужо задымілася — зараз успыхне! — сукенка, вось загарэліся валасы і пякучы боль працяў усё цела. «Хоць бы хутчэй памерці,— падумала яна,— хоць бы хутчэй…»

Ачуняла ўжо ў цягніку, аж за Рудзенскам. Прыціснулася гарачай шчакой да халоднага чорнага шкла. Адразу стала лягчэй. У Мінску на трамваі даехала да інтэрната.

Два дні пластом праляжала на сваім ложку. Дзяўчаты перапалохаліся, хацелі выклікаць урача — не дазволіла, Потым пайшла на заняткі. А яшчэ праз тыдзень з букетам бэзу, урачысты, адпрасаваны, па яе прыехаў Арсен.

— Урэшце нам не з маткай жыць,— сказаў ён.— Калі ты мяне сапраўды кахаеш, паехалі ў загс. Нам прызначана на сёння. Ну, а калі не…

Яна кахала. Сапраўды. I ведала, што ён таксама кахае яе. А Лідзія Трахімаўна… Што ж, жыццё пакажа…

Так яны сталі мужам і жонкай. Арсен зняў на Саламянай вуліцы, непадалёк ад педвучылішча, маленькі, метраў на шэсць, пакойчык з нікеліраваным ложкам, тумбачкай і дзвюма табурэткамі,— пры ўсім жаданні туды больш нічога нельга было ўвапхнуць, ды ім больш нічога і не патрэбна было. Там меркавалася і сабраць некалькі яго таварышаў і яе сябровак, каб адзначыць гэту падзею. Але ўсё адбылося інакш: вяселле Валянціне наладзілі пасудамыйкі, афіцыянткі, кухаркі, усе, на чыіх вачах яна тры з паловай гады зарабляла сабе магчымасць вучыцца, хто палюбіў яе за сціпласць і працавітасць. У банкетнай зале накрылі такі стол, што бедныя студэнты, яго і яе сябры, якіх Аксана Фёдараўна загадала ім прывесці, аж аслупянелі, ды і самі маладыя таксама.

На тым вяселлі Валянціне падарылі ўсё, што трэба, калі пачынаеш самастойнае жыццё: пасцельную бялізну і капу, засцілаць ложак, лыжкі і відэльцы, талеркі і кубкі, каструлі, мясарубку і процьму іншых рэчаў, аб існаванні якіх яна нават не здагадвалася. Позна ноччу, калі ўсе разышліся, студэнты, сябры Арсена, ледзь завалаклі Валін «пасаг» да іх на кватэру.

Лідзія Трахімаўна на вяселле не прыехала. Павіншавала тэлеграмай, спаслалася, што кепска сябе адчувае. Характар у яе быў упарты — упершыню адведала сына з нявесткай толькі калі нарадзіўся Андрэйка. Арсен часам ездзіў да яе, пасылаў грошы. Валянціна не пярэчыла: твая маці, твая справа. Пазней Лідзія Трахімаўна прыязджала час ад часу на дзень-два: Арсен вадзіў яе да ўрачоў. Да Валянціны ставілася як да чужой — абыякава-ветліва. Ні абдымкаў, ні пацалункаў, ні падарункаў… хіба што ўнуку. «Добры дзень».— «Добры дзень».— «Бывайце здаровы!» — «Шчасліва!» Аказалася, што можна жыць і так. Арсен гэта называў «халоднай вайной». Ён пакутаваў, але памірыць іх не стараўся. Урэшце, лепш «халодная» вайна, чым «гарачая».

Раніцай Арсен бег на работу, Валянціна — на заняткі. За пакойчык плацілі чатырыста рублёў у месяц, палову яго зарплаты. Арсен нават думкі не мог дапусціць, што Валянціна зноў пайшла мыць посуд, з гэтым было скончана назаўжды. Каб неяк пражыць, трэба было пісаць. І ён пісаў. Ездзіў у камандзіроўкі і пісаў днём і ноччу. Не грэбаваў нічым. Заметкі, інфармацыю, нарысы, фельетоны, рэцэнзіі, агляды… Пісаў у сваю газету, у чужыя, у часопісы, на радыё. Валянціна дзівілася яго працаздольнасці, радавалася, што яго хваляць сябры. Яны ж часам папракалі Арсена, што ён спяшаецца, не ўнікае глыбока ў праблемы, злоўжывае штампамі. «Пляваць,— смяяўся Арсен.— Мне патрэбны грошы, каб купіць жонцы новую сукенку і зімовае паліто, каб плаціць за кватэру, і я зарабляю гэтыя грошы, вось і ўсё».