Валянціна не разумела гэтага. Не гналася яна за сукенкамі ды і без зімовага паліто неяк абыходзілася. Ці ж можна пасміхацца з самага галоўнаіа ў жыцці — з работы? Ці можна зводзіць яе толькі да грошай…
На свае заняткі ва універсітэце Арсен глядзеў скрозь пальцы, вучыўся ён лёгка, усё хапаў на ляту, трох начэй яму было дастаткова, каб перагартаць падручнік і спакойна здаць любы экзамен, тым больш што на завочным адзнака не мела для яго значэння — абы не «хвост», Да таго ж ён ужо працаваў у рэспубліканскай газеце, яго імя мільгала там і тут, а на завочным да такіх студэнтаў ставіліся памяркоўна. Калі ўжо чалавек журналіст, дык трэба яму даць дыплом, каб неяк ураўнаважыць таго дурня, які выйдзе з універсітэта з дыпломам, так і не навучыўшыся звязаць два радкі. А Валянціна вучылася цяжка, вечары ў пасудамыйні дарэмна не прайшлі, падрыхтоўка ў яе была слабая, брала больш зуброжкай, а на гэта патрэбен быў час і час. Арсен як мог памагаў ёй: тлумачыў незразумелае, пісаў сачыненні, на керагазе ў калідорчыку гатаваў абед бегаў па магазінах. Трэба ж было ёй неяк закончынь сваю вучобу. Ён кахаў яе — і нічога не было яму ў цяжар; абыдзецца, пасля будзе лягчэй. Затое якой жа ўдзячнасцю свяціліся яе вочы, калі яна адрывала іх ад падручніка,— за адзін гэты пагляд Арсен быў гатовы зямлю перавярнуць, а не то што падсмажыць яешню або адварыць сасіскі.
3 гаспадарамі — старой і старым — жыў іх унук Эдзік, здаравенны круглатвары бэйбус з пустымі вачыма, тоўстымі адтапыранымі губамі і жаночым азадкам. Ён развёўся з жонкай і цяпер залізваў душэўную рану — пралежваў канапу ў суседнім пакоі. Па вечарах, калі Валянціна зубрыла, а Арсен пісаў, уладкаваўшыся ля тумбачкі, Эдзік круціў прыёмнік. Прыёмнік быў шыкоўны, «Беларусь»,— вялізная скрыня з дзесяткамі кнопак, браў ён увесь свет і роў так, што, мабыць, аж на Камароўцы было чуваць. Арсен і Валянціна прасілі Эдзіка хоць зменшыць гук, але ён толькі пасміхаўся: «Я тут гаспадар. Не падабаецца, каціцеся к чортавай матары, інтэлігенты паршывыя». Сам ён скончыў сяк-так шэсць класаў і працаваў грузчыкам на прадуктовай базе, «інтэлігентаў» не лічыў за людзей. Пазней Валянціна растлумачыла Арсену сапраўдную прычыну гэтай злосці: Эдзік неяк у калідоры аблапаў яе і яна з усяе сілы дала яму па мордзе. Рука ў Валянціны была цяжкая, Эдзік заліўся крывёю і больш не прыставаў.
Самае смешнае было ў канцы месяца, калі Арсен аддаваў гаспадыні грошы за кватэру. Яніна Францаўна, паслініўшы пальцы, старанна пералічыла паперкі і папрасіла яшчэ дзесятку.
— Тут жа роўна чатырыста,— здзівіўся Арсен.— Няўжо я памыліўся?
— Не, не,— паспешліва адказала Яніна Францаўна,— вы не памыліліся.— Але ж вы цэлы месяц слухалі радыёпрыёмнік, а гэта ж таксама каштуе грошай. Адной электрыкі колькі нагарэла…
Даводзіць ёй, што яму з Валянцінай тая музыка часцей замінала, што яны не маглі за ёю ні працаваць, ні адпачываць, не мела сэнсу. Гаспадыня проста не зразумела б гэтага. Яна глядзела на Арсена выцвілымі вочкамі з такой пераканасцю ў сваёй праўдзе: слухалі музыку — плаціце! — што ён засмяяўся і дастаў яшчэ дзесятку: знайсці асобны пакойчык у той час было вельмі цяжка. Тым больш што Яніна Францаўна ўвогуле была не самай дрэннай з мінскіх гаспадынь. Яна не лезла ў іх справы, дазваляла карыстацца керагазам, толькі газу Арсен купляў сам, нават некалькі разоў запрашала да сябе ў вялікі пакой піць чай. Ставіла на стол самавар, даставала з буфета тонкія фарфоравыя кубкі, клала ў разетачкі па лыжцы варэння, прыносіла ў вазачцы тонка нарэзаны яблычны пірог.
Валянціна ненавідзела гэтыя кубкі да дрыжыкаў і з дазволу гаспадыні прыносіла свой, фаянсавы. Кубкі, як і шмат што іншае, дасталіся Яніне Францаўне ў спадчыну яшчэ ад прабабкі, было ім ужо амаль сто год, старая з гонарам сказала пра гэта ў першы ж вечар, калі яны зайшлі да яе. Валянціна не тое што ў рукі ўзяць — дыхаць баялася на тоненькі, амаль празрысты, фарфор, якому месца было хіба што ў музеі. Кубкі, сподачкі, ваза былі ўпрыгожаны саладжавымі малюнкамі пастушкоў і пастушак, якія пасвілі на квітнеючым лузе авечак. Каб яна, крый божа, незнарок разбіла хоць адзін, Яніна Францаўна, відаць, адразу ж выгнала б іх на вуліцу.
Валянціна доўга не магла зразумець, чаму ж яна ставіць свой бясцэнны скарб на стол, чаму дастае яго з-за шкла гэткага ж стогадовага музейнага буфета, упрыгожанага выразанымі з дрэва купідонамі і гронкамі вінаграду? А потым здагадалася: гэта пыха, ненатольная пыха! Ёй мала — мець, трэба яшчэ і пахваліцца, і выклікаць зайздрасць, вось тады толькі можна адчуць ад рэчы сапраўдную асалоду. I Валянціна рабіла выгляд, што сапраўды любуецда гэтымі кубачкамі, ахкала і вохкала над імі і разглядала ружаваты фарфор на святло, у той час як ёй хацелася бразнуць яго аб падлогу. «Што гэта? — з роспаччу думала яна.— Прайшла такая жахлівая вайна, столькі гарадоў і вёсак знішчана, разбурана, за нейкія два кварталы адсюль, ад гэтай вулачкі, усё яшчэ ляжаць чорныя, страшныя руіны, сотні тысяч людзей страцілі ўсё, што мелі, нават жыццё, а ў гэтым доме захавалі стогадовыя чарапкі, і ганарацца імі, і дрыжаць над імі, як быццам гэта самая каштоўная рэч на свеце. Не, лепш ужо ўсё жыццё карыстацца капеечнымі шклянкамі…»