Затое як жа шчыра захапляўся ўсім гэтым Арсен! Вось у кім Яніна Францаўна знайшла родную душу! Яму ўсё падабалася: і музейны сервіз, і крыштальная люстра, што вісела над круглым сталом на бронзавых ланцугах, і блакітны дыван з пунсовымі ружамі на ўсю сцяну, і вялізны гадзіннік у кутку, з бліскучымі вагамі і залацістым цыферблатам — працяглае меладычнае бомканне яго доўга не давала Валянціне спаць, і цяжкія, цёмныя ад старасці срэбраныя нажы, лыжкі і відэльцы… Ён любіў усе гэтыя рэчы, быццам яны былі жывыя. «Нічога,— шаптаў ёй Арсен, калі яны вярталіся ў свой пакойчык,— пацярпі. Некалі і ў нас будзе не горш, вось пабачыш!»
А ёй не патрэбна бьшо ўсё гэта, ёй нічога не трэба было, апрача школы і яго кахання, але ён, відаць, так і не здолеў гэтага зразумець.
Ці не тады нарадзілася ў яе абыякавасць да рэчаў, нават да самых дарагіх, і не ў спадчыну атрыманых, а купленых за ўласныя, цяжкай працай заробленыя грошы? А можа, яшчэ раней, у дзіцячым доме, дзе ніхто не меў нічога свайго, дзе ўсё было агульнае, дзе ўсё было бясплатнае, дзе ўсе ведалі, што праз год дадуць новае, дык чаго над ім калаціцца, чаго яго берагчы… Абыякавасць да рэчаў, да мяшчанскай утульнасці і вылізанаеці, да тых уяўных каштоўнасцей, якімі Арсен паступова пачаў усё больш і больш даражыць…
«Ах, Арсен, Арсен, маё жыццё, мая Галгофа, мой цяжкі і горкі крыж...»
4
Людзі заходзілі ў аўтобус на прыпынках і выходзілі, а Валянціна Іванаўна сядзела ў сваім кутку, заціснутая нейкім мажным дзядзькам з тоўстым партфелем, і думкі яе блукалі далёка адсюль, у іншай прасторы і ў іншым часе. Там яна дыхала гарачай парай над цынкавымі ночвамі з брудным посудам — талеркі асобна, талерачкі асобна, бакалы і чаркі, відэльцы і нажы — усё асобна, а рукі распухлі і сталі чырвоныя, як кавалкі сырога мяса; бедныя вы мае ручанькі, рыдлёўку вам трымаць, а не мужыкоў лашчыць! Ужо цяжарная Андрэем, з зямлістымі плямамі на твары, здавала ў педінстытуце экзамен па педагогіцы, і ён, нягоднік, біў яе ножкай у жывот так моцна, што яна ледзь не губляла прытомнасць — на шчасце, выкладчык заўважыў, што ёй зусім кепска, і адпусціў, не даслухаўшы адказу на другое пытанне, а то, пэўна, давялося б выклікаць «хуткую дапамогу». У вялізным натоўпе, не на сваім, а на яго выпускным вечары, спявала «Салаўя» Аляб’ева і бачыла блізка-блізка перад сабою радасныя, шчаслівыя вочы Арсена — чорныя, глыбокія, як калодзеж, з жаўтаватымі кропелькамі вакол зрэнкаў. Якая пакутлівая асалода — правальвацца ў бездань гэтых вачэй і ляцець, ляцець і адчуваць, што зямное прыцягненне больш не мае над табой улады, нішто не мае над табой улады, акрамя гэтых пяшчотных шчаслівых вачэй.
Салавей мой, салавей… Бязглуздая сарока-тараторка, вось што ты такое…
Раптам яе быццам у плечы хто штурхнуў, яна ўсхапілася і пачала прабівацца да выхаду, бесцырымонна расштурхоўваючы людзей, што набіліся на заднюю пляцоўку. Яна не ведала, які гэта прыпынак, але падсвядома адчувала, што павінна тут выйсці, абавязкова тут, і выскачыла Ў апошні момант, калі шафёр ужо зачыняў дзверы. Нейкую хвіліну яна стаяла на асфальце і не магла зразумець, дзе знаходзіцда, потым здагадалася — на Юбілейнай плошчы, і зразумела, якая сіла выштурхнула яе з перапоўненага аўтобуса менавіта тут. Круглы гадзіннік на рагу магазіна «Тэхніка ў побыце» паказваў пяць пятнаццаць. Яе дарога на Галгофу свайго кахання яшчэ не скончылася, не, ёй яшчэ трэба было прайсці колькі крокаў, знайсці вуліцу Дзімітрава і там або памерці, або знайсці ў сабе сілы пакончыць з усім гэтым, ачысціцца ад гэтай навалачы і пачаць новае, якое яно ўжо там будзе, жыццё.
Валянціне Іванаўне апантана захацелася на свае вочы ўбачыць, як гэта будзе. Разам яны пойдуць па той вуліцы ў дом нумар адзінаццаць ці паасобку? Пэўна ж, паасобку, не хопіць у іх нахабства, каб ісці разам, пабраўшыся за рукі. Закаханыя маладзёны… Гэта ж як на крадзёж. Трэба ж нейкае сумленне мець. Хаця адкуль яно ў іх, сумленне? Каб у іх была хоць кропля таго, што людзі называюць сумленнем, не было б нічога гэтага, ніколі не было б.