Выбрать главу

Ёй нясцерпна захацелася ўбачыць, як яны, разам ці паасобку, зойдуць у гэты дом, пачакаць мінут дзесяць-дваццаць, а затым зайсці самой і пазваніць у дзверы. У яе соладка абмерла сэрца, калі яна ўявіла, які там узнімецца пярэпалах. Трапілі ў пастку, душа з вас вон, трапілі… Вядома, яны затояцца, як мышы, каб той, хто звоніць, вырашыў, што кватэра пустая,— і толькі адна думка апячэ абаіх: а хто ж гэта звоніць? Выпадковая прыяцелька, суседкаі ці… ці нехта свой? А я буду ціснуць і ціснуць на чорненькую кнопку званка, няхай грыміць, вішчыць, заходзіцца — па іх нервах, напятых, як струны, па іх сэрцах. О-о, з помслівай радасцю думала яна, ім адразу ж расхочацца мілавацца, праз пяць мінут яны пачнуць ужо люта ненавідзець адзін аднаго: усё з-за цябе, з-за цябе… А калі гэтая сцерва Чумакова накрыла стол — а яна ж накрые стол і дастане з халадзільніка шампанскае (такія сустрэчы, напэўна ж, не абыходзяцца без шампанскага, трэба ж неяк нечым адурманіць, падагрэць сябе, каб займацца сярод белага дня тым, што нармальныя людзі робяць ноччу, што па самой інтымнай прыродзе сваёй баіцца святла), дык у іх кавалак засядзе ў горле і чаркі выслізнуць з рук. Я ім наладжу Варфаламееўскую ноч, век будуць помніць. Цікава, ці доўга яны пратрымаюцца? Хто падыдзе да дзвярэй, Арсен ці яна? Ёсць там вочка? Калі ёсць, я заткну яго пальцам, чорта лысага яны ўбачаць. Ён упнецца вокам у цемру і на дыбачках вернецца назад, у пакой, і зашэпча ёй, што нічога не відаць, а званок будзе грымець, грымець — наўрад ці ён здагадаецца абарваць правады! Божа літасцівы, каб я трапіла ў такое становішча, я, відаць, звар’яцела б праз пяць мінут, але я ніколі не траплю ў такое становішча. Я сумленная жанчына, гэты падонак быў маім першым і апошнім мужчынам, хаця колькі іх, бязрогіх казлоў, увівалася вакол мяне, асабліва ў санаторыях, дзе ўсе яны, нават самыя старыя, брыдкія і нямоглыя, быццам шалеюць, апынуўшыся на свабодзе. А ці мала было аматараў задурыць мне галаву тут, дома? Адзін ваенком Наўроцкі чаго варты. Прыгажун, весялун, колькі кампліментаў я чую ад яго на кожнай нарадзе, калі мы бываем разам, колькі прапаноў з’ездзіць у лес, на Мінскае мора, у рэстаран «Заслаўе» — куды-небудзь, дзе нас ніхто не ведае. Быццам я не разумею, што стаіць за гэтымі прапановамі! Гэта з яго лёгкай рукі мяне сталі называць «жалезная ледзі»; чорт яго ведае, чаго болей у гэтай мянушцы, павагі ці абразы. Ва ўсякім разе, я хутка паставіла яго на месца, і яго, і іншых… А чаму, чаму? Я ж не жалезная, я звычайная, я столькі напакутавалася з Арсенам, і мне часам хацелася, каб вехта адагрэў душу,— чаму я засталася сама сабой? Відаць, таму, што ў мяне ёсць пэўныя прынцыпы, калі б я здрадзіла ім, я перастала б сябе паважаць, а для мяне гэта ўсё роўна што смерць… Ну, а калі прасцей, без прынцыпаў? А калі прасцей, дык я ўсё жыццё кахала Арсена, я нават уявіць сабе не магла, каб чужыя брудныя рукі абдымалі мяне. Мне праціўна было пра гэта нават падумаць. I гэта ўсё? Толькі сумленна, сумленна, смешна ж ілгаць самой сабе. Ну, калі зусім сумленна, як на споведзі, дык я страшна баялася абортаў. Гэты страх атруціў мне маладосць, што ні кажы пра Арсена, ён бярог мяне, а ці стаў бы берагчы чужы, для каго галоўнае — атрымаць сваё, на якое ліха ён бярог бы мяне? Не, глупства, няпраўда, навошта я нагаворваю на сябе? Так, некалі баялася, але потым з’явіліся гэтыя пілюлі, урэшце я ж не ад Веранікі Акімавай пра іх даведалася… Каб мяне ўтрымліваў толькі страх… Але ж я не кінулася ў гульбішчы, як некаторыя іншыя бабы,— вось іх толькі страх і ўтрымліваў, а не стала страху — і нічога не стала. Раней быў бог, потым — страх, а цяпер што? Сумленне, вернасць, звычайная чалавечая гідлівасць… Гэта тое, што калі яна ёсць, дык ёсць, а калі няма — у аптэцы не купіш. Сексуальная рэвалюцыя… Якая гэта рэвалюцыя, адна распуста, разбэшчанасць, разгул самых нізкіх інстынктаў. Нашто чалавеку дадзены розум, каб не кіраваць сваімі эмоцыямі, каб не падаўляць у сабе ўсё жывельнае, амаральнае, што прыніжае і зневажае яго?!

Ох, не ведаю, нейкі тлум у галаве стаіць, усё вызначыць, сфармуляваць хочацца. А яно ж, відаць, куды прасцей. Я ўсё жыццё многа і цяжка працавала, вельмі стамлялася, што мне былі тыя гулі, свайго мужыка хапала, бывала, клалася ў пасцель, як на эшафот,— ні радасці, ні асалоды, адно хутчэй бы ўсё скончылася… А, напэўна, ёсць жанчыны, якім гэтага вечна не хапае. Выгуляюцца за дзень, толькі адно наўме. Колькі я іх бачыла, вось такіх, з галодным бляскам у вачах, гатовых кінуцца ў абдымкі да каго хочаш; відаць, і Чумакова з такіх — яна ж куды маладзейшая за Аляксея Пятровіча, можа, не такая яна з ім і шчаслівая? А што мне да таго?..