Выбрать главу

Вуліца Дзімітрава, на якую Валянціна Іванаўна неўзабаве выйшла, была трошкі шырэйшая за іншыя, хоць такая ж зялёная і драўляная. I тут яна спынілася. Яна больш не нагадвала дзелавую жанчыну ў строгім баваўняным касцюме і лакіраваных туфельках, якая спяшаецца ў нейкую сваю ўстанову, дзе яе чакаюць пільныя справы. Яна хутчэй нагадвала турыстку, што трапіла ў чужое экзатычнае месца і цяпер круціць галавой, з цікавасцю разглядае ўсё навокал; турыстку, у якой процьма вольнага часу і якая зусім не ведае, што з гэтым часам рабіць. Але Валянціну Іванаўну мясцовыя краявіды не цікавілі, некалі яны з Арсенам самі жылі на такой жа вулачцы, у старой хаце, пры якой былі гародчык з кветкамі і вялікі стары сад з крутабокімі антонаўкамі, а водаправодная калонка — аж у канцы квартала, колькі ж яна папахадзіла да тае калонкі, калі мыла бялізну. Летам было яшчэ нічога, а вось зімой… Абмерзне ўсё, слізгота… Неяк, ужо цяжарная, набрала вады. паслізнулася, упала і вывернула на сябе абодва вядры. А мароз быў, мароз, вада аж дымілася, як кіпень. Пакуль дабегла дадому, усё стала калянае, добра, што ў гаспадымі печ была напаленая, адляжалася, адагрэлася… Толькі жывот нечага забалеў. Боль быў востры, пякучы, быццам яе рэзалі тупым нажом, аддаваўся ва ўсім целе, ногі зводзіла сутаргай — хоць ты крыкам крычы. Але яна не крычала, неяк стрымлівалася — не хацелася трывожыць гаспадыню, а Арсен, як на тое, затрымліваўся ў рэдакцыі. Валянціна не разумела, што з ёю сталася, і гэта палохала. Ну, паслізнулася, ну, упала, выцялася аб лёд, але ж не так і моцна, сама падхапілася і дамоў дабегла — адкуль жа той нясцерпны боль, ад якога няма паратунку?..

Яна курчылася на печы, кусала вусны, аж пакуль не адчула, што сплывае крывёю,— вось тады закрычала. Так страшна раптам стала, так жудасна!.. Божа, божа, памерці цяпер, на парозе шчасця, калі жыццё толькі-толькі пачынаецца… Было ад чаго закрычаць на ўсю хату!

Перапалоханы Арсен выклікаў «хуткую дапамогу», закруціў Валянціну ў паліто і на руках вынес у машыну. Усю дарогу да бальніцы ён прыціскаў яе да сябе і плакаў, як малое дзіця: «Валечка, трымайся! Трымайся, родненькая!..»

Калі яе прывезлі з аперацыйнай у палату і яна ачуняла, туды зайшоў доктар, пажылы мужчына з барадой, як у Дзеда Мароза, і гэткімі ж пушыстымі вусамі. Паправіў капельніцу, сеў побач на ложак. Ссунуў на лоб акуляры, прыжмурыў стомленыя вочы.

— Пад шчаслівай зоркай ты нарадзілася, маладзіца,— паклаў халодную руку Валянціне на лоб.— Спазніліся б на якую гадзіну, і была б ты цяпер там, дзе няма ні гора, ні тугі…

Валянціна бязгучна заплакала.

— Не плач,— доктар паправіў на ёй коўдру.— Усё самае страшнае ўжо мінула…

— А дзіця? — спытала яна.— У мяне будзе дзіця?

— Ты яшчэ маладая, дачакаешся і дзіцяці…

…Доўга яна чакала. Амаль чатыры гады. Але ж дачакалася…

Не, не вулачкі гэтыя і не горкія ўспаміны далёкіх часоў сцішвалі хаду, путамі сціскалі сэрца. Яна раптам адчула сябе хворай, цяжка, смяротна хворай. Як тады, на печы ў Яніны Францаўны. Сохла ў роце, сэрца, як шалёнае, ірвалася з грудзей, тупым цяжарам налівалася патыліца, млелі ногі. Нешта нядобрае рабілася з вачыма, са зрокам — усё навокал раптам страціла сваю выразнасць і акрэсленасць, стала размывацца, распаўзацца, быццам на навакольны свет накінулі густую шэрую сетку.

Валянціна Іванаўна заўважыла лавачку каля плота і з палёгкай анусцілася на яе.

Навошта я гэта раблю, з роспаччу падумала яна, нашто мне ўсё гэта трэба? Якая розніца, спіць ён з гэтай Чумаковай ці не, хіба гэта галоўнае? Ён здрадзіў мне не ўчора і не заўтра, у чым я хачу пераканацца, калі і так усё добра ведаю? Ну, убачу, ну, націсну на званок, ну, адвяду душу, да смерці напалохаю іх — мне, мне самой ад гэтага стане лягчэй? Не, ён не ўдарыць мяне, адчыніўшы дзверы, Не, ён выхаваны, каб ударыць жанчыну. Ён моўчкі з пагардай паглядзіць на мяне і зачыніць іх, а я ж ведаю, я добра ведаю, якім бывае яго позірк, колькі ў ім знявагі і абразы... лепей ударыў бы. Глупства гэта ўсе, пане дабрадзею, глупства. Усё скончана, больш нічога не трэба высвятляць, даволі мы прыніжалі адзін аднаго, хопіць з мяне сустрэчы з Чумаковым, больш не трэба. А што трэба? Паехаць дадому, памыцца, прыняць снатворнае і легчы — гэта найлепшае, што я магу зрабіць.