Калі б яна раптам азірнулася, дык убачыла б Ірыну Мікалаеўну Чумакову, якая якраз у гэты момант з пластыкавай сумкай у руках выйшла з-за рога вуліцы, ад Дома кнігі, і хутка пакрочыла да шэрага пяціпавярховага дома; нават летуценную ўсмешку на яе твары ўбачыла б.
Але злая сіла, што катавала яе сёння, нарэшце злітасцівілася над ёю: яна не азірнулася.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
1
Рэдакцыя мемуарнай літаратуры займала тры пакоі. У адным з іх разам з Арсенам Жураўскім сядзелі Аляўціна Міронаўна Крыскавец, малодшы рэдактар, і рэдактары Антон Мікітавіч Валовік і Канстанцін Якаўлевіч Сініцын. Адстаўныя падпалкоўнікі, былыя ваенныя журналісты, мажныя, імпазантныя, як глякі, налітыя непатрачанай сілай, яны не зведалі за ўвесь доўгі пасляваенны час ні цяжкай фізічнай працы, ні пакут сумлення, ні нястачы і нават знешне былі падобныя адзін на аднаго, як браты, хіба што Валовік галіў круглую галаву, каб замаскіраваць лысіну, а Сініцын меў пышную прычоску. Абодва былі не дурні выпіць, асабліва за чужы кошт, прыгадаць вайну, дзе «з лейкай і блакнотам, а то і з кулямётам…» праявілі цуды знаходлівасці і гераізму, яўна недаацэненыя партыяй і ўрадам, пагаварыць пра жанчын.
Але галоўным захапленнем Антона Мікітавіча і Канстанціна Якаўлевіча была палітыка.
Раніца ў рэдакцыі звычайна пачыналася з газет. Аляўціна Міронаўна прыносіла іх цэлы стос: цэнтральныя, рэспубліканскія… Жураўскі праглядаў толькі апошнія старонкі: спорт, фельетоны, здарэнні… Валовік і Сініцын чыталі ўсё, як кажуць, ад дошкі да дошкі. Затым абмяркоўвалі прачытанае. Доўга, грунтоўна, са спрэчкамі, са смакам, быццам менавіта за гэта ім плацілі ў выдавецтве зарплату.
Унутраныя праблемы адстаўных падпалкоўнікаў, як правіла, не цікавілі. Яны і без газет ведалі, што ва ўсіх галінах жыцця мы ўпэўнена крочым ад перамогі да перамогі. Ну, а калі нешта не так — скажам, пуставата ў магазінах, куды ні зірні — вялізныя чэргі, дык гэта ўсё часовыя цяжкасці. Затое ў параўнанні з трынаццатым годам мы выпускаем у мільён разоў больш каляровых тэлевізараў, халадзільнікаў, электронна-вылічальных машын, рэактыўных лайнераў і станкоў з праграмным кіраваннем. Нічога, вось наверсе прымуць чарговую пастанову, і ўсё наладзіцца.
Праўда, інфармацыя пра ўручэнне Падгорным напярэдадні 30-годдзя Перамогі «Маршальскай зоркі» Брэжневу выклікала на іх тварах трошкі разгубленыя ўсмешкі, але ад каментарыяў абодва ўстрымаліся. Якія там каментарыі… Затое міжнароднае жыццё… О, тут яны давалі сабе волю! Як ні зашываўся Жураўскі ў свае рукапісы, ён міжвольна да драбніц ведаў пра ход наступлення патрыятычных сіл Камбоджы на Пнампень, пра перспектывы падзення Сайгона пад ударамі в’етнамскай нацыянальна-вызваленчай арміі, пра злачынствы піначэтаўскай хунты ў Чылі і ўплыў энергетычнага крызісу на эканоміку Захаду… «Хатнія стратэгі» — так называў Арсен Міхайлавіч сваіх калег — да зубнога болю абрыдлі яму сваімі штодзённымі дыспутамі. Ён адчуў сябе сапраўды шчаслівым, калі нарэшце і ў Камбоджы, і ва В’етнаме перамог нацыянальна-вызваленчы рух і ўсталявалася народная ўлада. I шматпакутныя народы вызваліліся ад прыгнёту, і падпалкоўнікі, можа, зменяць пласцінку. Адкуль ён мог ведаць, што для Камбоджы гэта перамога неўзабаве абернецца яшчэ больш страшнай тыраніяй, чым рэжым Лон Нола, і зноў старажытная назва краіны — Кампучыя ~ замільгае на старонках газет і Ў размовах Валовіка і Сініцына, ды і хто мог тады, вясной семдзесят пятага, гэта ведаць?..
Часцяком Жураўскі не вытрымліваў: браў рукапіс і ішоў працаваць на лесвічную пляцоўку: там стаялі столік і два крэслы. Падпалкоўнікі крыўдзіліся на яго: работа не воўк, у лес не ўцячэ, а рэдактар павінен быць у курсе… Прыхільнасць загадчыка рэдакцыі, гэткага ж адстаўніка Градзюшкі, дазваляла ім біць лынды месяцамі. У Жураўскага такой магчымасці не было. Яму падкідалі найбольш складаныя рукапісы на заключэнне, на рэдагаванне, ім затыкалі дзіркі ў графіку — малады, старайся, апраўдвай…
А яшчэ Аляўціна з яе даносамі…
Спачатку Жураўскі абураўся, выступаў на сходах, патрабаваў справядлівасці. Потым плюнуў, змірыўся. Урэшце лепш нешта рабіць, чым бадзяцца па калідорах або вывучаць газеты.
У рэдакцыі нікога не было — абед. Жураўскаму есці не хацелася. Ён адчыніў фрамугу. У пакой уварваўся цёплы ветрык, пагартаў рукапісы на сталах, выдзьмуў застарэлы пах таннай касметыкі, якой без меры і густу карысталася Аляўціна Міронаўна. Дыхаць стала лягчэй. Жураўскі сеў за свой стол, узяў аловак і зноў паглыбіўся ў рукапіс Кузьменкі, безнадзейна сапсаваны Лаўрыновічамі Што рабіць, як яго ратаваць?