Жураўскі ўявіў, што будзе, калі гэтае пісьмо зачытаюць на бліжэйшым агульным сходзе. Якая ганьба! Толькі гэтага яму і не хапала — кляйма дэбашыра! Быццам мала таго, што абрынулася ў апошнія дні: усё больш агідныя спрэчкі з Валянцінай, рукапіс Кліменкі-Лаўрыновіча, нечаканыя ўскладненні ў адносінах з Ірынай… Каб жа ён сапраўды быў «горкі п’яніца і злосны парушальнік грамадскага парадку», дык жа «сапраўдныя» не трапляюць у такое неверагоднае становішча, у якое трапіў ён, а цяпер паспрабуй дакажы, што ты не вярблюд, хто табе паверыць… Ён быццам увачавідкі ўбачыў, з якой подлай ціхай радасцю будуць глядзець на яго тая ж Аляўціна Міронаўна, Валовік, Сініцын і яшчэ сёй-той з «заклятых сяброў»,— і выцер рукой спацелы лоб.
— Што там адбылося? — змрочна спытаў дзед.— Толькі чэсна.
Жураўскі расказаў.
Быў ён не тое што зусім непітушчы. Мог выпіць чарку-другую ў свята, з нейкай нагоды, але меру ведаў добра і да свінячага стану, калі чалавек траціць над сабой кантроль, не напіваўся нават у маладосці. А тут здарылася такая гісторыя.
Выкананне плана выдавецтву залічвалася не па карэктурах, падпісаных і здадзеных у вытворчасць, а па кнігах, якія выйшлі з друку і вывезены на кнігаганддёвыя базы. Гэта, магчыма, было б і правільна, калі б выдавецтва мела сваю паліграфічную базу. Але яе не было, кнігі друкаваў паліграфкамбінат, а ў яго такіх кліентаў быў добры тузін. Таму ні месячныя, ні квартальныя, ні гадавы планы практычна не залежалі ад таго, як папрацавалі ў выдавецтве, а найбольш ад таго, працавалі ці лайдачылі рабочыя паліграфкамбіната. Бездакорна вытрыманыя ва ўсіх дробязях графікі, узгодненыя з кіраўніцтвам паліграфістаў, яшчэ не давалі ніякіх падстаў спадзявацца, што план будзе выкананы. А на вялізным камбінаце ніяк — дзесяцігоддзі запар! — не маглі пазбавіцца ад штурмаўшчыны; на пачатку месяца доўга і соладка спалі ў шапку, бо не было паперы, бумвінілу або яшчэ нейкай трасцы, а потым пачыналі наганяць тое, што безнадзейна страцілі. I ў канцы кожнага месяца выдавецкія кабінеты і калідоры быццам які шалёны віхор выдзімаў: рэдактары і мастакі, тэхрэды і карэктары, эканамісты і машыністкі дружнымі радамі і калонамі ішлі на паліграфкамбінат, каб ратаваць не толькі план, але і ўласную прагрэсіўку і трынаццатую зарплату, якія пры іх не надта, шчыра скажам, высокіх заробках займалі ў сямейных бюджэтах досыць пачэснае месца. Пакавалі кнігі, грузілі на машыны, абкладвалі супервокладкамі… Адным словам, рабілі работу, што не вымагала ні вышэйшай адукацыі, якую кожны з іх меў, ні прафесійных навыкаў, якіх патрабуе складаны працэс ператварэння рукапісу ў кнігу, нічога, акрамя мускульнай сілы: набірай болей, кідай далей і адпачывай, пакуль ляціць.
Нязвыклыя да такой работы, людзі вельмі стамляліся. Тоўсты шпагат рэзаў рукі, ад аднастайных рухаў нямела цела, тоны перацяганых за дзень кніг валілі з ног нават здаровых мужчын накшталт Жураўскага, што ўжо гаварыць пра жанчын. Усе разумелі, што гэта — глупства, бяздарнае разбазарванне людскіх здольнасцей, але скардзіцца не было каму і не было як: эканамічны стымул, пастаўлены з ног на галаву, гнаў людзей на дурную работу лепш за самыя суровыя загады.
Пасля адной з такіх «штурмавых» змен, у самым канцы красавіка, напярэдадні майскага свята, некалькі мужчын, сярод якіх быў і Жураўскі, зайшлі ў кафэ «На ростанях», побач з камбінатам. Арсену Міхайлавічу нездаровілася: усю ноч не спаў, бо вечарам пасварыўся з жонкай за нейкае глупства, якое раніцай не мог успомніць, нават не паснедаў, днём яго калаціла, як ад сцюжы, хоць у цэху стаяла гарачыня,— напэўна, паднялася тэмпература. Ад чаркі гарэлкі яго зусім размарыла, есці не мог, вельмі балела горла. Ён развітаўся з хлопцамі, сеў у аўтобус і паехаў дадому. I нават не заўважыў, як заснуў. Прачнуўся — за плячо яго трос маладзенькі міліцыянер. У аўтобусе ўжо нікога не было. Міліцыянер быў, відаць, толькі са школы, прынцыповы і строгі, як ні даводзіў яму Жураўскі, што нічога не парушаў, што і хмель увесь даўно прайшоў, што праз якіх дзесяць мінут ён будзе дома, нічога не памагло. Міліцыянер завёў яго ў дыспетчарскую і пачаў адчытваць, быццам якога хлапчука. Яму б змаўчаць, але маўчаць было прыкра — за што?! — і Жураўскі не сцярпеў. Незаслужаная крыўда, абраза выбілі з раўнавагі, ён узарваўся і сказаў міліцыянеру ўсё, што пра яго думае. Палкі маналог яго выклікаў павышаную цікаўнасць усіх, хто быў у дыспетчарскай, і закончыўся ў аддзяленні: што ні гавары, міліцыянер знаходзіўся «пры выкананні»,і а ў такіх выпадках лепей трымаць язык за зубамі. Праз паўгадзіны, лаючы сябе ў душы апошнімі словамі, Жураўскі падпісаў пратакол, атрымаў паперку на дзесяць рублёў штрафу і панура пацягнуўся дадому.