Выбрать главу

— Усё?— спытаў Уладзімір Аляксандравіч.

— Усё,— уздыхнуў Жураўскі.— Штраф я заплаціў, а яны…

— Сітуацыя…— Дзед пашкроб патыліцу кароткімі тоўстымі пальцамі, забраў пісьмо і паклаў назад у сейф.— Вось што, ты пра гэта нікому не расказвай. Я ім напішу, што мы цябе прапясочылі на сходзе, абвясцілі вымову і перанеслі на зіму адпачынак, а рэгістраваць гэту паперку і паказваць яе начальству не буду. Сапраўды нейкае глупства, а якраз глупствы часцей за ўсё нам жыццё і псуюць. Толькі ты ўжо глядзі, зрабі ласку, не плясніся ў лужыну яшчэ раз.

— Не пляснуся,— прамармытаў Жураўскі. Сохла ў роце, язык нібы распух і не слухаўся яго. Ён нервова закурыў, але спахапіўся, што дзед не курыць і не любіць дыму, і, апёкшы пальцы, патушыў цыгарку.— А можа… Можа, не варта гэта рабіць, Уладзімір Аляксандравіч? Ну дадуць мне вымову… неяк перажыву. Не медаль, на шыі не носяць. А вы… Калі гэта гісторыя выплыве, вы… Вас…

— Выганяць, як сабаку,— усміхнуўся Раманоўскі.— I правільна зробяць. Але я стары, мне гэта не страшна. Усё роўна, колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе. А ты яшчэ малады, табе яшчэ працаваць і працаваць… А які з цябе будзе работнік, калі табе хрыбет зломяць? Ну, ідзі…

Жураўскі вярнуўся да сябе. Вузкі доўгі пакой, казённа в няўтульны. Чатыры пісьмовыя сталы, дзве шафы, забітыяв рукапісамі і карэктурамі. Зашарканая паркетная падлога, акно на ўсю сцяну. Летам невыносна горача, зімой — холадна, хоць сабак ганяй. Асабліва калі паўночны вецер. Валовік і Сініцын, відаць, яшчэ стаяць у чарзе ў сталоўку.

Аляўціна швэндаецца па магазінах. У яе ці то трое, ці то чацвёра дзяцей, вось яна і стараецца ў абед набіць сваю сумку, каб не траціць час пасля работы. Трэба працаваць, а ў галаве пуста, і пуста на душы. Хто мог падумаць, што дзед здольны на такі высакародны ўчынак? Ах, дзед, дзед, гэта ж ты, адзін ты вінаваты, што я не знаходжу сабе месца. Гэта ты паслаў мяне на бульбу з Ірынай, каб не ты, нічога паміж намі не было б, як не было цэлыя гады да гэтай паездкі, гады, калі мы працавалі разам і я не звяртаў на яе ніякай увагі: жанчына і жанчына… Дрэнна мне, дзед, як жа мне дрэнна, каб ты толькі ведаў! Дзякуй, што ты выручыў мяне ад непатрэбных размоў і вымоў, але ж тое, што наблытана ў маёй душы, і ты не разблытаеш, нягледзячы на ўсю тваю дабрыню і спагадлівасць.

I ўспомнілася Жураўскаму мінулагодняя жнівеньская раніца, калі ўсё гэта пачалося. Была яна шэрая, імжыў цёплы дожджык-грыбасей, і Арсен яшчэ падумаў тады, як, напэўна, хораша зараз у лесе. Бярозы ўжо кранула пазалотай, стаяць яны самотныя, нізка апусціўшы мокрыя галіны, быццам прадчуваюць хуткі надыход зімы. Туман сырадоем сцякае ў лагчыны, сцелецца над яшчэ зялёнай травой, пад нагамі пругкі пачарнелы шыльнік, востра пахне грыбамі. Вунь баравічок выбіўся з-пад моху, фарсіста насунуў на карычневы капялюшык жоўты бярозавы лісточак, а вунь мухамор, вялізны, прыгожы, вясёлае рабацінне так і слепіць вочы. А цішыня, цішыня… Так пранізліва ціха, што трэсне сухая галінка пад нагамі, і ты скаланешся, быццам ад стрэлу над вухам, і абарвецца сэрца ад незразумелай, непадуладнай ні розуму, ні пачуццю тугі.

Жураўскі курыў, стоячы каля акна ў кабінеце: Аляўціна трэці дзень не выходзіла на работу, пэўна, хварэла, яна б яму накурыла… Недзе далёка ўнізе, за дарогай, пляла свае петлі Свіслач, яе берагі каля Палаца спорту пачалі ўжо абкладваць гранітам; за ракой, у густой засені зялёных садоў цесна тоўпіліся драўляныя хаткі — яшчэ адзін стары раён горада дажываў свой век. 3 гушчару нізкіх дахаў і садоў, як з парушанага мурашніка, ужо рваўся ў неба бетоннымі палямі і перакрыццямі вышынны будынак новай гасцініцы, а на некалі ціхіх і сонных вулачках раўлі вялізныя бульдозеры і панелявозы — дыназаўры дваццатага стагоддзя.

Па брудным шкле паўзлі дажджынкі, пракладалі ў закамянелым пыле звілістыя сляды. На стале чакала тэрміновая карэктура. Трэба было чытаць, а ён стаяў, утаропіўшыся ў акно, быццам спадзяваўся ўбачыць там нешта такое, чаго яшчэ ніколі не бачыў.

Зарыпелі дзверы, у рэдакцыю зайшоў Раманоўскі. Наблізіўся, стаў побач, таксама паглядзеў у акно.