— Хутчэй бы суботнік, можа, дзяўчаты вокны памыюць.— Уздыхнуў.— Арсен Міхайлавіч, выручай. Трэба паслаць дзесяць чалавек на два тыдні ў калгас. Сам разумееш: бульба — другі хлеб, яе трэба ўбраць у тэрмін. Выезд заўтра ў дзевяць. Форма адзення… сам разумееш, якая форма…
— Разумею,— адказаў Жураўскі і выкінуў у прачыненую фрамугу недакурак.— Але я не паеду. Я…
— Паедзеш,— мякка перапыніў яго дзед.— Ты свядомы чалавек, Арсен Міхайлавіч, ты ж не дазволіш, каб такі каштоўны прадукт харчавання, як бульба, пайшоў пад снег.
— Дазволю.— Жураўскі пакаваў на таўшчэзную карэктуру на сваім стале.— Праз тыдзень яе трэба падпісаць, і барані мяне божа спазніцца хоць на адзін дзень. У нас сто пяцьдзесят чалавек…
— Сто пяцьдзесят,— пагадзіўся Раманоўскі і ўзважыў на руцэ карэктуру.— Цяжкая, халера. Як гэта можна столькі напісаць?.. Так, ты маеш рацыю, сто пяцьдзесят. Але гэта калі мы едзем у грыбы. Або на экскурсію ў Палангу за кошт мясцкома і ў рабочы час. А калі трэба памагчы нашай роднай сельскай гаспадарцы, выдавецтва «Прамень» імгненна ператвараецца ў арцель інвалідаў. У мяне ўсе шуфляды ў стале завалены даведкамі. Ведаеш, я мог бы скласці з іх Вялікую медыцынскую энцыклапедыю і зарабіць мех грошай. Каб гэтыя даведкі прымалі замест бульбы, я лёгка выканаў бы план за ўвесь Дзяржкамвыд. На вялікі жаль, іх не прымаюць. Чалавецтва неяк перажыве, калі ты здасі гэту пацяруху,— ён паклаў карэктуру на месца,— на два тыдні пазней. За зрыў графіка лаяць не будуць, бяру гэта на сябе. Адным словам, я цябе ўжо запісаў.
— Ну, калі запісалі,— усміхнуўся Жураўскі,— дык што ж зробіш. Хто яшчэ едзе і куды?
Раманоўскі падаў спіс. Людзі ўсе былі прыстойныя, сціплыя, працавітыя: рэдактары, карэктары, дзве машыністкі, дыспетчар з вытворчага аддзела. Праўда, кіраўнік групы, Пятро Гудкоўскі, з рэдакцыі медыцынскай літаратуры, не выклікаў у яго асаблівых сімпатый — гарлапан і дэмагог, штатны прамоўца на ўсіх выдавецкіх сходах, ён быў з тых, каму нельга даваць нават ценю ўлады над іншымі людзьмі, але Жураўскага гэта не палохала. Ведаў, да яго Гудкоўскі чапляцца не будзе. Узрадавала, што ехалі ў калгас «Старасельскі». Мясціны былі знаёмыя яшчэ з таго часу, як працаваў у газеце, прыгожыя: незатаптаныя лясы, чыстая, хоць і невялічкая рачулка. Калі яшчэ пашанцуе з надвор’ем, дык і зусім будзе добра.
Ён зноў прагледзеў спіс і спытаў:
— Тут толькі дзевяць чалавек. А хто ж дзесяты?
— Бібліятэкар Чумакова,— адказаў Уладзімір Аляксандравіч.— Дай дапішу і пайду рыхтаваць загад.
Чумакова, бязгучна паўтарыў Жураўскі, калі за Раманоўскім зачыніліся дзверы. Ірына Мікалаеўна. Прыгожы круглы твар, вялікія шэрыя вочы з ледзь прыкметнай касінкай, мілыя ямкі на шчоках, пульхныя, умела падфарбаваныя вусны. У грудзях нешта соладка заныла. Што гэта? Той самы лёс, які я ўвесь ранак выглядаў з акна? Не ведаю. Чаму ж мне так радасна, што яна едзе з намі? Чаго мяне калоціць, як у ліхаманцы, няўжо яна даўно неабыякавая мне, а я сам сабе баяўся ў гэтым прызнацца? Вось дык справы…
Ён паклаў карэктуру ў шуфляду і паехаў на дачу па рабочую вопратку і гумавікі.
Збягаючы па лесвіцы — не мог дачакацца ліфта, які затрымліваўся недзе на першым паверсе, Жураўскі раптам адчуў, што з ім адбываецца нешта незразумелае. Лёгкім, пругкім, дужым стала цела, тугімі штуршкамі аддавала ў скроні кроў, некуды зніклі туга і паныласць, ад якіх ён не мог пазбавіцца апошнім часам, нейкія няпэўныя, неакрэсленыя, але ўзнёслыя думкі кружылі галаву. Не, жыццё не скончылася, як ён яшчэ толькі што думаў, жыццё працягваецца, поўнае нечаканасцей і прыгод. «На свеце, брат Гарацый, шмат такога, што нашым мудрацам і не снілася». Так, так, і не снілася!
Ён быў шчаслівы, і гэта адчуванне лёгкага, бестурботнага шчасця ўжо не адпускала яго са сваіх мяккіх, але ўчэпістых рук аж да сённяшняга дня. I толькі сёння, калі жанчына, якую — Жураўскі свята верыў у гэта! — ён кахаў ужо амаль год і якая кахала яго, узяла ў нейкай сваёй прыяцелькі ключы ад кватэры, каб нарэшце сустрэцца з ім без сведак, з вока на вока, ён, пасля першай нечаканай радасці, з болем зразумеў, што гэта — ілюзія, такая ж бессэнсоўная і нікому не патрэбная ілюзія, як і тыя, што ўжо не раз туманілі яго жыццё. Успыхне і згарыць, рассыпаючы навокал рознакаляровыя іскры, папяровае шчасце, і душу зноў агорне цемра, яшчэ больш густая і беспрасветная, чым раней, і сам ты вінаваты ў гэтым, бо не разабраўся ў сваіх пачуццях, бо не жывое зыркае вогнішча палае ў табе, а халодны бенгальскі агонь.
Ну што ж, гэта твая віна, і твая бяда, і несці яе табе ў сэрцы да самага скону.
2
Пасля работы Жураўскі пайшоў у «Рамонак», купіў бутэльку «Цынандалі» і каробку цукерак, паклаў у «дыпламат» і пайшоў шукаць вуліцу Дзімітрава. Знайшоў ён яе даволі хутка: ледзь толькі эавярнуў за Дом кнігі, як на першай жа драўлянай хатцы ўбачыў шыльду з патрэбным надпісам. Нешырокая пакручастая вуліца нетаропка ўзбіралася на крутую гару, за якой ляжала Юбілейная плошча. Яшчэ здалёк Арсен Міхайлавіч убачыў пяціпавярховы панельны дом. Ён нахабна ўціснуўся паміж старымі, відаць, яшчэ дарэвалюцыйнай пабудовы, хатамі. Некалі тут быў раён дробных рамеснікаў і гандляроў, хаты стаялі ў большасці двухпавярховыя: першы паверх цагляны, пад краму або майстэрню, другі — драўляны, там жылі гаспадары. Цяпер, мяркуючы па фіранках, гардзінах і шторах на вокнах, жылі і там і тут; і крамы, і майстэрні зніклі так даўно, што наўрад ці хто з жыхароў гэтай вуліцы іх помніў, хіба што зусім старыя людзі. Хаты былі пахілыя, недагледжаныя — не гаспадарскія, камунальныя; у вочы кідаліся аблезлая, выцвілая ад часу афарбоўка сцен, іржавае жалеза і счарнелыя, парослыя мохам гонты дахаў; маленькія вокны з цяжкімі аканіцамі — сям-там ліштву ўпрыгожвала вытанчаная, музейная разьба; трухлявыя перакошаныя парканы. Перад хатамі, як у вёсцы, гародчыкі з кветкамі, з кустамі бэзу і язміну, у дварах — сады, грады з зелянінай, цяпліцы, абцягнутыя поліэтыленавай плёнкай, брахлівыя сабакі на доўгіх ланцугах. Паўз дарогу лапушыўся трыпутнік, жаўцеў кураслеп, цягнуліся да сонца не знявечаныя піламі таполі. У вішняку за платамі, у снегавых сумётах квецені, заклапочана гулі пчолы, весела перасвістваліся шпакі. Каля водаразборнай калонкі дзве жанчыны, напэўна, маці і дачка, паласкалі ў цынкавых начоўках бялізну, яны праводзілі Жураўскага цікаўнымі позіркамі.