Выбрать главу

Цяжка, амаль немагчыма было паверыць, што за нейкія дзвесце-трыста метраў ад гэтай патрыярхальнай старызны, вунь там, за гарой, дзе вулачка ўпіраецца ў неба, ляжыць шумная і прасторная Юбілейная ллошча, з вялікімі шматпавярховымі дамамі, магазінамі, адміністрацыйнымі будынкамі, а ўнізе, яшчэ бліжэй, адна з галоўных артэрый горада — Паркавая магістраль. Яшчэ на адзін з апошніх куточкаў старога Мінска няўмольна наступалі бетон і шкло, і Жураўскі падумаў, што шэрая пяціпавярховая будыніна, да якой ён набліжаўся, падобна на міну запаволенага дзеяння, падкладзеную пад гэтую вулачку: нічога, здаецца, яшчэ не здарылася, але механізм міны ўжо запушчаны, гадзіннік ужо цікае, адлічвае апошнія дні гэтых старых хатак, і садоў, і лапушыстага трыпутніку, і сонечна-жоўтага кураслепу, і шпакоўняў, і густой вясковай цішыні: маленькага кавалачка нашай гісторыі, які адыходзіў у нябыт. Жураўскі не лічыў сябе сентыментальным: добра ўздыхаць па такіх маляўнічых куточках тым, хто жыве ў прасторных кватэрах з усімі выгодамі, каму не трэба паліць у печы, выносіць попел, думаць, як расстарацца дроў і брыкету на зіму, мыць бялізну каля калонкі, каб не цягаць ваду дамоў, за добры квартал, а яна ж нават у цёплы веснавы дзень ледзяная — вунь якія чырвоныя рукі ў жанчын над начоўкамі! Яны, пэўна, не будуць сумаваць па сваёй хаціне, а дакладней, па цесным пакойчыку ў ёй, калі пераедуць у новы мікрараён, дзе дамы падобныя адзін на адзін, як гузікі на салдацкім кіцелі, але ж затое жыць там зручна і лёгка.

Усё гэта было так, ды нешта востра кальнула сэрца, і тужліва стала Арсену Міхайлавічу, быццам ён прыйшоў на могілкі, дзе пахаваны блізкія і дарагія яму людзі.

Ён ішоў на спатканне, якога так доўга чакаў, пра якое так доўга марыў, а радасці чамусьці не было. Не было шчаслівага, да дрыжыкаў, нецярпення, з якім ён чакаў Ірыну раней, у абедзенны перапынак, якога толькі і хапала, каб з’ездзіць куды-небудзь на Мінскае мора, перакусіць у прыдарожным кафэ і трошкі пабадзяцда па лесе. Сёння, ён адчуваў, разумеў, у іх адносінах павінен быў пачацца нейкі новы этап, і лавіў сябе на думцы, што не ведае, хочацца яму гэтага ці не. Хутчэй — не хацелася. Увесь немалы ўжо жыццёвы вопыт падказваў яму, што за блізкасцю, да якой так імкнуліся і якой так баяліся абое, вельмі хутка прыйдуць расчараванне і стома, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе пачатак канца: валоданне заўсёды нясе ў сабе страту, такі няўмольны закон прыроды.

Некалькі дзесяткаў крокаў аддзялялі яго ад дома, куды ён імкнуўся, але якія ж гэта былі пакутлівыя і цяжкія крокі.

Што са мной робіцца, думаў Жураўскі. Я ніколі не быў аматарам лёгкіх прыгод, гэта Валянціна ўсё жыццё лічыць мяне распуснікам, а я ж не распуснік, няпраўда. Я ніколі не глядзеў на каханне як на разнавіднасць спорту, так, я нямала паграшыў у жыцці, і за гэта пасля смерці чэрці ў пекле будуць доўга падсмажваць мяне на патэльні, але я д не спартсмен. Я ніколі не быў блізкі с жанчынамі, якіх не кахаў, палымяна, аддана і нават, як мне здавалася, вечна. Хіба ж я вінаваты, што тая вечнасць вымяралася куды больш кароткімі адрэзкамі часу: каханне праходзіць, як праходзіць дождж, і ўсё вярталася на кругі свае… А можа тое, што я прымаў за каханне, ніколі ім не было, вось як і цяпер; можа, мне наогул наканавана лёсам ніколі не зведаць гэтага святога пачуцця, пра якое так любяць пісаць, пісьменнікі. Нараджаецца ж людзі глухія, сляпыя, жывуць доўгае жыццё і не чуюць, якімі дзівоснымі гукамі і фарбамі расквечаны свет; магчыма, і я нарадзіўся з атрафірананым пачуццем кахання і менавіта таму маню сабе і другім; сам няшчасны, раблю няшчаснымі тых, з кім мяне зводзіць лёс? Не, няпраўда, я кахаю Валянціну. Яна — адзіная жанчына, якая сапраўды і днём і ноччу жыве ў маім сэрцы, якая ўжо даўно стала маім другім «я» і без якой я не пражыву на свеце нават і дня, бо жыццё гэта страціць усякі сэнс. Я кахаю яе такой, якая яна ёсць: пустадомкаЙ, марнатраўкай, якая нічога на свеце не ведае, акрамя сваёй праклятай школы, хіба мы кахаем жанчыну за нешта, а не та тое, што яна проста існуе, проста жыве побач з табой, дыхае, смяецца, гневаецца… Паміж намі і паўстала гэта «нешта» — о, як умела яно руйнуе каханне, спусташае душу, калі не можаш, не здольны над ім падняцца! Я не здолеў, дробязі засмакталі мяне ў сваю багну. Каб жа яны забілі маё каханне да яе, які шчаслівы я быў бы! Бо што ні гавары, а мы абсалютна розныя людзі — параход і айсберг, мы знішчаем адзін аднаго, чаго ж яно вартае, наша каханне? Я даўно разумею, што мы знішчаем адзін аднаго, што нам даўно трэба было развесціся, перапакутаваць і неяк жыць далей, але я занадта слабы, відадь, чалавек, мяне ніколі не хапала для рашучых учынкаў або хапала вельмі ненадоўга. Так, я не раз намагаўся парваць ланцугі, якімі яна аблытала маю душу, не раз спрабаваў скінуць з сябе страшэнную яе ўладу, што прыгнятала і зневажала мяне, не давала мне жыць і працаваць; вось што такое мае заляцанні да другіх — спроба неяк скінуць яе ўладу, выбіць клін клінам, а зусім не душэўнае азарэнне. Клін клінам… Бедная Ірына, выходзіць, што і яна, нават не здагадваючыся пра тое, была не каханай жанчынай, якой я задурыў галаву сваімі ўзнёслымі размовамі, вершамі, пацалункамі, а толькі клінам, драўляным ці жалезным клінам, якім я хацеў выбіць з сябе, з кожнай жылкі сваёй Валянціну. I Алачка Чмялёва была такім клінам, толькі, у адрозненне ад Ірыны, яна вельмі хутка пра ўсё здагадалася. Можа, таму, што ў нас усё склалася зусім не так, як з Ірынай, але яна… О, якая яна аказалася здагадлівая, гэта Алачка, яна раскусіла мяне, як арэх, і ўбачыла, што ўся сярэдзіна даўно выгніла, і гідліва выкінула. Не, не гідліва, акуратна, як усё, што яна робіць, каб не абразіць мяне. Маленькая ўтульная жанчына, свойская, як кошка, я мог бы пражыць з ёю ўсё жыццё як у Хрыста за пазухай, і як жа ёй хацелася ўтрымаць мяне за сваёй цёплай і мяккай пазухай, але калі яна зразумела, што мне няма чым адказаць на яе каханне, таму што я бяднейшы за апошняга жабрака, яна шчодра вярнула мяне той адзінай, якая была мне патрэбна, якою я быў безнадзейна і невылечна хворы, і вось ужо амаль пяць гадоў я для яе проста адзін з супрацоўнікаў, не болей. «Добры дзень, Арсен Міхайлавіч!», «Усяго добрага, Арсен Міхайлавіч!» — і ўсё, і ніхто ў выдавецтве, ні адзін чалавек не ведае, нават не здагадваецца, што паміж намі некалі было. Маленькая, адзінокая, здаецца, зусім безабаронная перад усімі складанасцямі і цяжкасцямі жыцця, а якая жалезная душа, які жалезны характар! Чаму я не маю такой душы, чаму мая вечна трымціць ад болю, як асінавы ліст, і шукае сабе прытулку, і не можа яго знайсці?..