Жураўскі ўспомніў, як гэта ўсё было, і застарэлая нянавісць да жонкі зноў ахапіла яго з такой сілай, што стала суха ў роце. Гэта яна, яна зруйнавала яго жыццё, гэта яна вінаватая ў тым, што ён так бяздумна губіў сябе, яе эгаізм і апантанасць штурхалі яго на самыя недарэчныя ўчынкі. Ён захварэў тады, вельмі цяжка захварэў. Запаленне лёгкіх, тэмпература пад сорак, сухі кашаль раздзіраў грудзі, біў так, што не ўздыхнуць, не выдыхнуць, быццам трапіў у сурдакамеру, з якой выпампавалі ўсё паветра. Задышка жалезнай рукой перахоплівае горла, сціскае, сціскае, і ты адчуваеш, што траціш прытомнасць, і толькі адна страшэнная думка, ад якой халадзее спіна, натужна б’ецца ў скронях, валодае табой: няўжо гэта канец? Няўжо гэта канец, думаеш ты і круціш галавой з разяўленым ротам, не здольны ўцягнуць у перасохлыя лёгкія хоць глыточак паветра, і пакрываешся потам, ён цячэ ў цябе па шчоках, а перад вачыма пульсуе нешта чырвонае, як агонь святлафора, і ты ведаеш, што ў жыццё на святлафоры гарыць зялёнае святло, а чырвонае — у смерць, і табе хочацца закрычаць ад жаху, але замест крыку толькі хрып зрываецца з засмяглых, да крыві пакусаных губ. Потым раптам пусціць, і ты прагна глытаеш, глытаеш паветра, салодкае і застаяла цёплае, і плачаш ад радасці, а ў грудзях нешта рыпіць, булькае і свішча, быццам там падраныя кавальскія мяхі, але гэта ўжо не палохае цябе, хоць ты ведаеш, праз нейкі час, як толькі ты не здолееш стрымаць кашаль, удушша вернецца зноў і ўсё пачнецца спачатку.