Выбрать главу

Ён ляжаў дома на канапе, на вільготных ад уласнага поту прасцінах. У Валянціны ў школе пачалася чарговая праверка, ледзь не на міністэрскім узроўні, яна там днявала і начавала, Андрэй як звычайна пасля заняткаў застаўся ў сваёй групе. Дзеці рыхтавалі да свята п’есу на англійскай мове, яму далі галоўную ролю. Хлопец нечакана захапіўся. Рэпетыцыі, дэкарацыі… Таксама цэлы дзень у школе — нават вады не было каму падаць. Наогул гэта толькі так гаворыцца — калі адпускалі кашаль і задушша, у Арсена Міхайлавіча яшчэ хапала сілы, каб, чапляючыся за сцены, дабрысці на ватных нагах да кухні і самому набраць вады, але думалася пра гэта неадступна. Адвечны сімвал адзіноты і закінутасці, непатрэбнасці — няма каму падаць шклянку вады! Дзеля чаго я жыў, дзеля чаго столькі гадоў ірваў жылы і сэрца, дзеля чаго закапаў свае здольнасці — а яны ж былі, былі некалі! — і ператварыўся ў рамесніка, у халтуршчыка, і чаго яно вартае, усе маё жыццё, калі вось я захварэў і няма каму падаць вады.

Калі стала зусім кепска, Жураўскі па тэлефоне выклікаў «хуткую дапамогу». Яго нашпігавалі ўколамі і хацелі забраць у бальніцу, але ён заўпарціўся: страшна было нават падумаць, што і ў бальніцы будзе ляжаць адзін, а калі Валянціна і прыбяжыць, дык будзе сядзець каля яго ложка як на іголках і спадцішка пазіраць на свой гадзіннічак: праз гадзіну педсавет або якая нарада, яна спазняецца, правяральшчыкі зусім замучылі, чапляюцца да кожнай дробязі, шэфы не даюць шкла, нікому няма клопату да таго, што ў школе пабіта аж васемнаццаць шыб і ў дождж цячэ дах, хоць яго латалі ўжо разоў дзесяць, няма бітуму патрэбнай маркі, руберойд не прыклейваецца, у класах пачала ўжо адвальвацца тынкоўка, яшчэ ўпадзе катораму на галаву, заб’е або скалечыць,— жах, а не жыццё, ды яшчэ грып, сем настаўнікаў на бюлетэнях, не, я хутка звар’яцею ад усяго гатага… Яна будзе сядзець і непрыкметна — ёй будзе здавацца, што непрыкметна! — касавурыцца на свой гадзіннічак і гаварыць, гаварыць — не пра яго, не пра яго хваробу, не пра тое, якія яму зрабілі назначэнні ўрачы і што трэба купіць і прынесці, а толькі пра сябе і пра сваю школу, а яму і дома абрыдлі гэтыя яе размовы, яны і дома даводзілі яго да шаленства, не хапала яшчэ ў бальніцы шпурнуць ёй у галаву слоік з паскудным кампотам, які яна на хаду купіла ў ларку каля бальніцы, каб не ісці да яго з пустымі рукамі. Ён рашуча адмовіўся класціся ў бальніцу, і ўрачы паехалі, пакінуўшы на стале стосік рэцэптаў, і яны ляжалі там аж да ночы, адным сваім выглядам даводзячы Жураўскага да кіпення: уставаць і цягнуцца ў аптэку ён не рызыкаваў. Вярнуўшыся з работы, туды пабегла Валянціна, але аптэка ўжо была зачынена, дзяжурная ж была недзе далёка ў горадзе, і Арсен сам угаварыў жонку не ездзіць: ну куды ты пацягнешся сярод ночы, пакуль іх зробяць, гэтыя мікстуры, чорт ведае колькі часу пройдзе, аспірын ёсць, саб’ю тэмпературу, пэўна ж, не акалею, выжыву, кладзіся лепей спаць, я ж бачу, што ты валішся з ног ад стомы… Яна ўдзячна пацалавала яго ў калючую шчаку і пайшла ў спальню. Андрэй ужо спаў. Ён хадзіў у групу падоўжанага дня, там абедаў, рабіў урокі, гуляў. Вяртаўся таксама позна, стомлены. Арсен нават не сказаў яму, што захварэў, а сам ён не заўважыў.

Назаўтра Валянціна ўстала, як звычайна, недзе а шостай гадзіне і доўга тапталася на кухні: варыла, смажыла… Сіні чад заплыў да яго ў пакой, і Арсена зноў хапіла ўдушша. Яна паспрабавала накарміць яго, але ён адмовіўся: адзін толькі выгляд ежы выклікаў агіду. У сем гадзін яна пайшла, у сем трыццаць зачыніліся дзверы за Андрэем, і ён зноў застаўся адзін у пустой кватэры: хочаш — жыві, хочаш — памірай…

Днём прыбегла сакратарка Валянціны Тэрэза Восіпаўна, прынесла лекі. Яна доўга расказвала, якая занятая на рабоце бедная Валянціна Іванаўна, дыхнуць няма калі, хоць бы ўжо скончылася хутчэй гэтая ідыёцкая праверка,— а ў голасе яе былі здзек і знявага: да чаго ж ты дажыўся, хлопец, ну а каб не было ў тваей жонкі сакратаркі, што б ты тады рабіў? А можа, гэта толькі здалося яму, можа, Тэрэза Восіпаўна сапраўды спачувала сваёй заезджанай школьнымі клопатамі дырэктарцы? Ну, вядома, міністэрская праверка і яшчэ нарады, урокі — а без яе яны што, не адбыліся б? Спынілася б жыццё, калі 6 яна на якую гадзіну вырвалася дамоў, патухла б у небе сонца? Як яна можа сядзець у школе, ведаючы, што я тут канаю, няўжо мой боль, мой лёс зусім яе не хвалююць? Нейкі карыкатурны рэцыдыў культу асобы, хваравітае ўяўленне, што на тваіх плячах трымаецца сусвет, што варта табе прысесці на хвілінку і ён разваліцца.