Калі 6 у гэты момант Валянціна раптам зайшла ў пакой, Арсен задушыў бы яе сваімі рукамі. Магчыма, праз якую гадзіну і сам павесіўся б, зразумеўшы, што нарабіў, але тады — задушыў бы, такая пякучая нянавісць паліла яму сэрца.
У Тэрэзы Восіпаўны часу было хоць адбаўляй. Ёй вельмі хацелася пасядзець ва ўтульным глыбокім крэсле, і пагаварыць, даць Арсену Міхайлавічу лекі, нагрэць абед і накарміць яго, але ён бесцырымонна вытурыў яе, а калі яна пайшла, пакрыўджана падціснуўшы вусны,— ну і людзі, вось ты ім і рабі пасля ўсяго гэтага дабро! — задыхаючыся ад злосці, сабраў усе бутэлечкі і пакецікі, што яна прынесла, і выкінуў у памыйнае вядро. Вярнуўся, упаў тварам у падушку, і яму захацелася памерці. Яму захацелася памерці, каб разам пакончыць з усім гэтым,— каму яно патрэбна, такое жыццё? Што ў свеце змянілася, пакуль ён жыў, і што зменіцца, калі памрэ? Нічога. Чалавек жыве, пакуль ён патрэбен іншым. Ну, а каму патрэбен ты? Ні жонцы, ні сыну… Пустэча.
Усё яго жыццё раптам уявілася Жураўскаму пагоняй за механічным зайцам. Недзе ён чытаў пра такую забаву: на спецыяльна абсталяваны трэк выпускалі механічнага зайца і паляўнічых сабак. Сабакі як ашалелыя імчаліся за зайцам па бясконцым крузе — ён жа быў так падобны на сапраўднага, нават пах ад яго ішоў, як ад жывога, і соладка казытаў ноздры. Здавалася, дастаткова зрабіць яшчэ адно невялічкае намаганне, яшчэ зусім трошкі дадаць хуткасці, і жывая плоць смачна хрусне пад зубамі. Але як сабакі ні пляжыліся, заяц заўсёды быў трошкі наперадзе, нейкія паўметра, але наперадзе: бачачы, што сабакі даганяюць здабычу, той, хто кіраваў гэтай забавай, трошкі павялічваў абароты рухавіка. Сабакі, дурні, ёлупні, не ведалі, не маглі ведаць, што зайца прыводзіць у рух электрычнасць, што ў яго няма сэрца, якое можа лопнуць, не вытрымаўшы напружання, і плацілі за гэта няведанне сваімі — жывымі і гарачымі — сэрцамі.
Вось і ён, Арсен Жураўскі, таксама ўсё жыццё гнаўся за механічным зайцам, за хімерай, якая ўвесь час выслізгвала з яго рук. Яму толькі здавалася, што ён вось-вось дагоніць яе, хімеру, трэба яшчэ трошкі напружыцца, павялічыць хуткасць, хвіліну-другую пратрымацца, і ён дасягне жаданай мэты. Але гэтага ніколі не здарыцца, заяц заўсёды будзе за паўметра наперадзе мільгацець белым хвосцікам, бо так запраграмавана самім тваім лёсам, і ты будзеш даганяць яго, пакуль не спынішся, пакуль не зразумееш бессэнеоўнасць, нікчэмнасць гэтай пагоні,— усё ж такі ты чалавек, не сабака, акрамя пачуццяў, у цябе ёсць розум, магчымасць азірнуцца на шлях, які ты ўжо прабег, ні на крок не наблізіўшыся да зайца, і ацаніць свой шлях,— альбо пакуль у цябе, як у зацятага сабакі, не лопне сэрца і ты не пляснешся на халодную зямлю, каб ужо ніколі не падняцца.
Тады заяц спыніцца.
Потым зноў пабяжыць.
Але ўжо ад другіх сабак.
Усё, кропка, парашыў ён. Няхай бягуць другія, з мяне дастаткова. Я выходжу з гульні. Сыты па самае горла, абрыдла. Пазваніў Лаўрыновічу: Васіль, ты дома? Так, дома, а што здарылася? Не пытай, будзь дома, зараз прыеду. Сяк-так апрануўся, выклікаў па тэлефоне таксі, абліваючыся халодным потам, выйшаў на вуліцу. Шафёр не хацеў яго везці, думаў, што п’яны. Потым зразумеў: хворы. Завез, нават дапамог выйсці з машыны, неяк зацягнуў да Лаўрыновічаў.
Калі яны ўваліліся ў кватэру, Тамара, жонка Лаўрыновіча, ажно войкнула з перапуду. Была яна жанчына дужая, грэнадзёрскага росту, з магутнымі рукамі і нагамі, з дзявочым румянцам на гладкіх шчоках і чорнымі вусікамі. Пад блузкай у Тамары калыхаліся неабдымныя грудзі. Побач з ёю каратканогі, хаця даволі тоўсценькі, мардасценькі Васіль здаваўся ўкормленым падлеткам, не мужам, а старэйшым сынам. Баяўся ён жонкі, як агню, выпіўшы з сябрамі, ніколі не лез у спальню, а ціхенька масціўся на кухні, каля батарэі, на старым кажушку. Ён сам з рогатам расказваў, як аднойчы прывалокся дадому, ледзь трымаючыся на нагах, і толькі гэта па старой звычцы паслаў на падлозе кажушок, як пачуў жончын голас: «Васіль, дзе ты? Хадзем у пасцелю, Васіль, мы ж разам на дні нараджэнні былі!» «Першы раз на паддатку пераначаваў у сваёй пасцелі! — выціраў ад смеху слёзы з вачэй Васіль.— I як я забыўся, халера ясная, што мы сапраўды разам на дні нараджэння ў Арсена былі!»
Арсен любіў свайго універсітэцкага аднакашніка і сябра за лёгкі нораў, за ўменне пасмяяцца з самога сябе, а не толькі з іншых, за гатоўнасць аддаць таварышу апошнюю сарочку з пляча. Вечна ён трапляў у нейкія недарэчныя становішчы, вечна пра яго расказвалі анекдоты. Неяк з ганарару п'яны Васіль купіў парсюка, прывёз у гараж да Жураўскага, разабраў, пасаліў сала, упарадкаваў мяса, а потым усю зіму прадаваў жонцы свініну. Як нядзеля, Тамара дасць грошай, выправіць яго ў магазін, а Васіль шусь у гараж, адрэжа колькі трэба сала, мяса, а грошы прап’е. «Хлопцы,— рагатаў ён,— гэта ж найлепшае змяшчэнне капіталу! Я ж на тыя грошы ўжо даўно забыўся б, а так — і дома са скваркай, і свежая капейка кожны тыдзень у кішэні…» Журналіст слабаваты, пісаў ён рэдка, больш апрацоўваў матэрыялы селькораў, мала зарабляў, нікуды не лез. На ўсё ў Васіля быў адзін адказ: «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць!» Каб не Тамара, дык, пры яго схільнасці да «зялёнага змія», Васіль ужо даўно загінуў бы. Ён разумеў гэта і дома быў ніжэй травы, цішэй вады. Ласкавы, паслухмяны, і ў кватэры прыбіраў, і есці варыў, і з дзецьмі гуляў. «Тамарачка, Тамарачка,..» — толькі яна ад яго і чула, і найбольш ласкавасць, паслухмянасць гэта Тамару з ім і мірылі.