Выбрать главу

А потым прыйшла Алачка Чмялёва.

Яны былі знаёмыя яшчэ па тым часе, калі Жураўскі працаваў у газеце. Ён добра ведаў мастака, яе першага мужа, які так недарэчна загінуў на Мінскім моры, нават на вяселлі ў іх быў, хаця не мог уцяміць, што знайшла маладая і даволі прыемная дзяўчына ў гэтым п’янтосе. Яны часта сустракаліся ў змрочных калідорах Дома друку, абмёньваліся навінамі. Алачка распытвала яго пра паездкі — якраз у той час ён многа ездзіў па краіне, пабываў на Далёкім Усходзе, на Камчатцы і на Чукотцы, на Курыльскіх і Камандорскіх астравах, яго нарысы пра экзатычныя мясціны, пра мужных і суровых людзей — рыбакоў, паляўнічых, нафтавікоў, геолагаў — выклікалі цікавасць не толькі ў чытачоў, але і ў калег-журналістаў. Акрамя экзотыкі і рамантыкі, ён убачыў там багата безгаспадарлівасці, экалагічнага дзікунства; некаторыя з мясцовых кіраўнікоў, нават высокага рангу, глядзелі на свае бязмежныя, адарваныя ад «мацерыка» ўладанні як на калонію, імкнуліся толькі браць, грэбці, чэрпаць адтуль, як з бяздоннай бочкі, нічога не даючы краю ўзамен, ператвараючы дзікую прыроду ў цывілізаваную пустыню, агідную і страшную, бо разбуралася не толькі прырода, разбураліся, руйнаваліся чалавечыя душы. Газету, а дакладней, яе рэдактара гэтыя праблемы не цікавілі, калі Жураўскі паспрабаваў напісаць пра іх, матэрыял выкінулі, а яму прыгразілі, што больш не дадуць камандзіроўкі,— ці варта марнаваць такія вялікія дзяржаўныя грошы, каб гэтую ж дзяржаву за іх яшчэ і аплёўвалі. Суровая рамантыка Поўначы, барацьба з цяжкасцямі і іх пераадоленне — вось што патрэбна было газеце, і Арсен прымірыўся, бо ведаў, што лбом сцяну не праб'еш. «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць », як гаварыў у такіх выпадках Васіль Лаўрыновіч. Але ў калідорах, у гутарцы з калегамі адводзіў душу. Алачку яго разважанні захаплялі, ёй ужо надакучыла сядзець у карэктарскай сваёй газеты, яна марыла кінуць усё і самой паехаць куды-небудзь на востраў Шыкатан, каб там, хоць у раёнцы, паспрабаваць свае здольнасці. Жураўскі высмейваў яе: табе і рота раскрыць не дадуць, там такія зубры іклы ламалі... Лёгкія, неабавязковыя, амаль сяброўскія адносіны, хоць сябрамі яны і не былі. Адно слова: калегі. Потым ён перайшоў у выдавецтва і не бачыў Алачку даволі доўга, і вось яна прыйшла ў бальніцу адведаць яго, і гэта было так нечакана, што Жураўскі разгубіўся.

Паціскаючы яго яшчэ вялую вільготную руку, Алачка прыязна ўсміхнулася:

— Мясцком даручыў праявіць чуласць.

Жураўскі не вытрымаў, зарагатаў:

— Калі не памыляюся, мы з табой у розных мясцкомах!

— Ах, чорт, я пра гэта і не падумала,— засмяялася і Алачка, ды так шчыра і непасрэдна, што дзядок на суседнім ложку з дакорам пахітаў гадавой.— Лаўрыновіч расказваў, што вы тут лежыце адзін і паміраеце ад суму, вось я і надумала вас падвесяліць,— прызналася яна.

Пэўна, таўстун нямала чаго наплёў ёй пра мяне, падумаў Жураўскі, але гэта не засмуціла яго. А-а, ліха з ім, цяпер ужо ўсё роўна.

Лежачы на ложку, ён скоса назіраў, як Алачка гаспадарыць у яго тумбачцы. Яна выкінула ўсё, што Лаўрыновічы напрыносілі і да чаго ён нават не дакрануўся, чысценька прыбрала і выцерла там, затым, намачыўшы пад ракавінай ручнік, хутка і спрытна, хоць Арсен і адбіваўся, памыла яго, накарміла яшчэ гарачым, з тэрмаса, булёнам з кавалкам курыцы,— пасля многіх дзён, калі нішто не лезла ў горла, у яго раптам разгуляўся воўчы апетыт! — пажартавала з дзядком, расказала нешта смешнае баксёру — ён так і зайшоўся на сваім ложку, паабяцала хлопцу заўтра прынесці цікавую кнігу пра шпіёнаў і знікла, растала, калі Арсен, асалавелы, знясілены, заснуў.