Яна прыходзіла ў бальніцу кожны дзень, аж да яго выпіскі, а пратрымалі яго яшчэ тыдні з два, прыносіла ежу, кнігі, прыбірала ў палаце, расказвала нейкія навіны. Размаўлялі яны мала, Жураўскі яшчэ быў вельмі слабы, ды і пра што ім было гаварыць? Ён ужо прыкладна ведаў, што будзе далей, і моўчкі пагадзіўся з гэтым. Яму кідалі выратавальны круг, яму здавалася, што, ухапіўшыся за гэты круг, ён навек пазбавіцца ад Валянціны, ад пякучых думак пра сваё няўклюднае жыццё, пра пакойчык, які трэба знімаць і якога Васіль так яшчэ і не знайншў. Клін — клінам, ён ужо тады пра гэта думаў; клін — клінам. Ну, а наколькі трывалым, надзейным будзе гэты клін, пакажа час. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ён можа скалечыць яшчэ адно жыццё; ніхто не зваў, ніхто не навязваўся, не маленькая, сама разумее, на што ідзе, пажывём — пабачым. Пэўна, і ў яе галаве круціліся такія ж думкі, бо калі ён нарэшце выпісаўся і, праз сілу ўсміхаючыся, сказаў: «Куды ж мне цяпер? Да цябе?» — яна паціснула плячыма і, нічога не адказаўшы, пайшла па таксі.
У Алачкі быў свой пакой у драўлянай хаце на Старажоўцы, застаўся ад мужа-мастака; праўда, з агульнай кухняй і выгодамі на двары, але яе суседзі, маладыя інжынеры, паехалі на два гады ў Манголію, так што жыла яна практычна адна.
Арсен пазваніў Лаўрыновічу. Васіль прыехаў, памуляўся, паўздыхаў, узяў для смеласці добрую чарку, сазваніўся з Валянцінай. Андрэя якраз не было дома. Васіль выклікаў таксі і неўзабаве прывёз Жураўскаму яго рэчы: цэлы чамадан кашуль, гальштукаў, насовак, касцюм, элекгрычную брытву і плашч, туфлі і нават зімовыя югаслаўскія боты, хаця да зімы яшчэ было уга як далёка. I па гэтых кашулях, чыстых, адпрасаваных, з прышытымі гузікамі, складзеных у акуратны стосік, а не пакамечаных, не перамешаных, як салома, ён зразумеў, што Валянціна ўжо даўно сабрала гэты чамадан, можа, назаўтра пасля таго, як вярнулася ад Лаўрыновічаў, і Васіль пацвердзіў, што ні мінутыі не чакаў, яна адразу ж вынесла ўсё са спальні, як толькі ён зайшоў у кватэру. Значыць, яна вунь калі выкасавала, выкінула яго са свайго жыцця, а ён яшчэ пакутуе, дурань, яшчэ думае пра яе…
3 палёгкай уздыхнуўшы, ён стаў уладкоўвацца на новым месцы.
Дзіўна, хоць Арсен сумаваў па сыне, ды і думкі пра Валянціну не ішлі з галавы, як ён ні стараўся пазбавіцца іх, яму было добра і ўтульна ў прасторным і ўтульным Алаччыным пакоі, дзе смачна пахла кавай і дарагімі цыгарэтамі, дзе на паліцах стаялі кнігі, якія і ён любіў, а мюнад шырокай тахтой вісеў партрэт маладога Блока — тонкія і пяшчотныя рысы твару, высокі чысты лоб і густыя кудзеркі валасоў… На шырокім падаконніку тоўпіліся гаршчэчкі, каробкі і слоікі з кактусамі — калючымі і нягеглымі вырадкамі; Алачка жартавала, што любіць іх за неверагодную жыццястойкасць, што вучыцца ў іх мужнасці. I праўда, у пясочку, у жвіры, амаль без вады — якія кветкі выжылі б у такіх умовах, а гэтыя жылі і нават цвілі нейкімі дзіўнымі, як кропелькі крыві, чырвонымі кветачкамі. Да падаконніка туліўся старэнькі пісьмовы стол з нямецкай машынкай «Алімпія», машынка была маленькая, партатыўная, але з буйным шрыфтам. Яшчэ рыпучая шафа стаяла ў кутку пры дзвярах, і тэлевізар «Рэкорд» на тумбачцы, і на ўсю падлогу ляжаў танны пацёрты дыван. Нічога лішняга, але жыць можна.
Хацелася б…
Жураўскаму далі яшчэ на тыдзень бюлетэнь. Раніцай Алачка карміла яго сняданкам, цалавала ў шчаку і бегла на работу ў сваю газету — сама яна выпівала толькі кубачак моцнай кавы, не хацела таўсцець. Дні навылёт Жураўскі валяўся на тахце, яшчэ слабы, пусты, быццам вывернуты, абыякава гартаў зборнікі вершаў, што былі раскіданы па ўсім пакоі, курыў, сачыў за шызымі кольцамі дыму, што выплывалі ў адчыненую фортку, думаў. Вось жанчына, якая мне патрэбна, гаспадарлівая, акуратная, не істэрычка. Усё на месцы, усё дагледжана, усё аж блішчыць. Сама аднесла ў рамонт мае чаравікі, а касцюм у хімчыстку, купіла процьму нейкіх патрэбных дробязей. На дзесяць гадоў маладзейшая, ну што ж, не так гэта і многа. Хіба я не ведаю мужчын, нашмат старэйшых за сваіх жонак, а жывуць яны добра і дружна, душа ў душу. Кахае мяне Алачка ці проста вырашыла схавацца за маімі плячыма ад адзіноты? Чорт яго ведае… Ноччу я гатовы паверыць, што кахае, і кахае горача, апантана, але ж ноччу ўсе кошкі шэрыя, можа, яна толькі прыкідваецца? Не, каб яна прыкідвалася, я адчуў бы, не такая яна ўжо і вялікая актрыса, проста надламаная не зусім удалым лёсам жанчына. Як гэта яна гаварыла? «Ніколі не гатавала дома, нават у нядзелю бегала ў кафэ. Не таму, што ленавалася, не. Проста сумна варыць адну талерку супу, каму гэта трэба… Вось цяпер я вару цэлую каструльку — гэта і ёсць шчасце».