Выбрать главу

Рака жыцця падхапіла Жураўскага, як трэску, і панесла па сваёй стромкай плыні, і яму не хацелася нават рукой паварушыць, каб нешта змяніць, прыбіцца да берага. Ён жыў, як гультаяваты закормлены кот: спакойна, бестурботна і дагледжана; дазваляў сябе лашчыць, прыбіраць за сабой,— адпачываў душой ад калатэчы свайго не такога і далёкага мінулага. Мяккі махровы халат, зручны таршэр каля тахты, кубачак духмянай кавы, цыгарэта, мілая пяшчотная жанчына, якая спяшаецца ўгадаць кожнае тваё жаданне,— што яшчэ чалавеку трэба…

Бюлетэнь скончыўся, ён пачаў хадзіць на работу, атрымаў зарплату, пераслаў па пошце Валянціне трыццатку для Андрэя, астатнія аддаў Алачцы, пакінуў сабе толькі на цыгарэты. Пасля работы яны сустракаліся на Цэнтральнай плошчы і ішлі дадому пехатой, доўга гулялі па ціхіх зялёных вулачках Старажоўкі, часам, калі паказвалі цікавы фільм, заходзілі ў кіно, дома вячэралі, сядзелі якую гадзіну перад тэлевізарам і клаліся спаць.

Ад такога жыцця Жураўскі нават таўсцець пачаў, раптам заўважыў, што стаў пукаціцца звычайна пляскаты, як дошка, жывот, і прымусіў сябе штораніцы бегаць трушком — ад лішняй вагі, ад інфаркту і ліха ведае ад чаго яшчэ.

Як гэта ні дзіўна, але Лаўрыновіч нікому не расказаў пра тое, што з Арсенам адбылося, відаць, і Алачка не афішыравала іх адносіны. У выдавецтве пра яго сямейныя справы ніхто нічога не ведаў, як і ў яе газеце, прынамсі, знаёмыя не дакучалі роспытамі. Думаць пра развод, пра падзел было агідна, Алачка ніколі не гаварыла з ім на гэту тэму, не падганяла, відаць, і Валянціну развод не дужа турбаваў. Рака жыцця, некуды ж вынесе…

На пачатку ліпеня яны ўзялі адпачынак і паляцелі ў Крым, у Кактэбель — урачы параілі Жураўскаму пагрэцца на паўднёвым сонейку, ды і Алачцы, ён адчуваў, трэба было адпачыць.

Белая мазанка, дзе яны знайшлі прытулак, стаяла ў садзе, праз расчыненае акно было відно мора, зеленаватае, як бутэлечнае шкло, і палоска пляжа, густа абжытаяя людзьмі, што нядаўна прыехалі, яшчэ белымі, як смятана, і «ветэранамі», што паспелі ўжо спусціць не адну скуру.

I Жураўскі ажыў. Ён зноўку адчуў сябе маладым і дужым, цэлыя дні плаваў з Алачкай навыперадкі, вучыў яе катацца на водных лыжах, пацягнуў на гару Валошына; пабраўшыся за рукі, яны хадзілі на базар па чырванашчокія памідоры, зялёныя, у пупырышках, гуркі і салодкую, як мёд, чарэшню. Алачка прыхапіла з сабою фотаапарат, старэнькі «ФЭД», сумку плёнак і бясконца шчоўкала: Арсен на пляжы, у садзе, на ганку іхняга доміка, каля куста шыпшыны — ніколі ў жыцці яго столькі не фатаграфавалі, ён наогул не любіў фатаграфавацца, але не гаварыў ёй пра гэта, каб не пакрыўдзіць: чым бы дзіця ні цешылася. Алачка і яго заразіла гэтай турысцкай страсцю, і Арсен фатаграфаваў яе, і нейкія вяселыя хлопцы — а летам на моры шмат вясёлых хлопцаў — фатаграфавалі іх абаіх.

— Навошта гэта табе? — неяк спытаў Арсен, калі яна важдалася з апаратам, у якога заела затвор.

Алачка адкінула з твару валасы і сумна ўсміхнулася:

— На ўспамін. Ты кінеш мяне, а ўспамін застанецца. Некалі я стану старэнькай бабуляй, дастану здымкі і ўспомню, якая я была шчаслівая.

Жураўскі не захацеў пераконваць яе, гаварыць пра вечнае каханне. Навошта?.. Адвярнуўся, пацёр хустачкай вока, быццам туды трапіла парушынка. Як мала трэба чалавеку для шчасця, з нечаканай тугой падумаў ён, як мала і як многа...

Ён жыў як перад канцом свету — паспешліва, узбуджана, хваравіта, нервова, быццам нейкі чарвяк тачыў яго, і сам не разумеў, што з ім адбываецца. Аж пакуль не ўбачыў каля пошты жанчыну нечым падобную на Валянціну,— і як быццам з разбегу ў бетонны слуп урэзаўся. Усё знікла, усё памерла: бляск сонца і адвечны шум мора, горы на гарызонце ў фіялетавай смузе, прахалода цеснага пакойчыка з адчыненым у сад акном, гарачыя Алаччыны рукі; да яго быццам зноў вярнулася хвароба, яшчэ больш цяжкая, чым тая, на якую ён перахварэў, бо тады балела цела, а цяпер забалела душа. Цяпер ужо ўсе жанчыны сталі надобныя на Валянціну, а ўсе хлопчыкі — на Андрэя, і ён адчуў, што вось гэта — сапраўды канец. Заставалася толькі адно: устаць раненька, пакуль Алачка яшчэ спіць, падсунуўшы кулачок пад шчаку, заплыць у мора як мага далей, выдыхнуць з лёгкіх паветра і каменем пайсці на дно.

Жураўскі зрабіўся панылы і маўклівы. Нішто болей не цешыла, нічога не хацелаея. Дарэмна Алачка старалася разварушыць яго, цягала на экскурсіі, на канцэрты славутых гастралёраў, у рэстараны — у яго было такое адчуванне, што ён аслеп і страціў слых. Мёртвы свет без фарбаў і без гукаў ляжаў навокал, і ён адчуваў сябе ў гэтым свеце мерцвяком. У дадатак навалілася бяссонніца. Ночы навылёт Арсен ляжаў на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, і да малінавых кругоў перад вачыма глядзеў у столь. Столь была аклеена старымі пажаўцелымі газетамі, прачытаць у цемнаце, што там напісана, было немагчыма, ды і што ён мог там вычытаць пра сваю тугу, пра гаротны свой лёс. «Арсен, дзе ты? — прыціскаючыся да яго гарачым целам, шаптала Алачка.— Адгукніся, Арсен…» Але ён маўчаў. Ён быў далёка, бясконца далёка адсюль. I там, у тым свеце, дзе ён быў, уладарылі Валянціна і Андрэй, і больш ні для каго не заставалася месца. Кусаючы вусны, каб не плакаць, Алачка адсоўвалася ад яго і горка пытала: «За што? Што дрэннага я табе зрабіла?» Ён маўчаў. А што ён мог сказаць…