Выбрать главу

Нарэшце яна не вытрымала: дастала з-пад ложка чамадан, стрымана сказала:

— Едзь, Арсен. 3 ёю табе дрэнна, а без яе яшчэ горш. Ты няшчасны чалавек, мой мілы, ні з кім і ніколі табе не будзе добра. А няшчасце — як кароста, заразнае. Толькі каросты мне і не хапала…

Жураўскі сядзеў на ложку і ўважліва вывучаў насы сваіх чаравікаў, абадраных аб каменні. Калі Алачка змоўкла, ён устаў і ўзяў свой чамадан. Маршчыны на яго твары разгладзіліся, вочы ажылі. Шумна, як конь, уцягнуў у сябе паветра і адчуў, што яно пахне соллю, і ёдам, і гнілымі водарасцямі.

Алачка стаяла каля адчыненага акна і глядзела на мора. Арсен схіліў галаву, пацалаваў ёй руку і пайшоў з хаты. Яна нават не азірнулася. Яна ўжо ведала, што нейкая часцінка яго назаўсёды засталася з ёю — Алачка чакала дзіця.

Жураўскі прыляцеў у Мінск вечарам. Пакуль дабраўся з аэрапорта дадому, ужо добра сцямнела. Адчуваючы, як моцна калоціцца сэрца, ён падняўся на свой паверх, дастаў з кішэні ключ. Усю дарогу Арсен трымаў гэты ключ у руках, гэта быў яго талісман, яго апошняя надзея. Якое шчасце, што я не выкінуў яго, думаў ён, а ў яго дрыжалі рукі, і ключ ніяк не трапляў у шчыліну,— я ж хацеў выкінуць яго, колькі разоў хацеў, а не выкінуў, якое гэта шчасце… Хоць бы Андрэя не было дома, як я пагляджу яму ў вочы, Валянціне я неяк пагляджу, а вось яму як… Хоць бы ён загуляўся ў сяброў, а можа, ён наогул у пінерскім лагеры… божа, збаў мяне ад выпрабавання дзіцячымі вачыма!

Нарэшце замок суха шчоўкнуў і Жураўскі зайшоў у сваю кватэру. Паставіў чамадан. Праз шкло дзвярэй было відаць, што ў пакоях цёмна, што там нікога няма. Святло цадзілася толькі з калідорчыка, які вёў на кухню.

Ногі наліліся свінцом. Цяжка ступаючы, ён мінуў прыхожую, калідорчык і адчыніў дзверы на кухню.

Валянціна стаяла каля пліты, завязаўшы валасы касынкай. Яна падняла галаву на тоненькі скрып дзвярэй, убачыла яго, і ні адна жылка не ўздрыгнула на яе спакойным засяроджаным твары.

— А-а, гэта ты? — сказала яна, быццам ён вярнуўся з работы або з магазіна, куды сама яго паслала паўгадзіны назад.— Мый рукі і садзіся за стол, будзем вячэраць. Я якраз катлетаў насмажыла цэлую гару. Заўтра паедзем дя Андрэя ў Стайкі і яму адвязём.

Паслухмяна, як хлапчук, ён пайшоў у ванную, зняў пінжак, падкасаў рукавы кашулі, з шумам пусціў ваду. І застагнаў, споўз на халодную падлогу ад пранізлівага болю.

Праз нейкі час Алачка Чмялёва перайшла са сваёй газеты ў выдавецтва, дзе працаваў Арсен Жураўскі. Сустрэліся яны як старыя знаёмыя. Ніякай віны сваёй перад ёю Жураўскі не адчуваў: ён ужо даўно ведаў, што добрымі намерамі забрукаваны дарогі ў пекла.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

1

У ардынатарскай было душна. Чумакоў устаў, адчыніў акно. Прагна, аж галава закружылася, удыхнуў цёплае духмянае паветра.

Бясконцы майскі дзень дагараў. Неба ўвачавідкі цямнела, на ім вясёлым рабаціннем высыпалі першыя зоркі. Цвіў бальнічны сад, белыя і ружовыя яблынькі мякка свяціліся ў шэрым паўзмроку. Было ціха, нават птушкі замоўклі. Апусцелі алеі, альтанкі, лавачкі, хворыя разышліся па палатах. У клінічных карпусах запаліліся агні. Неяк зусім недарэчна ў гэтай насцярожанай цішы загудзеў матор. Віскнуўшы тармазамі, на пляцоўцы каля паліклінікі шынілася блакітная «Волга» прафесара Карпенкі.

3 усіх медыцынскіх і немедыцынскіх навук прафесар Генадзь Васільевіч Карпенка найбольш паважаў статыстыку. Ён даўно ўжо засвоіў для сябе простую ісціну, што начальства мяркуе пра тваю работу не па тым, як ты сапраўды працуеш, а па тым, якую даеш справаздачу. Галоўнае, каб лічбы былі ў ажуры, каб цешылі кіруючае вока, астатняе — дробязі.

Адной з галоўных лічбаў, што характарызавалі работу анколагаў, быў працэнт смяротнасці. Узначаліўшы аддзел радыёхірургіі, Карпенка павёў на гэты працэнт рашучы наступ і за два гады работы дасягнуў такіх бліскучых вынікаў, што яго імя сталі з павагай называць на розных нарадах далёка за межамі інстытута.