Выбрать главу

Калі гэта здарылася? У маі… Таксама ў маі. Семнаццаць год назад. Тады яму было дваццаць сем, ён заканчваў работу над кандыдацкай дысертацыяй. Папярэдняя абарона была прызначана на жнівень, і ён спяшаўся: проста з работы бег дадому і ледзь не да раніцы сядзеў за сталом, абвязаўшы галаву мокрым ручніком,— апрацоўваў матэрыялы, выкрэсліваў графікі, вычытваў перадрукаваныя на машынцы старонкі. Жыў ён разам з маці ў невялікім драўляным доме на Грушаўскім пасёлку. У доме былі два пакоі і кухня, пабудаваў яго бацька Чумакова перад самай вайной, адсюль ён пайшоў на фронт, тут ён і памёр ад старых ран восенню сорак дзевятага. Тут, у цесным дворыку, дзе раслі старая ліпа і некалькі кустоў бэзу, а пад вокнамі аж да першых халадоў цвілі вяргіні, прайшло дзяцінства Аляксея Пятровіча. Кожная маснічына ў гэтым доме, кожная бэлька, нават драпіна на падаконніку былі дарагія і блізкія, захоўвалі цяпло бацькавых рук, памяць аб ім. Аляксей Пятровіч і ўрачом вырашыў стаць яшчэ тады, як сядзеў начамі каля татавага ложка разам з маці, якая працавала медсястрой у чыгуначнай клініцы.

Ён працаваў — удакладняў разлік часу, за які прэпарат радыёактыўнага золата выводзіцца з арганізма хворага, і нават не пачуў, калі Ірына ўвайшла ў пакой. Проста раптам за спінай тоненька заплакала маленькае дзіця, і ён ад нечаканасці выпусціў з рук аловак, азірнуўся і ўбачыў яе. Яна стаяла, прыхінуўшыся да вушака, відаць, знясіленая, і трымала на руках скрутак; менавіта адтуль даносіўся тоненькі і жаласны дзіцячы плач.

— Даруйце, калі ласка,— сказала Ірына і адвяла рукой пасмы валасоў з твару — прыгожыя ў яе былі валасы, колеру спелай жытнёвай саломы, густыя, доўгія. Разгледзеў ён гэта пазней, а тады валасы былі шэрыя, мокрыя ад дажджу, які паціху лапатаў у лістоце ліпы, змываў пыл з бэзавых кустоў. Ірына ўся вымакла, відаць, доўга хадзіла па вуліцы без парасона, прыкрываючы кофтай скрутак з дзіцем; калі яна адкінула з твару валасы, Аляксей убачыў, што вочы ў яе блішчаць, як у зацкаванага звярка. Ён яшчэ прафесійна падумаў, што ў яе, відаць, паднялася тэмпература, адсюль і бляск вачэй і чырвоныя плямы на твары.— Можа, вы здаяце пакой? Ці хоць які куток? Нам з сынам зусім няма дзе жыць…

— Не,— разгублена адказаў ён.— На вялікі жаль… Прабачце, мы ніколі не трымалі кватарантаў. Хатка такая маленькая…

Ён падумаў, што ёй гэта маленькая хатка, напэўна, здаецца сапраўдным палацам, і міжволі пачырванеў: ах ты, ханжа няшчасны, як жа табе не сорамна! Два покоі, кухня метраў на восем, сенцы — маленькая…

— Што ж, шкада,— сказала яна.— Тады, можа, вы мне дазволіце перапавіць малога? Ён зусім прамок, хоць бы не прастудзіўся.

— Калі ласка,— адказаў Аляксей і згроб з канапы свае кніжкі.— Вось тут…

Ірына, пахістваючыся, прайшла цераз пакой, паклала дзіця на канапу. Ён пераставіў крэсла і, каб не бянтэжыць яе, паспрабаваў зноў паглыбіцца ў свае падлікі, але лічбы блыталіся, утваралі нейкія неверагодныя камбінацыі. Дзіцячы плач за спінай змоўк, пачулася ціхае сапенне і чмоканне. Аляксей пашкадаваў, што маці на дзяжурстве, яна лёгка і проста знайшла б выйсце з гэтай непрыемнай сітуацыі. Вядома, спасылка на тое, што хата маленькая,— глупства. Проста ў іх няма ніякай патрэбы трымаць кватарантку, ды яшчэ такую… з грудным дзіцем. Шкада жанчыну, якой у такім становішчы трэба некуды ісці на ноч гледзячы, але ж свет вялікі, усіх не пашкадуеш. Яму трэба працаваць, вось што галоўнае, трэба заканчваць дысертацыю, а ён ужо так стаміўся, што нават галёканне хлапчукоў, якія ганялі мяч на вуліцы, выклікала ў яго прыступы галаўнога болю, не хапала яму яшчэ піску малога. Потым ён нечакана знайшоў памылку ў сваіх падліках, захапіўся работай і проста забыўся на сваю нечаканую госцю. Абудзіўся ён ад стуку, павярнуўся і ўбачыў, што жанчына звалілася з канапы і ляжыць на падлозе. Аляксей кінуўся да яе. Так і ёсць: самлела. Паклаў руку на лоб, лоб гарачы, тэмпература, пэўна, пад сорак. Намацаў пульс. Пульс быў як тоненькая нітачка — вось-вось абарвецца. Жанчына дыхала цяжка, перарывіста, дыханне павярхоўнае, хрыплае. «Тыповае запаленне лёгкіх,— падумаў ён.— Што рабіць? Выклікаць «хуткую дапамогу»? А куды ж тады дзіця? Хутчэй бы прыйшла мама!»

Аляксей кіпяціў шпрыц, калі маці вярнулася з дзяжурства. Яна здзіўлена паглядзела на сына, на маладую жанчыну. Аляксей перанёс дзіця на крэсла: накормленае, перапавітае, яно цяпер соладка спала там, а жанчыну паклаў на канапу і накрыў коўдрай. Маці ўсё зразумела з першым жа слоў і спакойна, без мітусні ўзялася за работу. Выгнала Аляксея ў свой пакой, распранула Ірыну, зрабіла ўкол, каб збіць тэмпературу і стымуляваць сардэчную дзейнасць, потым пайшла на кухню варыць манную кашу, каб было чым накарміць дзіця, калі яно прачнецца.