Выбрать главу

«А можа, гэта яго лёс?» — з надзеяй падумала яна, убачыўшы непрытомную маладую жанчыну на канапе і маленькае дзіця на крэсле,— і ўзялася гэты лёс ратаваць.

Назаўтра раніцай выклікалі тэрапеўта. Ён пацвердзіў дыягназ, які паставіў Аляксей, выпісаў лекі, прапанаваў пакласці хворую ў бальніцу, а дзіця адвезці ў Дом дзіцяці. Аляксей запытальна паглядзеў на маці, яна адмоўна пакруціла сівой галавой: ты — урач, я — медсястра, няўжо мы не справімся са звычайным запаленнем лёгкіх? У мяне дзесяць дзён адгулаў, ды і наогул, як мы будзем жыць, калі выкінем з дому чалавека, які трапіў у бяду?.. Бацька нам гэтага ніколі не дараваў бы.

Аляксей паехаў на работу, пасмейваючыся з матчынага альтруізму, але неяк нязвыкла радасна было ў яго ў той дзень на душы. Ён тлумачыў сабе гэта тым, што нарэшце пайшлі падлікі і за некалькі гадзін удалося зрабіць тое, над чым біўся цэлы тыдзень, але адчуваў, што гэта нешта іншае, чаму яшчэ і назвы няма: проста стракацелі перад вачыма пялёнкі-распашонкі, развешаныя на кухні, абуджалі пачуццё замілавання, якое ён так рашуча спрабаваў выкрасліць са свайго жыцця. Нейкія глупствы лезлі ў галаву, вершы нейкія, і чамусьці хацелася ўсім гаварыць добрыя словы. Чумакоў некалькі разоў лавіў на сабе недаўменныя позіркі супрацоўнікаў, якія прывыклі да яго вечнай засяроджанасці, замкнёнасці, і пасмейваўся: чалавек — заўсёды загадка, вось так, мае даражэнькія! Самая найвялікшая загадка ў сусвеце — чалавек!

Дадому ён вярнуўся позна, затрымаўся ў эксперыментальнай аперацыйнай: зноў і зноў адпрацоўваў на сабаках метады ўнутрывеннага ўвядзення прэпарата. Дзіця і Ірына спалі, маці сказала яму, што тэмпературу ўдалося трохі збіць, хворая адчувае сябе лепей, больш не трызніць, але вельмі слабая. Вячэралі, як звычайна, удваіх на кухні. Яна зноў, як карабель сцягамі, была ўпрыгожана дзіцячымі рэчамі. Аляксей заўважыў, што іх стала куды болей, чым учора. Маці перахапіла яго позірк і ўсміхнулася: паслала суседку сёе-тое купіць, маладая кабета пакінула свой чамадан у камеры захоўвання, не бегчы ж мне ў тую камеру… Пакуль Аляксей вячэраў, маці расказала яму, што жанчыну завуць Ірынай Мікалаеўнай Бурачэўскай, а хлопчыка Сярожам (Аляксей яшчэ не ведаў, што гэта — хлопчык, чамусьці навіна ўзрадавала яго, хоць ён і пастараўся не паказаць выгляду), што яна — студэнтка другога курса філалагічнага факультэта педінстытута. Коратка пераказала яму Ірыніну гісторыю: спакусіў нейкі нягоднік-аспірант, а калі зацяжарала, кінуў; выселілі з інтэрната, абвінавацілі ў разбэшчанасці,— адмовілася сказаць, ад каго чакае дзіця (як быццам гэта магло нешта змяніць!); заўчасныя роды, два месяцы ў бальніцы, затым трохі пажыла ў сяброўкі па курсе. А тут да сяброўкі жаніх прыехаў, пакой адзін, што ж ты будзеш рабіць… Пайшла шукаць які куток, тры дні хадзіла; як убачаць, што з дзіцем,— ніхто браць не хоча, начавала на вакзале, пялёнкі на сабе сушыла, вакол цела абгортвала, відаць, прастудзілася… Бацька загінуў на вайне; недзе ў Нароўлі жыве маці з другім ці то з трэцім мужам, там Ірына нікому не патрэбна, ды і сорамна вяртацца туды, дзе цябе ведалі. Хоча перайсці на завочнае і ўладкавацца на работу ў дзіцячы садзік, каб быў дагледжаны малы…

— Дзевятнаццаць год, а ўжо столькі гора паспытала,— уздыхнула маці.— Прыгожая… Памыла сёння галаву, валасы расчасала — такія залатыя, аж быццам у хаце святлей стала… Багатыя валасы… А хлапчанё — я яшчэ такіх і не бачыла. Моцненькі, чысценькі, што табе грыбок-баравічок. А вочкі сіненькія-сіненькія…

Яны сядзелі на кухні і ціхенька размаўлялі, праўду кажучы, гаварыла толькі маці, а Аляксей слухаў і маленькімі глыткамі адпіваў гарачы духмяны чай. А за тонкай перагародкай, што аддзяляла кухню ад пакоя, спалі маладая прыгожая жанчына з багатымі залатымі валасамі і яе сінявокі сын — як падарунак гаспадарам за ўсе пакуты, што яны паспелі зведаць у жыцці.