Пасмейваючыся са сваіх думак, ён доўга бадзяўся па магазінах выбіраў каляску, пакуль не знайшоў тое што трэба: нікель, блакітная абшыўка, тоўстыя белыя колы, трохкутная бірачка: «Зроблена ў ГДР». Няўжо немцы любяць дзяцей больш, чым мы? Чаму ў іх усё — каляскі, цацкі, адзенне, абутак — усё, што выпускаецца для дзяцей, такое прыгожае, яркае, святочнае, а ў нас часам такое шэрае, сумнае, нязграбнае?.. Што гэта — абыякавасць — усё купяць, што ні дай! — ці нешта іншае, нізкая культура працы, напрыклад? Умеем жа мы будаваць касмічныя караблі, атамныя ледаколы, а як зробім дзіцячую каляску, дык на яе глядзець брыдка. Хоць ты каня запрагай гной вазіць.
Аляксей доўга прастаяў са сваім бліскучым цудам на стаянцы таксі: нават падумаць было страшна, каб везці каляску дадому сваім ходам па людных гарадскіх вуліцах. Ці мала там знаёмых, дык што ж, ад кожнага прымаць віншаванні, кожнаму тлумачыць, што каляска не мае да цябе дачынення, чырванець ад няёмкасці?! Гары ты ясным агнём! Прывёз пад самыя вароты, сабраў у двары, падкаціў пад ганак: на, мамачка, калі табе так хочацца, на большае маёй дабраты ўжо не хопіць!
Каляска Галіне Аўдзееўне спадабалася, яна працерла яе чыстай анучкай, зрабіла пасцельку, вынесла дзіця і пайшла з ім гуляць, Аляксею ж наказала даць Ірыне лякарствы, як прачнецца, і напаіць гарачым чаем з малінай.
Потым ён часта думаў: была б маці гэтакай жа добрай і спагадлівай да чужой жанчыны, каб не ўскладала на яе пэўныя спадзяванні, каб не звязвала ў думках іх лёсы? Ну, налрыклад, каб ён жыў з Марынай Пракопчык і ў іх ужо было сваё дзіця або двое,— што, яна таксама ўзваліла б на свае не надта дужыя плечы гэтакі клопат ці ўсё-ткі адправіла б хворую на «хуткай дапамозе» ў бальніцу, а дзіця — дзе даглядаюць такіх дзяцей? Ці ўсё ж пакінула б у сябе і спала на раскладушцы, і мыла пялёнкі, і карміла з лыжачкі… I кожны раз упэўнена адказваў сабе: пакінула б — і гэта напаўняла яго сэрца жалем і тугой па непапраўнай страце. Усё жыццё яго маці адчувала сябе не медыцынскай — міласэрнай сястрой, сястрой усіх гаротнікаў на свеце, гэта была галоўная рыса яе характару, гэта вызначыла і асвятліла ўсё яе кароткае жыццё…
3
Ноч плыла над светам, над горадам, над анкалагічным інстытутам, ціхая зорная ноч. Поўня масленым блінам выкацілася з-за лесу і пакацілася паціху ў неба, заліўшы зямлю халодным адлюстраваным святлом. Вострыя праменьчыкі заблішчалі ў буйной расе на яшчэ кволых лісціках яблынь; абцяжараныя белым кіпенем, яны стаялі роўнымі радамі на прасторным пляцы паміж клінічным корпусам і корпусам высокіх энергій, і Чумакоў глядзеў на іх, седзячы каля адчыненага акна, і грэў рукі шклянкай чаю, якую прынесла яму дзяжурная медсястра рэанімацыйнага аддзялення Альбіна Фамінічна Ракіта,— больш за пятнаццаць гадоў яны працавалі разам. Ён паважаў гэтую ціхую працавітую жанчыну з нялёгкім лёсам — яе муж перанёс цяжкі інсульт і ўжо гадоў пяць ляжаў У ложку паралізаваны, у яго адняло мову. Альбіна Фамінічна разрывалася паміж домам, дзе, акрамя інваліда-мужа, было яшчэ трое дзяцей, і работай, і ў Чумакова было адчуванне, што яна ўсюды паспявае, хаця ён разумеў, чаго гэта ёй каштавала. «Гаротніца…» — гаварыла пра такіх жанчын яго маці, яна і сама была гаротніцай, шкада толькі, што Чумакоў позна пра гэта здагадаўся.
Чай быў моцны, гарачы, шклянка апякала рукі, а з адчыненага акна, з глыбіні саду востра цягнула халадком, і Чумакоў пажалкаваў, што не апрануў пад халат пінжак. Вядома, можна было зачыніць акно і зноў апынуцца ў прывычным цяпле, якое пахла лекамі, чалавечым потам і нясвежай бялізнай, але ў Чумакова чамусьці разбалелася галава, відаць, ад успамінаў, і яму не хацелася ў гэтае прывычнае цяпло.
Вось тут, на чацвёртым паверсе, які займалі рэаніматары, у маленькім вуглавым пакойчыку памірала ад рака страўніка яго маці Галіна Аўдзееўна Чумакова.
Маці захварэла знячэўку. Гэта было як гром з яснага неба. Літаральна праз некалькі дзён ён ужо ведаў, што яна асўджаная, што выратаваць яе не удасца.
Да таго часу Ірына пражыла ў іх каля года. Паправіўшыся, яна ўладкавалася на работу ў дзіцячы садзік і хадзіла туды разам з Сярожкам; здаралася, Аляксей тыдням не бачыў іх. Ён абараніў дысертацыю, работы было многа і Чумакоў радаваўся гэтай рабоце, таму што яна пазбаўляла яго ад неабходнасці думаць, засяроджвацца на самім сабе. Дамоў ён прыходзіў позна і такі стомлены, што, перамовіўшыся з маці і Ірынай некалькімі словамі, кідаўся ў пасцель і засынаў як забіты. Нават Сярожка не перашкаджаў яму, хлопчык рос надзіва спакойны. Ні Ірына, ні Аляксей не рабілі ніякіх крокаў да збліжэння, адно жылі побач, як жывуць у камунальнай кватэры знаёмыя, але чужыя людзі.