Зблізіла іх хвароба маці. Ён быў так заняты сабой і сваёй работай, што нават не заўважыў, як маці пачала таяць. Яна і да хваробы была хударлявая, а тут дык зусім змарнела, і Ірына неяк звярнула на гэта яго ўвагу.
— Аляксей Пятровіч,— сказала яна,— ваша мама цяжка хворая, няўжо вы гэтага не бачыце?!
Пройдуць гады, а ён так і не даруе сабе гэтага — як гэта я, урач-анколаг, кандыдат медыцынскіх навук, не заўважыў пачатку яе хваробы?! Так, яна ніколі ні на што не скардзілася, ніколі не хварэла, у яе проста не было часу хварэць, але ж я не вачыма — сэрцам павінен быў убачыць, адчуць, што з ёю адбываецца нешта страшнае, і, магчыма, яе яшчэ ўдалося б уратаваць, а я не адчуў гэтага і не ўбачыў, закаваны ў браню ўласнага эгаізму. Я быў так заняты самім сабой, сваёй працай, сваімі перажываннямі, што нічога не адчуў і не ўбачыў, маці здавалася мне вечнай, як трава, як зямля, як сонца ў небе, а яна ўжо ступіла за тую мяжу, адкуль не вяртаюцца, і ніводным словам, ніводным стогнам не патрывожыла мой сыты спакой.
Ірына аддала Сярожку ў кругласутачную групу і кожны дзень пасля работы прыязджала ў клініку. Дзе яна толькі брала ўсе тыя апельсіны-мандарыны, вінаград, памідоры, ікру, Аляксей не ведаў; таго, што яна прывозіла, хапала на ўсю палату, а калі ён неяк прапанаваў ёй грошы, яна з такой знявагай паглядзела на яго, што ён аж уздрыгнуў — быццам па твары мокрай анучай пляснула. Яна счарнела за тыя два месяцы, што памірала Галіна Аўдзееўна, і цяпер, калі ён глядзеў на Ірыну, гарачы камяк удзячнасці забіваў яму горла.
За некалькі дзён да смерці, нібы прадчуваючы канец, маці знакам паказала яму нахіліцца, абняла кволай рукой за шыю і ледзь чутна сказала:
— Пакахай яе… Чуеш?.. Пакахай яе і ажаніся з ёю... у яе залатое сэрца, павер мне, гэта твой лёс, лепшай жанчыны ты ніколі не знойдзеш. Аднаму нельга жыць, ажаніся з ёю, і тады мне будзе лёгка там…
Некалькі дзён пасля пахавання ён не прыходзіў дадому — баяўся. Спаў у лабараторыі, на мулкай канапцы, наглытаўшыся снатворнага. Потым яму перадалі, што званіла Ірына, прасіла прыйсці.
Яна сядзела на кухні каля стала, у адчаі звесіўшы рукі. Чорная сукенка, у якой была на могілках, чорная капронавая касынка, заўсёды карыя, а цяпер чамусьці чорныя, як вугаль, вочы. Сярожка касалапа тэпаў вакол яе, чапляўся за табурэткі, нешта сам сабе гаварыў. На кухні было холадна, хаця каля грубкі ляжала бярэмя дроў; відаць, у Ірыны не хапіла сілы, каб распаліць агонь. Алякеей увайшоў, ціха павітаўся. Яна зябка павяла плячыма, уздыхнула.
— Вось і добра, што вы прыйшлі, а то я не ведала, што рабіць з ключамі.— Убачыла яго разгублены, недаўменны позірк, растлумачыла:— Я знайшла сабе пакойчык тут, непадалёку, на вуліцы Дзекабрыстаў, а пераходзіць баялася, не ведала, дзе схаваць ключы.
— Навошта гэта табе? — сказаў ён, нават не заўважыўшы гэтага нечаканага «ты», і ўзяў Сярожку на рукі.— Хіба вам цесна ў пакоі, дзе вы жывяце? Ну і жывіце сабе на здароўе. Я і раней бываў мала дома, ты ж ведаеш, а цяпер буду яшчэ меней — работа… Навошта табе нейкі пакойчык на вуліцы Дзекабрыстаў?
Ірына нервова прыціснула вузкія рукі да скроняў. Скура ў яе была тонкая, празрыстая, пад ёю рэльефна выступала кожная жылка.
— Дзякуй вам, Аляксей Пятровіч, за дабрату, але я больш не магу тут заставацца. Пакуль была жывая Галіна Аўдзееўна… А без яе… Я не магу і не хачу ставіць і вас, і сябе ў няёмкае становішча.
— У якое такое становішча? — не зразумеў ён.— У вас асобны пакой, і ў мяне асобны пакой, якая тут можа быць няёмкасць? Сярожка! Ах ты, разбойнік ты гэтакі! Ты ж мне вуха адарвеш! Пусці…
Сярожка залівіста засмяяўся, яго ўжо даўно не палохаў грозны голас Аляксея Пятровіча. Схапіўшыся за другое вуха, ён прыціснуўся сваёй шчочкай да няголенай шчакі Чумакова і звонка сказаў:
— Тата, букі-бук!
Ірына выхапіла малога ў яго з рук, на бледным твары яе запаліліся чырвоныя плямы. Сярожка заплакаў.
— Прабач,— сказаў Чумакоў, пасунуў нагой табурэт і сеў, паклаўшы на стол цяжкія рукі.— Цяпер я разумею, што ты называеш няёмкім становішчам. Табе маці расказвала, чаму мы разышліся з Марынай? — Ірына кіўнула.— Разумееш, мне зусім не хочацца перажыць такое яшчэ раз, надта ж многа душэўнай энергіі гэта каштуе. Я не адчуваў да цябе ніякіх пачуццяў, акрамя ўдзячнасці за тое, што ты сагрэла апошнія месяцы жыцця маці; даруй за прамату, але ў маім становішчы маніць нельга. Справа тут не ў табе, а ў тым, што я прымусіў сябе наогул не глядзець на жанчын, і ты не выключэнне. Можа, пазней, хто ведае… Ва ўсякім разе, я пастараўся б стаць табе добрым мужам, а Сярожку — добрым бацькам. Толькі не трэба патрабаваць ад мяне больш, чым я магу. У нас ніколі не будзе дзяцей, і я хачу быць упэўнены, што ты ніколі не папракнеш мяне ў гэтым. Ты — вольны чалавек, і калі звяжаш сваё жыццё з маім, ты ўсё роўна застанешся вольнай у кожным сваім кроку, кожным учынку. Я буду патрабаваць толькі аднаго — сумленнасці і такой жа сумленнасцю буду плаціць. Калі табе гэта падыходзіць, заставайся, мы пажэнімся, я ўсынаўлю Сярожку, будзем паціху жыць. Калі не — можаш ісці на другую кватэру, відаць, гэта будзе правільна.