Яна слухала яго, закрыўшы рукамі твар, і бязгучна плакала: слёзы цяклі па пальцах.
— Чаго ты плачаш? — з болем сказаў ён.— Чаго ты плачаш, дурненькая? Шкадуеш сябе? Не трэба сябе шкадаваць, у цябе яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Ты яшчэ сабе такога хлопца знойдзеш…
— Што мне сябе шкадаваць,— адказала Ірына, адняўшы ад твару рукі і ўскінуўшы галаву. Чорная касынка саслізгнула на падлогу, і вадаспад залатых валасоў нястрымным патокам паліўся па яе вузкіх худых плячах.— Я цябе шкадую, што мне сябе шкадаваць…
«А надоўга ж хапіла яе шкадавання,— зачыняючы акно, падумаў Чумакоў,— амаль на семнаццаць год. Вунь колькі я быў шчаслівы з ёю, Ну што ж, дзякуй і за гэта. I яшчэ за тое, што пазбавіла мяне ад горшага віду адзіноты — адзіноты ўдваіх».
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
1
Ірына не любіла ўспамінаць мінулае. Што было, тое было, вадой сплыло, быллём парасло. Было ў яе мінулым больш гора, чым радасці, але неяк так атрымлівалася, што найчасцей у гэтым горы была вінаватая яна сама, а каму ж хочацца зноў і зноў адчуваць сябе вінаватым. Але быў адзін дзень, які яна не магла выкрасліць з памяці, хоць і зрабіла б гэта з радасцю,— можа, самы страшны дзень у яе жыцці, калі яна з Сярожам на руках, хворая, брыла з дома ў дом пад дажджом, шукаючы прытулку, і нідзе не магла знайсці яго. Здавалася, у людзей, да якіх яна звярталася, акамянелі сэрцы: ніхто не прапанаваў ёй прысесці, пакуль скончыцца дождж, перапавіць малога, выпіць шклянку чаю, паесці. Не, есці яна не хацела, шклянку б чаю… Гарачага, з малаком. Сярожка выцягнуў з яе ўсе сокі і ўсё хныкаў галодны, а грудзі ў яе былі пустыя, як соска-падманка, якую ён выштурхваў язычком з рота. Яе нават не пускалі далей ганка — паспешліва заварочвалі, як жабрачку, якой няма чаго падаць; яна на ўсё жыццё запомніла тыя чатыры дамы, куды пастукалася, перш чым упасці без прытомнасці на падлогу ў хаце Чумаковых. I як жа радавалася яна, калі бульдозеры крышылі тыя дамы, вызваляючы месца для будаўнічай пляцоўкі! Яна ведала, што справа не ў дамах, а ў людзях, што, перасяліўшыся ва ўтульныя бетонныя і цагляныя гмахі, яны, людзі гэтыя, застануцца такімі ж бяздушнымі і жорсткімі, якімі былі ў драўляных хатах, але была нейкая найвышэйшая для яе справядлівасць у тым, што гэтыя дамы пайшлі пад нож бульдозера, што іх знішчылі разам з сабачымі будкамі, са скляпамі і хлеўчукамі, з яблынямі і грушамі, з гародамі і кветнікамі. Дзень за днём назірала яна, як ідзе няўмольны працэс разбурэння людскіх селішчаў, і ёй хацелася спяваць ад радасці, быццам пякучыя ўспаміны яе маглі знікнуць разам з гэтымі будынкамі. Потым экскаватар выкапаў на месцы былых дамоў вялізную яму, рабочыя пачалі класці бетонныя блокі ў падмурак, і яна зразумела, што падманвала сябе: знішчыць дамы было куды лягчэй, чым успаміны.
Відаць, гэта была выпадковасць, што ажно ў чатырох дамах ніхто не пашкадаваў яе, ніхто не падаў рукі дапамогі, хоць яна памірала ўжо, і не ўбачыць гэта мог толькі сляпы, а тыя, хто паспешліва зачыняў перад ёю дзверы, былі відушчыя. Але гэты выпадак перавярнуў ёй душу. Яна зразумела, што свет — жорсткі, і нават ціхая і шчырая любоў Галіны Аўдзееўны, якая выхадзіла яе, як родную дачку, і дагледзела Сярожку, і аддала ім, чужым, незнаёмым, часцінку сваёй душы,— нават яна не здолела пераканаць яе, што гэта не так. Кожны дбаў пра сябе: гаспадарам, якія не пусцілі яе на парог, не патрэбна была кватарантка з дзіцем, каму патрэбен лішні клопат, калі ў пакойчык можна напхаць пяцёра студэнтаў і атрымліваць з іх у тры разы больш, не чуючы дзіцячага піску, не бачачы пялёнак?! А Галіна Аўдзееўна… I яна дбала пра сябе. Ну не пра сябе, дык пра сына. Ірына зразумела гэта, калі ўжо ў бальніцы Галіна Аўдзееўна расказала пра Аляксея,— чаму яго пакінула жонка. Яна выхадзіла Ірыну, таму што спадзявалася зрабіць з яе жонку для свайго сына, даць яму адразу і жонку і дзіця і дамаглася гэтага.