Выбрать главу

Абставіны былі такія, што лепшага Ірына і чакаць не магла: сур’ёзны самастойны чалавек, кандыдат навук, свой дом, добрая зарплата, не п’яніца і ўжо ж, пэўна, не баб-нік… А дзеці… Яна больш не хацела дзяцей. Хопіць, напакутавалася з адным. Хоць на аборты ганяць не будзе, ды і Сярожка стане яму радней за роднага. I наогул з чалавекам, які адчувае сябе не зусім такім, як іншыя людзі, жыць лёгка, ён ніколі не імкнецца распальваць спрэчкі, заўсёды гатовы саступіць, прамаўчаць…

Яна зрабіла выбар, спакойна і няспешна ўсё падлічыўшы і прааналізаваўшы, і ніколі не шкадавала аб гэтым. Аляксей Пятровіч усынавіў Сярожку, іх дом таксама знеслі, і яны атрымалі вялікую трохпакаёвую кватэру ў мікрараёне, дзе іх ніхто не ведаў, дзе для ўсіх суседзяў Сярожка быў законным сынам Аляксея Пятровіча, і не трэба было думаць, што якая-небудзь злосная баба некалі атруціць яму жыццё, раскажа праўду.

Ірына сумленна выконвала ўмову, якую яны некалі заключылі. Яна была добрай жонкай, добрай маці і добрай гаспадыняй, і Аляксей Пятровіч быў добрым мужам, бацькам і гаспадаром. 3 часам між імі ўсталявалася нешта большае чым каханне, з яго нечаканымі выбухамі, рэўнасцю, пакутамі,— глыбокая павага, цярплівасць, імкненне зразумець другога, зрабіць агульнае жыццё больш утульным, лёгкім і прыгожым.

А потым адбылося такое, чаго абое не чакалі, на што нават не спадзяваліся: Ірына зацяжарала. Яна доўга не гаварыла пра гэта Чумакову не верыла сама сабе. Сказала, калі і ў самой ужо сумненняў не засталося і гінеколаг у паліклініцы пацвердзіла.

Пачуўшы навіну, Аляксей Пятровіч ледзь не ашалеў ад шчасця. Для нейкіх дурных думак месца не было: Ірына не давала для гэтага аніякіх падстаў. Чумакоў верыў ёй, як наогул верыў людзям. Гэта здарылася ў Гомелі, у цёткі Лізаветы. Там, на беразе Сожа, яны з Ірынай і Сярожкам пражылі амаль усё лета, два бясконцыя сонечныя месяцы, першы свой сумесны адпачынак. Не, не зманіў стары Ліхтаровіч, калі напісаў у сваім заключэнні: «біялагічная несумяшчальнасць»; вось праблема, якая яшчэ чакае сваіх даследчыкаў…

Толькі тады Аляксей Пятровіч зразумеў, які цяжкі камень насіў усе гэтыя гады на сэрцы, як нявечыў гэты камень яго характар, яго псіхіку. Якое гэта, аказваецца, шчасце — быць такім, як усе людзі!

Нешта зварухнулася ў яго душы. Цяпер ён не мог глядзець на Ірыну без замілавання. Варта было яму ў час работы на імгненне ўспомніць пра яе, і ў яго пачынала салодка ныць сэрца.

…Яму здавалася, што вогнішча даўно патухла, застаўся толькі сухі шэры попел. Ён і не ведаў, што пад ім хаваюцца некалькі жывых вугольчыкаў. Варта было скразнячку развеяць попел, як вугольчыкі загарэліся. «Пакуль жыву — спадзяюся!» — хто і калі гэта сказаў?..

Скончыўшы завочна інстытут, Ірына некалькі гадоў выкладала ў школе родную мову і літаратуру. Дзеці любілі яе, работа падабалася, адно было кепска — вельмі далёка ездзіць, аж на другі канец горада. Гадзіну туды ды гадзіну назад — жах! — а ўладкавацца дзе бліжэй ніяк не ўдавалася. Ды каб жа час забірала толькі дарога! А класнае кіраўніцтва, піянерскія зборы, горы сшыткаў, бясконцыя нарады, педсаветы, метадычныя канферэнцыі… Кнігу ў рукі няма калі ўзяць, дзяцей у садзік адвесці, людскі абед згатаваць… Аленка расла хваравітая, бюлетэні, даведкі, завуч і дырэктар касавурацца… Маўляў, раўнапраўе, мог бы і муж калі-нікалі пасядзець. Ірыну гэта смяшыла і злавала: што яму — больш рабіць няма чаго?! Яна не хацела, каб Аляксей Пятровіч займаўся хатнімі справамі, не мужчынская гэта работа. Яе дом быў яе крэпасцю, яна добра памятала, як некалі чужыя жорсткія людзі не пусцілі яе на парог, а крэпасці без догляду пачынаюць разбурацца, спачатку неўпрыкметку, а затым усё хутчэй і хутчэй. Ірына не хацела рызыкаваць. Яна кінула школу і ўладкавалася бібліятэкарам у выдавецтве. I з палёгкай уздыхнула. Цяпер у яе быў нармальны рабочы дзень і два выхадныя, якіх яна ніколі не мела ў школе. У абедзенны перапынак яна паспявала пабегаць па суседніх магазінах і купіць усё неабходнае для дома, а ў шэсць трыццаць, забраўшы Сярожку і Аленку з садзіка, ужо была дома.

Звычайна Аляксей Пятровіч званіў, калі збіраўся дадому або затрымліваўся, і да яго прыходу ў яе ўжо быў гатовы стол. Яны абедалі ў зале, хоць муж і пасмейваўся з яе — каму патрэбен гэты парад, маглі б паесці і на кухні, як усе. Але ёй не хацелася — як усе, і яна кожны дзень засцілала стол бялюткім накрухмаленым абрусам, і даставала з серванта стары прыгожы сервіз, які застаўся ад Галіны Аўдзееўны, і сталовае срэбра, і крышталь, і клала каля талерак ільняныя сурвэткі. Аляксей пасмейваўся, але яна бачыла, што гэта прыемна яму — не парад, а клопат, імкненне кожны будзённы дзень ператварыць у маленькае свята. Пасля абеду ён ішоў гуляць з дзецьмі ці зачыняўся ў сваім кабінеце, калі была тэрміновая работа, а Ірына ўсё прыбірала, мыла, ставіла на месцы, уключала тэлевізар або чытала малым казкі.