Яна дорага заплаціла за легкадумства юнацтва і больш гуляць з лёсам у хованкі не хацела.
Прадушыну сабе Ірына давала хіба ў час адпачынку. Апошнія гады адпачывала яна адна, па турысцкіх пуцёўках — хто яго ведае чаму, але ў выдавецтве заўсёды было багата турысцкіх пуцёвак у Крым, на Каўказ, у Прыбалтыку, брала іх звычайна моладзь, але на маршрутах Ірына заўсёды знаходзіла людей свайго веку і нават старэйшых. Ёй падабаліся тлум турысцкіх баз, мільгаценне гарадоў і краявідаў, песні ля кастроў, лёгкія, неабавязковыя адносіны, якія ўзнікалі паміж бадзягамі, што збіраліся з розных куткоў неабсяжнай краіны, кароткія, як хуткацечныя сухоты, абмежаваныя тэрмінам пуцёўкі, раманы. Яны ніколі не мелі працягу, не ўскладнялі яе жыцця дома. Ірына нікому не давала свайго сапраўднага адраса і тэлефона, ніколі не фатаграфавалася на фоне гор, лясоў, мора або гістарычных помнікаў, да якіх такія ласыя турысты. Два-тры тыдні забыцця, два-тры тыдні волі — і зноў спакойнае, наладжанае, прывычнае: дом, муж, дзеці, работа і ціхая ўсмешка ўспаміну — ах, як зіхацеў снег у Дамбаі, якое блакітнае мора было ў Піцундзе, як сеяўся праз пальцы белы пясочак дзюнаў у Майяры…
Аляксея Пятровіча турысцкія вандраванні не спакушалі, адзінае, што хацелася ўбачыць,— гэта возера Байкал, але выбраўся ён туды не хутка. Адпачываў з дзецьмі ў цёткі Літаветы на Сожы, пазней пачаў ездзіць на Чорнае мора ў санаторыі. Спаў, купаўся, загараў, праз два тыдні пачынаў люта сумаваць па доме, па жонцы і дзецях і на трэці, не дабыўшы тэрміну, звычайна ўцякаў — колькі ж можна чалавеку бадзяцца без справы…
2
Ірыне было трыццаць шэсць гадоў, калі яна, нечакана для сябе самой, закахалася ў Арсена Жураўскага.
К таму часу яна ўжо нічым не нагадвала прыбітую горам хударлявую жанчынку-падлетка, якой яе калісьці ўбачыў Чумакоў. Яна сфармавалася, пакруглела, налілася сілай. Нават пачала кожны чацвер галадаць, каб гэта сіла не так нахабна выпірала з сукенкі. Ледзь прыкметна раскосыя, але ад гэтага яшчэ больш прывабныя вочы яе набылі глыбіню ляснога возера, цёмна-карыя, яны лёгка чарнелі, быццам зацягнутыя хмаркай. Яны маглі быць вясёлымі і сумнымі, уважлівымі, цікаўнымі і холадна-абыякавымі, па-дзіцячы наіўнымі і недаверлівымі, маглі прыцягваць і адштурхоўваць адначасова. Толькі пустымі яны ніколі не былі, у іх заўсёды білася жывая думка — адзінае, што робіць чалавечыя вочы па-сапраўднаму прыгожымі.
Карыя вочы ды яшчэ залатыя, колеру спелай жытнёвай саломы, валасы, якія не пасекліся, не парадзелі з гадамі, а ўсё гэтак жа вольна ліліся па плячах, уменне апранацца модна, але не крыкліва, а наадварот, сціпла, з густам, нязменна прыцягвалі да яе ўвагу. У выдавецтве да яе прыятна ставіліся ўсе, ад дырэктара да прыбіральшчыц. Кіраўніцтва паважала яе за тое, што яна ніколі не лезла ў чужыя справы, утрымлівала бібліятэку ва ўзорным парадку, акуратна выконвала ўсё, што ёй даручалі; жанчыны — таму, што не была такой ужо прыгажуняй, каб выклікаць зайздрасць,— пры жаданні кожная магла знайсці ў яе абліччы процьму недахопаў: вунь і вочы касаватыя, а не так ужо гэта і прыгожа, і клубы шырокія, і занадта ж поўныя грудзі, і таўставатыя ногі, і наогул — адна нага левая, а другая правая; мужчыны — за далікатнасць і пачуццё гумару, за хуткасць, з якой яна знаходзіла любую кнігу, любы даведнік, і яшчэ за тое, што яна ўмела слухаць. Слухаць яна ўмела незвычайна, таленавіта, як гаварыў Чумакоў, уся — увага, уся — цікаўнасць, уся — імкненне зразумець, паспачуваць, усміхнуцца, абурыцца… Яна жыла тым, што чула, і такая гама пачуццяў адбівалася ў гэты час на яе твары, у яе вачах, што гэта не магло не расчуліць.
Ірына доўга і настойліва вучылася слухаць. Студэнтка-завочніца, якая марыла толькі аб тым, каб неяк дапаўзці да запаветнага дыплома, яна доўга адчувала сябе побач з мужам, кандыдатам медыцынскіх навук, шэрай нікчэмнасцю. Ну, пра што яна магла з ім гаварыць? Пра Сярожку? Пра тое, што паварыху ў дзіцячым садзіку, дзе ў той час працавала, злавілі, калі яна выносіла ў вядры з памыямі масла і мяса, запакаваныя ў цэлафанавыя мяшэчкі? Пра тое, што дзве гадзіны выстаяла ў чарзе па апельсіны?.. Ёй не было пра што з ім гаварыць, і яна навучылася слухаць. Кожны вечар яна распытвала яго пра інстытут, пра лабараторыю, пра яго работу, пра тое, чым займаюцца яго сябры. Аляксею Пятровічу была прыемная гэта яе цікаўнасць да таго галоўнага, чым ён жыў, і ён расказваў вечары навылёт, часам не заўважаючы, што яна сама за доўгія гадзіны не сказала ні слова, толькі прасіла растлумачыць той ці іншы тэрмін. Ён злаваўся: «Гэта ж зразумела нават першакурснікам!» — «Медыкам,— спакойна адказвала яна.— А я — філолаг». Ён спахопліваўся і прасіў прабачэння або проста абдымаў яе.